У Беларусі ўпершыню ў вайсковым парадзе 3 ліпеня возьмуць удзел вайскоўцы краін СНД і Кітаю

Перад парадам у Менску вайсковыя музыкі ЗША выступілі ў Берасьці, 7 траўня 2015 году. Архіўнае фота

Дзевяць гадоў таму ў парадзе ўдзельнічалі вайсковыя музыкі з аркестру ВПС ЗША.

У Беларусь прыбылі вайскоўцы зь Кітаю, Таджыкістану і Азэрбайджану для ўдзелу ў вайсковым парадзе 3 ліпеня.

Як паведаміла прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі, сёлета ўпершыню ў вайсковым парадзе таксама возьмуць удзел вайскоўцы з Казахстану, Кіргістану, Узбэкістану, а таксама курсанты расейскіх Вайсковай акадэміі супрацьпаветранай абароны і Разанскага вышэйшага паветрана-дэсантнага каманднага вучылішча.

Усяго ў парадзе возьмуць удзел 5 тысяч вайскоўцаў. Неўзабаве ў Беларусі пачнуць праводзіць з гэтымі вайскоўцамі трэніроўкі да параду, прымеркаванага да 3 ліпеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік амэрыканскага вайсковага аркестру: Я пачуў беларускую музыку 5 гадоў таму, і яна мне спадабалася

У 2015 годзе ў вайсковым парадзе 9 траўня ўдзельнічалі вайсковыя музыкі з аркестру Вайскова-паветраных сіл ЗША, які дысьлякуецца ў Эўропе на вайскова-паветранай базе «Рамштайн» у Нямеччыне. Тады яны выканалі традыцыйны марш Джона Філіпа Сусы 1889 году «Washington Post».

Цяпер назва гэтай вайсковай базы гучыць у кантэксьце вайсковай дапамогі Ўкраіне для барацьбы з агрэсіяй Расеі. На яе тэрыторыі 26 красавіка 2022 году адбылася першая сустрэча кантактнай групы для каардынацыі вайсковай дапамогі Ўкраіне.

Пазьней гэтая група, якая перарасла ў міжнародную кааліцыю, атрымала назву «Рамштайн». У яе ўваходзіць больш за 50 краін — усе краіны NATO, большасьць дзяржаваў Эўразьвязу і хаўрусьнікі з Афрыкі і Азіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля Менскай ратушы адбыўся канцэрт аркестру ВПС ЗША ў Эўропе. Відэа