Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Генпракуратуры Беларусі расказалі, якія эўрапейскія краіны выконваюць запыты аб выдачы беларусаў


Намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук. Архіўнае фота
Намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук. Архіўнае фота

У фарматах СНД, ЭАЭС і так званай «саюзнай дзяржавы» з Расеяй міжнародная супраца праваахоўных органаў Беларусі адбываецца ў поўным аб’ёме.

Намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук заявіў аб спадзе супрацы з так званымі «недружалюбнымі краінамі» ў сфэры выкананьня міжнародных даручэньняў.

«Што тычыцца недружалюбных краін, то тут, вядома ж, назіраецца спад міжнароднай супрацы. З 239 просьбаў, накіраваных за апошнія паўтара года, то бок за 2023 год і па стане на 20 чэрвеня цяпер, выканалі толькі 33 просьбы. Зь іх 111 просьбаў, накіраваных у справе аб генацыдзе, выканалі толькі чатыры. Але, да гонару нямецкіх праваахоўнікаў, усе чатыры просьбы выканаў нямецкі бок. А ўсяго яны выканалі шэсьць просьбаў», — працытавала Аляксея Стука дзяржаўнае агенцтва БелТА.

У Беларусі пералік «недружалюбных краінаў» зацьвердзілі 6 красавіка 2022 году пасьля таго, як шэраг эўрапейскіх краін увялі санкцыі супраць уладаў Беларусі за падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны. У гэты пералік увайшлі ўсе краіны ЭЗ, а таксама ЗША, Новая Зэляндыя, Альбанія, Ісьляндыя, Паўночная Македонія, Вялікая Брытанія, Чарнагорыя, Швайцарыя.

У сфэры міжнароднай прававой дапамогі існуюць тэрміны «запыт» або «міжнароднае даручэньне», якія накіроўваюць праваахоўныя органы адной краіны ў праваахоўныя органы іншай краіны, каб атрымаць дапамогу ў крымінальных справах.

Паводле Аляксея Стука, на ўсе звароты праваахоўных органаў Беларусі ў крымінальных справах і ў справе аб генацыдзе адрэагавалі толькі Славаччына і Аўстрыя. «Але, на жаль, з астатнімі краінамі абсалютнае зацішша», — сказаў ён.

Намесьнік генэральнага пракурора Беларусі дадаў, што найбліжэйшыя суседзі — Польшча і краіны Балтыі — «просьбаў практычна не выконваюць».

«Ізраіль прыпыніў, Швайцарыя прыпыніла. З накіраваных ста зь лішкам просьбаў у Амэрыку па большай частцы ўвогуле адказу мы не атрымалі, а па двух дзясятках просьбаў нам на надуманых падставах адмовілі ў выкананьні», — паведаміў ён.

У той жа час Аляксей Стук падкрэсьліў, што Беларусь «намагаецца выконваць» усе міжнародныя запыты.

«Чаму кажу „намагаемся“? Таму што па некаторай частцы просьбаў на законных падставах мы адмаўляем, таму што або просьба няправільна аформленая, або, так бы мовіць, не дадалі адпаведныя дакумэнты. То бок мы захоўваем за сабой права пры папаўненьні ўсіх дакумэнтаў і паўнаце гэтай просьбы яе выканаць», — дадаў ён.

У якасьці прыкладу ён назваў тры запыты Літвы аб перадачы асобаў для ажыцьцяўленьня крымінальнага перасьледу.

«Што тычыцца нашай просьбы, то нам адмовілі. У той жа час у нас на разглядзе знаходзіцца просьба латыскага і польскага бакоў. Гэтая просьба разглядаецца», — адзначыў намесьнік генпракурора.

Аляксей Стук адзначыў, што ў фарматах СНД, ЭАЭС і так званай «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі міжнародная супраца адбываецца ў поўным аб’ёме.

Паводле яго, з накіраваных 700 запытаў гэтыя партнэры выканалі ўжо 80 адсоткаў. Найперш гэта тычыцца «выдачы запытаных злачынцаў і перадачы асобаў, якія адбываюць пакараньне, у краіну грамадзянства».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG