Клюшка, якую Ўэйн Грэцкі выкарыстоўваў для каманды «Эдмантан Ойлерз» у фінале Кубку Стэнлі ў 1988 годзе, набытая на аўкцыёне за 336 000 даляраў. Гэта новы гістарычны рэкорд для хакейнай клюшкі, якая выкарыстоўвалася ў НХЛ, паведаміла дырэкцыя аўкцыёну Sotheby’s, інфармуе ESPN.
На клюшцы, сапраўднасьць якой пацьверджана, подпіс: «Рыку, з найлепшымі пажаданьнямі, Уэйн Грэцкі, 26 траўня 1988 г.»
Sotheby’s пацьвердзіў ESPN, што клюшка першапачаткова была ў асабістай калекцыі Рыка «Клюшкі» Элашчука з Эдмантану. Элашчук быў даўнім супрацоўнікам «Ойлерз», аднаго з найвялікшых клюбаў Нацыянальнай хакейнай лігі, які, між іншым, прабіўся ў фінал розыгрышу Кубку Стэнлі і сёлета.
Sotheby’s адзначыў, што 22 удзельнікі аўкцыёну зрабілі агулам 79 ставак на апошнюю клюшку Грэцкі ў Эдмантане. Аб продажы было абвешчана за некалькі гадзін да сустрэчы «Ойлерз» з «Флёрыдай Пантэрз» у 6-й гульні фіналу Кубку Стэнлі на «Роджэрс-Плэйс» у канадыйскім Эдмантане.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Францыі прадаюць з аўкцыёну яхту з залатым корпусам, якая нібыта належала беларускаму мільярдэру. ВІДЭАПапярэдні рэкорд па суме за клюшку, якія выкарыстоўваліся ў НХЛ, таксама належаў Грэцкі. Тады прадалі адну з апошніх клюшак, якую хакеіст выкарыстоўваў у сваёй заключнай гульні ў кар’еры. Sotheby’s прадаў яе ў 2022 годзе за 138 600 даляраў.
Апошнімі гадамі на аўкцыёнах зьявіліся іншыя прадметы Грэцкі з фіналу Кубку Стэнлі 1988 году: у чэрвені 2022 году апошні швэдар Грэцкі ў «Ойлерз» прадалі за 1,452 мільёна даляраў, што стала самай высокай цаной за хакейную форму, а ягоныя пальчаткі з той фінальнай гульні прадалі за 204 162 даляры.
«Ойлерз» перамаглі «Бостан Бруінз» у фінале 1988 году. Характэрна, што гульня № 4 той сэрыі была прыпыненая з-за адключэньня электраэнэргіі 24 траўня 1988 году ў Boston Garden. Гульню так і ня скончылі, сэрыя вярнулася ў Эдмантан, і праз два дні «Ойлерз» выгулялі паядынак. Гэта быў чацьверты тытул «Ойлерз» за пяць сэзонаў і апошні для Грэцкі. Менш чым праз тры месяцы Грэцкі перайшоў у «Лос-Анджэлес Кінгз».
У тым фінале Грэцкі набраў 13 пунктаў — 3 шайбы + 10 перадач. Рэкорд сэрыі, які застаецца ў сіле. 10 галявых перадач Грэцкі ў фінале Кубку Стэнлі таксама па-ранейшаму зьяўляюцца рэкордам сэрыі. Грэцкі, рэкордны дзевяціразовы найлепшы гулец лігі, застаецца адзіным гульцом НХЛ, чый гульнявы нумар (№ 99) быў выведзены з абарачэньня ва ўсёй лізе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хакеісты жлобінскага «Мэталюргу» павіншавалі беларусаў з Днём беларускага пісьменства. ВІДЭАГрэцкі — самы выніковы гулец НХЛ за ўсю гісторыю. У 1487 паядынках ён набраў 2857 пунктаў, з чаго 894 — закінутыя шайбы, а 1963 — галявыя перадачы.
Уэйн Грэцкі мае беларускія карані — ягоны дзед на пачатку XX стагодзьдзя выправіўся з Горадзеншчыны на заробкі за акіян, там і застаўся. У сям'і найвялікшага хакеіста сьвету захоўваюцца здымкі ягоных беларускіх сваякоў. Таксама канадыец мае ўкраінскія карані. Упершыню ў Беларусі Грэцкі пабываў у 2001 годзе, тады ён выказаў шкадаваньне, што не навучыўся беларускай мове ў дзяцінстве, іначай бы яму не спатрэбіўся перакладчык з ангельскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ягор Шаранговіч паставіў новы рэкорд выніковасьці беларускіх гульцоў у НХЛ