«У мяне супадзеньне па лініі Інтэрполу», — такую фразу ад украінскай памежніцы пачула ўвесну 2021 году экс-кіраўніца дзіцячага госьпісу ў Горадні Вольга Вялічка.
Тады яна ляцела разам зь сям’ёй зь Літвы ва Ўкраіну. Сьпярша памежніца некалькі разоў перапытала ў Вольгі, ці не губляла яна пашпарт.
«Яна праштампавала пашпарты дзяцей, мой быў апошні. Спытала, ці ўпэўненая я, што не губляла пашпарт. Пасьля сказала ў слухаўку некаму пра супадзеньне па лініі Інтэрполу. У залі павісла цішыня, былі чутны толькі мае дзеці. Дачка, якой 9 гадоў, спытала: „А што такое Інтэрпол?“», — прыгадвае Вольга.
Жанчына кажа, што каля 3–4 гадзін украінскія памежнікі разьбіраліся зь яе выпадкам.
«Гэта была субота, непрацоўны дзень. Трэба было высьвятляць, што да чаго. Усё прайшло дастаткова добра, удалося давесьці, што мая справа палітычная, і нас адпусьцілі. Пасьля з маім кейсам працаваў адвакат, і на сёньня я выключаная з гэтага сьпісу», — расказвае Вольга Вялічка.
На завочным судзе былую дырэктарку горадзенскага госьпісу ў Беларусі абвінавацілі па 7 артыкулах Крымінальнага кодэксу. Сярод іх — арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, паклёп на Лукашэнку, крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня ды інш. Па якім канкрэтна артыкуле Вольга трапіла ў базу, яна ня ведае. Цяпер праблема вырашаная, яна рэгулярна выяжджае зь Літвы ў іншыя краіны, і падобных сытуацый больш няма.
Выпадкі, калі палітычна актыўныя беларусы трапляюць у базу Інтэрполу, ня рэдкасьць. Беларускага рэжысэра Андрэя Гнёта затрымалі ўлады Сэрбіі, калі ён прызямліўся ў аэрапорце Бялграду ў кастрычніку 2023 году, на падставе ордэру Інтэрполу, выдадзенага на запыт Беларусі. З таго часу і да 6 чэрвеня беларус быў за кратамі, а пасьля яго перавялі пад хатні арышт. Цяпер Гнёт абскарджвае рашэньне сэрбскага суду аб экстрадыцыі ў Беларусь.
У тым жа 2023 годзе беларуса Ўладзіслава Гірыса затрымалі ў дзень нараджэньня на запыт зь Беларусі — на радзіме яго абвінавачвалі ў махлярстве з пастановачным ДТЗ. Тры месяцы ён праседзеў у італьянскай турме ў Нэапалі.
Яшчэ раней, у 2021 годзе, у Польшчы на запыт беларускіх уладаў затрымлівалі Макара Малахоўскага.
У Вугоршчыне затрымлівалі на запыт беларускіх уладаў Валянціна Ўласіка, актывіста і валянтэра, які дапамагаў затрыманым на Акрэсьціна. Апошні правёў у СІЗА чатыры месяцы, пакуль яго не адмовіліся выдаваць Беларусі.
У сакавіку ў Польшчы на запыт беларускага боку па лініі Інтэрполу затрымлівалі кіраўніка клінікі «Новы зрок» Алега Каўрыгіна — нібыта ў Беларусі ён ухіляўся ад выплаты падаткаў. Хоць Алег Каўрыгін жыве ў Літве і ня мусіць плаціць падаткі ў Беларусі.
Большасьць гэтых гісторый урэшце скончылася пазытыўна: затрыманых адпусьцілі. Пра выпадкі, каб нейкія краіны, апроч Расеі, выдавалі беларусаў у Беларусь па такіх запытах, публічна не вядома.
Як працуе база Інтэрполу
Адвакат, кіраўнік юрыдычнай фірмы Legal Status Алесь Міхалевіч рэгулярна займаецца справамі, зьвязанымі з базай Інтэрполу. На выбарах у 2010 годзе ён быў кандыдатам у прэзыдэнты і пасьля сам трапіў у такую базу.
Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі, ці скарочана Інтэрпол, ахоплівае 196 краін-удзельніц. Гэта мэханізм, каб паведамляць органам іншай краіны, што нейкага чалавека шукаюць, кажа адвакат. Для гэтага выкарыстоўваюць так званы «чырвоны цыркуляр». Гэта запыт на затрыманьне і экстрадыцыю ў краіну, якая такі запыт падала.
«Практычна ва ўсім сьвеце, за рэдкім выключэньнем, знаходжаньне ў чырвоным цыркуляры гэтай базы — просьба аб затрыманьні і экстрадыцыі канкрэтнага чалавека ў краіну, якая такі запыт падала. Гэта значыць, чалавека мусяць на нейкі час зьняволіць і прымаць рашэньне аб экстрадыцыі. Далей усё залежыць ад мясцовага суду. Для большасьці краін „чырвонага цыркуляра“ дастаткова для таго, каб на час разгляду справы аб экстрадыцыі чалавека зьмясьціць у ізалятар», — тлумачыць Алесь Міхалевіч.
Пры гэтым юрыст адзначае, што ў большасьці цывілізаваных краін рашэньне аб зьняволеньні прымае суд.
«Напрыклад, у суседніх краінах, кшталту Польшчы, ужо добра ведаюць беларускую сытуацыю. У Нямеччыне такая справа нават ня дойдзе да суду, беларуса проста адпусьцяць. Кожная краіна будзе дзейнічаць індывідуальна», — кажа Алесь Міхалевіч.
Для таго каб падаць запыт у базу Інтэрполу па «чырвоным цыркуляры», беларускаму бюро Інтэрполу трэба мець пастанову аб абраньні меры стрыманьня ў выглядзе трыманьня пад вартай і перакласьці дакумэнты на ангельскую мову. Пасьля цэнтральнае бюро ў Ліёне правярае запыт, каб ён быў не палітычны. Паводле адваката, беларускія справы, зьвязаныя з «экстрэмізмам» ці «масавымі беспарадкамі», ня прымуць, а вось эканамічныя справы, крадзяжы, забойствы — прымуць.
«Чалавека можна абвінаваціць адначасова па некалькіх справах. Можна дадаць эканамічны артыкул ці хуліганства замест масавых беспарадкаў», — кажа адвакат.
Таксама, апроч «чырвонага цыркуляру», у Інтэрполе існуюць і іншыя мэханізмы: пошук зьніклага чалавека (такога чалавека ня будуць затрымліваць), база перамяшчэньня людзей. Жоўтая картка Інтэрполу — просьба аб інфармацыі пра зьніклых бязь вестак, чорная картка — крымінальная інфармацыя пра неўсталяваныя целы. Сіняя картка — запыт на інфармацыю пра асобу, якую падазраюць у нейкім злачынстве. Усе гэтыя запыты не зьвязаныя з затрыманьнем.
«У органы могуць падаць заяўку, каб ведаць, якія межы чалавек перасякае. Напрыклад, ёсьць падазрэньне, што ён зьвязаны з гандлем людзьмі. У такіх выпадках чалавека ня будуць затрымліваць: у некаторых краінах ён нічога не заўважыць, у некаторых даўжэй будзе праходзіць мяжу», — кажа адвакат.
Што рабіць, калі чалавек трапіў у базу Інтэрполу
Калі чалавек трапіў у базу і ведае пра гэта, то Алесь Міхалевіч раіць найперш зьвярнуцца ў прэсу і знайсьці адваката. Утрымліваць чалавека ў ізалятары ў большасьці краін без рашэньня суду можна да 3 сутак.
«Найперш можна напісаць прэвэнтыўны запыт у камісію кантролю файлаў — гэта адміністрацыйны орган Інтэрполу. Гэта можна зрабіць, калі вы аднекуль ведаеце, што вашу справу Беларусь падала ці хоча падаць у Інтэрпол. Тады вы зь вялікай верагоднасьцю ня трапіце ў базу. Калі вы ўжо ў базе, то тады таксама трэба пісаць у гэтую камісію файлаў. Яна можа выключыць вас, але рашэньне прымаецца каля 10 месяцаў. Увесь гэты час я б раіў абмежаваць падарожжы», — кажа адвакат.
У сваіх запытах трэба пісаць пра палітычны перасьлед, пра парушэньне працэсуальных працэдур Беларусьсю, пра тое, што беларускі бок недакладна падаў зьвесткі, пералічвае Алесь Міхалевіч. База Інтэрполу не публічная, чалавек ня можа спраўдзіць гэта, напрыклад, онлайн.
Што такое беларускае бюро Інтэрполу
Беларусь уступіла ў структуру Інтэрполу ў верасьні 1993 году. Сёньня беларускае цэнтральнае бюро ўваходзіць у склад крымінальнай міліцыі. Гэта прапісана ў тым ліку на сайце Інтэрполу. Бюро мае тры аддзелы: міжнароднага вышуку і экстрадыцыі, супрацьдзеяньня транснацыянальнай злачыннасьці, апрацоўкі апэратыўнай інфармацыі. На сайце Інтэрполу гаворыцца, што:
«Да асноўных праблем транснацыянальнай злачыннасьці ў Беларусі адносяцца гандаль наркотыкамі, людзьмі, зброяй і творамі мастацтва, а таксама нелегальная міграцыя і міжнародны тэрарызм».
Беларускім бюро Інтэрполу кіруе Дзьмітры Мядзьведзеў, палкоўнік міліцыі. Паводле зьвестак аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol, ён пачынаў служыць у Віцебскім Чыгуначным РАУСе інспэктарам пашпартнага кантролю.
Пасьля стаў старшым опэрупаўнаважаным па ўзаемадзеяньні з нацыянальным цэнтральным бюро Інтэрполу. З 2018 году працаваў намесьнікам начальніка першага аддзелу Інтэрполу, які займаецца вышукам і экстрадыцыяй. Затым узначаліў нацыянальнае бюро.
Яшчэ адна публічная асоба — опэрупаўнаважаны па асабліва важных справах другога аддзелу Кірыл Міхасенка. Пачынаў службу адразу ў бюро Інтэрполу як старшы інспэктар. Мае званьне падпалкоўніка міліцыі.
Паводле прадстаўніка Belpol Уладзімера Жыгара, у нацыянальным цэнтральным бюро Інтэрполу Беларусі няшмат супрацоўнікаў. Падпарадкоўваюцца яны наўпрост беларускаму Міністэрству ўнутраных спраў.
«Гэтая структура ўваходзіць у сыстэму МУС, усе супрацоўнікі туды прызначаюцца МУС, і іх непасрэдны кіраўнік — міністар унутраных спраў. Гаварыць аб іх самастойнасьці ці неперадузятасьці немагчыма. Гэта не супярэчыць статуту Інтэрполу. Аднак згодна з 3 артыкулам статуту Інтэрполу ім забаронена праводзіць палітычны вышук. Беларускае бюро парушае гэты артыкул, бо гэта проста дадатковы вінцік у рэпрэсіўнай сыстэме», — кажа Жыгар.
Напрыклад, палітуцекача Макара Малахоўскага затрымлівалі на запыт беларускага боку ў Польшчы па справе за гвалт або пагрозу гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Беларусь хлопец пакінуў праз рэпрэсіі. Пазьней міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі назваў гэтую справу «палітычным выкарыстаньнем чырвонай ноты Інтэрполу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Польшчы адмовіў беларускім уладам у справе выдачы палітуцекача МалахоўскагаПраўда, у 2021 годзе нацыянальнае беларускае бюро Інтэрполу адмовілася шукаць Сьвятлану Ціханоўскую. Кіраўнік бюро Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што «Інтэрпол лічыць немагчымым выкарыстаньне сваіх каналаў для вышуку экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты».
«Зайздросная праца»
Праца ў нацыянальным бюро Інтэрполу лічыцца зайздроснай пасадай, кажа Жыгар. Менш абавязкаў, менш кантролю.
«Гэта лічыцца такой „тлустай“ пасадай у сыстэме МУС. Пры кожным УУС ёсьць таксама адказныя ўпаўнаважаныя па лініі Інтэрполу. Гэта людзі, якія валодаюць ангельскай мовай, якія часта езьдзяць у камандзіроўкі за мяжу, маюць сувязі. На такое месца проста так ня трапіць. Заробкі там не вышэйшыя — там добрыя ўмовы: ніхто асабліва ня ўказвае, што рабіць, няма абавязковых паказчыкаў, якія трэба выконваць», — тлумачыць прадстаўнік арганізацыі былых сілавікоў.
Запыты ў Інтэрпол сьпярша ўзгадняюць у галоўным упраўленьні крымінальнага вышуку МУС, а пасьля накіроўваюць у беларускае бюро.
«Яны фальсыфікуюць пэўныя матэрыялы, не даюць вялікую частку матывацыйных дакумэнтаў. Напрыклад, чалавека абвінавачваюць не па палітычным артыкуле, а па эканамічным. Яны накіроўваюць запыты аб махлярстве, хуліганстве, дзеяньнях, якія немагчыма ўвязаць з палітыкай. Не даюць дакумэнтаў, што раней чалавека затрымлівалі па палітычных артыкулах ці ён быў актыўным удзельнікам палітычнага руху. Даецца скупая інфармацыя, каб не завярнулі», — сьцьвярджае Жыгар.
За парушэньне статуту Інтэрполу краіну могуць выключыць з арганізацыі ці прыпыніць яе сяброўства на некаторы час. Таму палітычныя справы маскуюць, лічыць Жыгар.
Таксама, паводле Ўладзімера Жыгара, беларускія сілавікі могуць карыстацца ня толькі «чырвоным цыркулярам» Інтэрполу. Яны таксама могуць спраўджваць інфармацыю пра месцазнаходжаньне чалавека і іншыя ягоныя дадзеныя.
«У Эўропе ў прадстаўнікоў праваахоўных органаў іншае мысьленьне, яны не разумеюць, што ў Беларусі могуць выкарыстоўваць гэтую сыстэму для палітычнага вышуку. У бліжэйшых краінах разумеюць, што адбываецца ў Беларусі, таму акуратна да гэтага ставяцца», — кажа Жыгар.
«Не выконваюць запыты»
25 чэрвеня намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук заявіў пра спад міжнароднай супрацы з так званымі «недружалюбнымі краінамі» ў сфэры выкананьня міжнародных даручэньняў.
Ён патлумачыў, што з 239 просьбаў, накіраваных за апошнія паўтара года, гэтыя краіны выканалі толькі 33. 111 просьбаў былі накіраваныя ў справе «Аб генацыдзе».
Стук таксама адзначыў, што ў фарматах СНД, ЭАЭС і так званай «саюзнай дзяржавы» з Расеяй міжнародная супраца праваахоўных органаў Беларусі адбываецца ў поўным аб’ёме.
Пакуль публічна не вядома пра выпадкі, каб нейкія краіны, апроч Расеі, выдавалі беларускім сілавікам людзей, якіх на радзіме перасьледуюць па палітычных справах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Генпракуратуры Беларусі расказалі, якія эўрапейскія краіны выконваюць запыты аб выдачы беларусаў