Як паведамляецца на сайце Эўрапейскай Рады, «пасьля абмежавальных мер, прынятых 2 сакавіка ў адказ на ўдзел Беларусі ў неапраўданай і не справакаванай расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, і з улікам сур’ёзнасьці сытуацыі, якая захоўваецца, Эўрапейская Рада сёньня прыняла дадатковыя сэктаральныя санкцыі, накіраваныя на фінансавы сэктар Беларусі».
На сайце цытуюць Жузэпа Бурэля, Вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі:
«Гэтымі дадатковымі сэктаральнымі санкцыямі мы пасылаем рашучае пасланьне: несправакаваная і неапраўданая ваенная агрэсія, якую вядзе супраць Украіны рэжым Пуціна пры падтрымцы Лукашэнкі, мае высокую цану. Мы закрываем шчыліны нашых існуючых санкцый і ўводзім дадатковыя меры ў дачыненьні да фінансавага сэктара Беларусі».
Узгодненыя санкцыі будуць адзначаць наступнае:
- абмежаваньне прадастаўленьня SWIFT (сыстэма, якую выкарыстоўваюць банкі для абмену плацяжамі паміж краінамі — РС) Белаграпрамбанку, Банку Дабрабыт і Банку разьвіцьця Рэспублікі Беларусь, а таксама іх беларускім даччыным структурам;
- забарона апэрацый з Нацыянальным банкам Беларусі, зьвязаных зь кіраваньнем рэзэрвамі або актывамі, а таксама прадастаўленьнем дзяржаўнага фінансаваньня для гандлю з Беларусьсю і інвэстыцый у Беларусь;
- забарана лістынгу і аказаньня паслуг у дачыненьні да акцый беларускіх дзяржаўных арганізацый на гандлёвых пляцоўках ЭЗ;
- істотнае абмежаваньне фінансавых паступленьняў зь Беларусі ў ЭЗ, забарона прымаць дэпазыты, якія перавышаюць 100 000 эўра ад беларускіх грамадзян або рэзыдэнтаў Беларусі, трымаць рахункі беларускіх кліентаў у цэнтральных дэпазытарыях каштоўных папер ЭЗ, а таксама прадаваць каштоўныя паперы, намінаваныя ў эўра, беларускім кліентам;
- забарана пастаўкі ў Беларусь банкнот эўра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз распаўсюдзіў на Беларусь санкцыі, якія раней увёў супраць Расеі