Алесь Рамановіч — сябра БНФ, актывіст руху «За свабоду». Удзельнічаў у некалькіх выбарчых кампаніях: зьбіраў подпісы за Мілінкевіча ў 2006-м, быў даверанай асобай, назіральнікам, сябрам участковай выбарчай камісіі. У 2007 годзе вылучаўся ў Берасьцейскі абласны савет, у 2010-м — у Пінскі гарадзкі савет, у 2013-м — у Палату прадстаўнікоў.
«Мэты прыйсьці да ўлады ў мяне не было. Ня меў ілюзій, што магу стаць дэпутатам. Але ў мяне была мэта правесьці інфармацыйную кампанію, сустракацца зь людзьмі, ладзіць пікеты. Дарэчы, у 2007 годзе мяне затрымалі перад самымі выбарамі, дзе я быў кандыдатам у дэпутаты абласнога савету. І ў сам дзень выбараў кандыдат у дэпутаты знаходзіўся ў ІЧУ», — успамінае Алесь Рамановіч.
Свае першыя 10 сутак ён атрымаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, калі на Кастрычнікай плошчы на знак пратэсту актывісты расставілі намётавы лягер, і Алесь зь Пінску прыехаў у сталіцу.
«Калі мы зразумелі, што будзе жорсткі разгон, хлопцы сталі ў счэпку. Бачу, што да нас прыстройваецца жанчына пэнсійнага ўзросту. Я ёй кажу: адыдзіце да намётаў, зараз будуць біць!» Яна наіўна адказвае: «Яны не пасьмеюць, яны ж мае дзеці». Калі нас пачалі малаціць, я падняў галаву і бачу, як ёй «прылятае» у твар. Гэта проста перакуліла ўвесь мой сьвет, я гэтага ніколі не забуду», — расказаў Алесь.
Рамановіча затрымалі, завезьлі на Акрэсьціна, арыштавалі на 10 дзён, якія ён адседзеў у Жодзіне.
«Сказалі: „Валі зь Беларусі!“»
Потым нават зьявіўся тэрмін «сэзон веснавых пасадак» — Алеся некалькі гадоў запар прэвэнтыўна затрымлівалі перад Днём Волі, афармлялі пратаколы «за дробнае хуліганства».
У 2017 годзе Рамановіч атрымаў 15 дзён арышту за ўдзел у «Маршы недармаедаў». Зноў былі ператрусы, адміністрацыйныя справы, выклікі ў пракуратуру. Мужчына ня мог у Пінску ўладкавацца на працу. Ён аформіў апеку-нагляд над хворым братам, інвалідам І групы. А такую асобу ў адміністрацыйнай справе пасадзіць на «суткі» ня могуць. Таму Раманавічу прысуджалі вялікія штрафы. Напрыклад, у 2022 годзе прычапіліся да значка з Пагоняй, ён атрымаў штраф 3840 рублёў.
«У жніўні 2022 году да мяне прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКу і АМАПу зь Берасьця, правялі ператрус. Сказалі: „Валі зь Беларусі“, пагражалі. Пасьля іх візыту мяне пазбавілі дапамогі за догляд брата-інваліда. Я вырашыў застацца. А 2023-і прайшоў адносна ціха», — кажа Алесь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пінскага праваабаронцу пасьля затрыманьня пазбавілі апякунства над хворым братам«Гэта што — эратычнае шоў?»
14 сакавіка 2024 году раніцай у кватэру Рамановіча ўварваліся тыя ж самыя супрацоўнікі ГУБАЗіКу зь Берасьця, што наведваліся раней. Выламалі дзьверы. Выцягнулі з ложка, паклалі неадзетага на падлогу ў позе «ластаўкі», шчыльна зацягнулі кайданкі за сьпінай, выкарыстовалі балявыя прыёмы — выкручвалі плечавыя суставы, расказвае Алесь.
«Задавалі дзіўныя пытаньні. „Няправільны адказ“, — і моцна выкручвалі рукі. Пагражалі разьдзетым выкінуць на вуліцу і затрымаць, што голым гуляў. Потым пачалася дзіўная гульня „За правільны адказ — прадмет аддзеньня“. Я нават пажартаваў: „Гэта што — эратычнае шоў?“
Знайшлі ў хаце бел-чырвона-белую сьвечку і гумавы бранзалецік у такіх колерах. Зьдзекаваліся: кінулі спачатку бранзалецік, потым гадзіньнік з выявай Вітаўта Ашурка. Урэшце далі надзець старыя стартовыя штаны, якія я не насіў (яны выкарыстоўваліся як ануча), прымусілі надзець майку з Пагоняй.
У хаце перакулілі і растрэсьлі ўсю маю рассаду, якую я вырошчваў — перцы, памідоры», — успамінае суразмоўца.
Пасьля ператрусу праваабаронцу завезьлі ў ГУУС, склалі пратакол за «непадпарадкаваньне». Увечары зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. На наступны дзень прывезлі ў суд.
«Вырашыў рызыкнуць»
Рамановіч кажа, што ягоны працэс вёў судзьдзя Андрэй Бачыла — ён вынес прысуд інваліду ІІ групы па сэрцы Міхаілу Клімовічу, які памёр у Віцебскай калёніі № 3. Рамановіч запатрабаваў адваката.
«Я казаў, што сам не магу адэкватна забясьпечыць сабе абарону, бо мяне не кармілі паўтара дня, я ў шокавым стане пасьля брутальнага затрыманьня. Судзьдзя нечакана абвесьціў перапынак на 2 тыдні.
Я свае шанцы наконт таго, пасадзяць ці не, ацэньваў 50 на 50. Доўга вагаўся. Вырашыў рызыкнуць і пакуль ня ехаць, хоць мяне і адпусьцілі да працягу суду. А тут у дзяржаўных СМІ выйшлі матэрыялы, што „спынена дзейнасьць экстрэмістаў у Баранавічах, Пінску, Берасьці“. Намёк быў цалкам зразумелы, чарговы наезд на „Вясну“. Усё ж прыйшоў да высновы, што трэба ўжо ехаць. Тэрмінова зьвязаўся з кім трэба, рыхтаваўся», — дзеліцца Алесь, як вагаўся і ўсё ж вырашыў выяжджаць.
Суразмоўца кажа, што за дзень да суду было ўсё гатова да ад’езду, заставалася толькі зайсьці ў хату і разьвітацца з роднымі. Але каля дома Рамановіча «ўжо чакалі тыя ж сілавікі з ГУБАЗіКу».
28 сакавіка яго зноў кінулі ў ІЧУ. Завялі яшчэ адну адміністрацыйную справу. На наступны дзень той жа судзьдзя Вольга Лубнік прызначыў яму 15 дзён арышту.
Тры дні
Пасьля суду Алеся зноў чакаў супрацоўнік ГУБАЗіКу, сказаў, што ім цікавяцца журналісты, карэспандэнт АНТ Андрэй Аляксандраў з апэратарам.
«Аляксандраў задаваў шмат дзіўных пытаньняў: ці лічу я „Вясну“ экстрэмісцкім фармаваньнем, пытаўся пра справу Зельцара, пра Ўкраіну, пра мігрантаў на мяжы, пра тэракт у Маскве…
Пасьля інтэрвію мяне чамусьці адвезьлі ў Берасьцейскі ІЧУ, дзе я і адседзеў 15 дзён. За дзень да сканчэньня тэрміну ў мяне быў допыт. Я спытаў сьледчага, ці выйду на волю. Той адказаў, што ў мяне ёсьць 3 дні, маўляў, што гэта слова афіцэра», — кажа Рамановіч.
3 красавіка на АНТ выйшаў рэпартаж «ГУБАЗіК прыйшоў да „Вясны“: байцы спэцатраду „ШТОРМ“ затрымалі праваабаронцаў-экстрэмістаў».
Суразмоўца сьцьвярджае, што ад ягонага інтэрвію ў сюжэце мала што засталося, затое паказалі перапіску і размовы Рамановіча наконт ад’езду і візы, скан ягонага пашпарта. Алесь лічыць, што ягоны тэлефон праслухоўвалі спэцслужбы, якія таксама кантралявалі перапіску ў мэсэнджарах.
«У Беларусі мне „сьвеціць“ ад 3 да 7 гадоў»
12 красавіка Алеся Рамановіча выпусьцілі з ІЧУ. Суразмоўца кажа, што чакаў новага затрыманьня, таму дабіраўся зь Берасьця да Пінску блытанымі шляхамі. Спачатку на таксоўцы да Жабінкі, потым на цягніку ў кірунку Пінску. Але да гораду не даехаў, выйшаў раней. Зьявіўся дома ўначы, каб разьвітацца з роднымі.
«Я ведаў, што на мяне завялі крымінальную справу паводле артыкулу 361 „4 прым“ — за „садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці“. Значыць, у Беларусі мне „сьвеціць“ ад 3 да 7 гадоў.
Я праўда вельмі не хацеў ехаць зь Беларусі. Каб быў хоць адзін шанец, што не пасадзяць, я ніколі б ня зьехаў. Там у мяне брат-інвалід зь цяжкім захворваньнем, бацька ва ўзросьце. Але разумею, што калі апынуся ў калёніі, не змагу ім дапамагаць, а буду ім толькі грузам. На наступны дзень я выехаў зь Беларусі ў адну краіну, якая была небясьпечнай для мяне. Тры тыдні там чакаў. І дзякуючы фонду BySol 9 траўня апынуўся ўжо ў Эўразьвязе», — расказаў Алесь Рамановіч.
Прадстаўнік BySol у размове са Свабодай пацьвердзіў, што гэта была адна з самых складаных эвакуацый беларусаў апошняга часу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выпусьцілі цудам». Хрысьціянскі прапаведнік Мельянец расказаў пра суд над журналістам Карнеем, турму і эміграцыю