Hamster Kombat — новая гульня-клікер, якая зьявілася ўвесну і пачала масава набіраць папулярнасьць. Сёньня ў яе гуляе больш за 150 мільёнаў карыстальнікаў. Гульня рэалізаваная як бот у Telegram, ставіць на смартфон нічога ня трэба. Яна адкрываецца проста па спасылцы ў мэсэнджары. Гульцу трэба клікаць на хамяка на сваім тэлефоне, за гэта ён атрымлівае віртуальныя манэты. За іх можна рабіць паляпшэньні ў гульні. Таксама бонусы даюць за прывод новых сяброў, падпіску на сацыяльныя сеткі праекту ды іншае.
Стваральнікі абяцаюць выпусьціць сваю крыптавалюту HMSTR і запусьціць яе на крыптабіржах, але пакуль што грошы застаюцца толькі ў гульні і магчымасьці вывесьці іх у рэал няма.
Гэта ня першы клікер, які зьявіўся апошнім часам. Яшчэ ў студзені выйшаў праект Notcoin, які працуе паводле такога ж прынцыпу. Стваральнікам нават удалося выпусьціць свой токен — крыптавалюту.
Хто стаіць за гульнёй
Публічна аб стваральніках Hamster Kombat нічога невядома, яны не называюць сябе. Праз сэрвіс who.is можна паглядзець, што дамэннае імя сайту гульні зарэгістраванае ў расейскай кампаніі Ru-Center з офісам у Маскве.
Па сьведчаньнях расейскага выданьня The Bell, адначасова з афіцыйным дамэнам гульні hamsterkombat.io быў зарэгістраваны падобны сайт hamsterkombat.com. Пры рэгістрацыі ўказалі электронную пошту кіпрскай кампаніі Arenum ltd. Сярод яе акцыянэраў — расейскі ІТ-бізнэсовец Эдуард Гурыновіч, а таксама Аляксандар Пасечнік і Аляксандар Зяленшчыкаў.
Эдуард Гурыновіч раней вядомы як сузаснавальнік праектаў CarPrice (продаж патрыманых аўтамабіляў на аўкцыёне) і CarMoney (плятформа для пазык пад заклад машыны). Публічна гэтыя бізнэсоўцы не пацьвярджалі сваёй датычнасьці да праекту Hamster Kombat.
Гульнёй Hamster Kombat карыстаюцца ўжо больш за 200 мільёнаў юзэраў. Стваральнікі пакуль зарабляюць на рэкляме, бо такая аўдыторыя добра манэтызуецца. Калі ж яны ўсё ж запусьцяць сваю крыптавалюту, у яе ўжо будзе патэнцыйна вялікая аўдыторыя з карыстальнікаў гульні. На гэта зьвяртае ўвагу экспэрт арганізацыі Human Constanta, які пажадаў застацца ананімным.
«Калі зьяўляюцца новыя токены, крыптапраекты, то пры запуску спрабуюць набраць аўдыторыю. Бо важна, колькі людзей будуць зацікаўленыя іх набыць ці абмяняць. Гульнявы мэханізм — гэта адзін з эфэктыўных сродкаў прывабіць аўдыторыю і ўтрымаць яе», — кажа суразмоўца.
Ці ёсьць небясьпека
Сярод беларусаў ужо ёсьць пацярпелыя ад гульні. Падманулі іх махляры, якія паабяцалі абмяняць рэальныя грошы на ўнутрыгульнявыя манэты. Такія прапановы зьяўляюцца ў шматлікіх тэлеграм-кам’юніці, якія ствараюцца вакол гульні невядомымі. Ахвярай стаў 62-гадовы жыхар Гародні, які перавёў невядомым 1605 рублёў, і 26-гадовая дзяўчына, якая перавяла 100 рублёў махлярам, каб «забраць выйгрыш». Пра гэта паведаміла выданьне «Гродно плюс».
Экспэрт праваабарончай арганізацыі Human Constanta зьвяртае ўвагу на тое, што стваральнікі гульні «нічога не абяцаюць сваім юзэрам».
«Добра, яны абяцаюць стварыць токены, якія можна будзе атрымаць за ўнутрыгульнявыя манэты. Аднак гэта спэкулятыўна. Колькі за такі токен будуць гатовыя аддаваць, столькі яна і будзе каштаваць. Спрагназаваць выйгрыш тых, хто шмат гуляе, немагчыма. А ў стваральнікаў няма ніякіх юрыдычных абавязаньняў. Арганізатары асабліва нічога не абяцаюць, а чаканьні людзей — гэта ўжо іншая гісторыя», — кажа экспэрт.
Вакол гульні могуць будавацца махлярскія схемы: ад вымантачваньня грошай да крадзяжу дадзеных.
«Могуць зьяўляцца махлярскія схемы, не зьвязаныя з арганізатарамі. Дадатковыя боты ў Telegram, якія будуць „дапамагаць“ гуляць, тлумачыць стратэгіі ў гульні. Такім чынам могуць выцягваць як пэрсанальныя зьвесткі, так і грошы. Яшчэ прапаноўваць усталяваць аплікацыі, якія могуць быць віруснымі: скрадзеныя паролі ад банкаў і іншыя зьвесткі. Калі чалавек ставіць сабе невядомую праграму, могуць быць любыя наступствы», — тлумачыць экспэрт.
У сэрвісах Google Play і Apple Store ёсьць дадзеныя распрацоўнікаў, трэба зьвяртаць увагу, каб яны былі надзейныя. Зь ненадзейных крыніц экспэрт раіць нічога не ўсталёўваць. Гульня працуе ў боце, і ён таксама можа выцягваць — як мінімум ID-ідэнтыфікатар Telegram.
«Такім чынам можна сабраць зьвесткі пра карыстальніка. Можна дабрацца да гісторыі зьмены нумара, нікнэймаў, удзелу ў групах», — зазначае экспэрт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сатанізм хутчэй у дзеяньнях сілавікоў, а ня ў Хагі-Вагі». Чаму дзяржаўны кантроль стаў змагацца зь дзіцячай цацкай«Пашкадуйце экран смартфона»
Яшчэ адзін экспэрт у кібэрбясьпецы расказаў Свабодзе на ўмовах ананімнасьці, што «гэта рэфэральны праект для папулярызацыі крыптавалюты». Праект жыве за кошт новых карыстальнікаў.
«Калі іх токен зьявіцца на крыптабіржы, то на біржы патрэбна будзе рэгістравацца і ўводзіць свае зьвесткі. Так можна зьвязаць тэлеграм-акаўнт з канкрэтным чалавекам. Мне здаецца, што распрацоўнікі ставілі іншыя мэты, але факт, што інфармацыя можа да іх трапіць. Я думаў, што гэта проста папулярызацыя крыптавалюты. Па факце ня думаю, што людзі заробяць больш, чым каштуе экран смартфона. Бо калі ў яго столькі тыцкаць, то ён можа зламацца. Заробяць тыя, хто на вяршыні гэтай піраміды», — кажа спэцыяліст.
Распрацоўнікі гульні Hamster Kombat актыўна прывабліваюць аўдыторыю і з сацыяльных сетках, дзе выпускаюць навіны пра крыптавалюту, выдаюць штодзённыя загадкі-шыфры ды іншае. Калі папярэднікі падобнай гульні Notcoin выпусьцілі сваю крыптавалюту, сьпярша яе цана расла, але пасьля ўпала на 52% адносна рыначнага піку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заснавальніка адной з найбуйнейшых крыптавалютных біржаў асудзілі на 25 гадоў за махлярства, у выніку якога ён скраў 8 мільярдаў даляраў