«Васіль Быкаў — гэта эўрапейскі пісьменьнік ХХ стагодзьдзя. Гэта чалавек, які сваімі творамі і творчасьцю даваў вэктар разьвіцьця гуманізму ў ХХ стагодзьдзі», — сказала ў вітальнай прамове старшыня беларускай суполкі «Скарына» Галіна Навумчык.
Быкаў у Чэхіі
Месца імпрэзы сымбалічнае — менавіта тут побач, у люстраной залі гістарычнага комплексу Клемэнтынум (цяпер Нацыянальная бібліятэка Чэскай Рэспублікі), беларускі пісьменьнік выступіў з апошняй прамовай на Дзень Волі 2003 году. Галіна Навумчык зьвярнула ўвагу на важнасьць мерапрыемства, бо большасьць беларусаў Прагі ня можа цяпер прыехаць у Беларусь, прынесьці васількі на могілкі пісьменьніка ці проста абняць удаву Быкава Ірыну Міхайлаўну. Яна прыгадала, што тая апошняя прамова ў Празе была прысьвечаная менавіта надзеі.
«Я хачу каб мы з вамі разумелі, што надзея, якую нам у запавет тут перадаў Васіль Быкаў, запавет несьці сьвечку надзеі дзеля таго, каб свабода і праўда перамагла».
Сярод чэскіх прамоўцаў былі дырэктар Славянскай бібліятэкі Лукаш Бабка, які адзначыў важнасьць правядзеньня беларускіх выставаў у Празе, рэдактар кнігі і перакладчык Адам Гаўлін, які ўспомніў сустрэчу Васіля Быкава зь першым прэзыдэнтам незалежнай Чэхіі Вацлавам Гаўлам, а таксама намесьнік міністра замежных спраў Ян Мар’ян.
Апошні расказаў, як Прага стала апошнім домам для пісьменьніка, а таксама пра тое, як з часоў Вацлава Гаўла краіна працягвае дапамагаць беларускай грамадзянскай супольнасьці, незалежна ад урадаў.
«І раней, калі я працаваў у People in Need, мы чулі ад вашых людзей, што „праз год рэжым падзе“. Гэтага не адбывалася. У той жа час, я памятаю, Ян Румл, наш дысыдэнт, казаў мне яшчэ ўлетку 1989 году, што рэжым [у Чэхаславакіі. — РС] доўга не падзе, а гэта адбылося. Так што трэба быць гатовым да падзеньня рэжыму, але ў той жа час, на жаль, цяпер трэба жыць з тым, што ёсьць».
Падчас імпрэзы адбылася прэзэнтацыя юбілейнай кнігі пра беларускага пісьменьніка «Быкаў 100». Яе прадставіў былы дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандр Лукашук, які адмыслова надзеў гальштук пісьменьніка, падораны яму ягонай жонкай Ірынай Міхайлаўнай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Васіль Быкаў 100». У Празе выдалі кнігу цытатаў клясыка і ўспамінаў пра яго. Чытаць«Для рэдакцыі Радыё Свабода Быкаў быў ня толькі слухачом (пачынаючы з 60-х гадоў), але і аўтарам. Ён ніколі не адмаўляў у гутарцы, круглых сталах, камэнтарах, — успамінае Аляксандар Лукашук. — Свабода была часткай жыцьця Быкава, і Быкаў быў часткай жыцьця Свабоды. Яму належаць самыя музычныя і магічныя два сказы пра Свабоду: „Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю Свабоду. Тое і сталася звычаем і патрэбай маёй душы».
Аляксандар Лукашук нагадаў, што ў часы Чэхаславаччыны кнігі Быкава выходзілі накладам больш за 200 000 асобнікаў. І згадаў адну ацэнку творчасьці Быкава:
«Прафэсар і перакладчык Вацлаў Жыдліцкі аналізуе творчасьць Быкава і піша пра яго вучобу ў віцебскай мастацкай вучэльні, дзе вучыўся перад вайной на скульптара. І ён кажа, што калі Быкаў быў бы мастаком, мяркуючы па тым, як ён піша прозу, то быў бы партрэтыстам рэмбрантаўскай школы. У Чэхіі ў нацыянальнай галерэі захоўваецца толькі адна карціна Рэмбрандта, якая называецца „Стары вучоны“. На ёй чалавек і кнігі вакол. Карціну можна назваць „Стары пісьменьнік“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дубавец і Навумчык: За што Васіля Быкава любяць беларусы і ненавідзіць рэжым ЛукашэнкіАктуальнасьць Быкава
Сьвятлана Алексіевіч у відэазвароце з нагоды 100-годзьдзя Быкваа адзначыла, што ўсе ягоныя творы застаюцца актуальнымі і сёньня.
«Якія рэчы актуальныя сёньня? Я думаю, уласна, усе (можа, толькі „Альпійская баляда“ такая рамантычная), бо заўсёды чалавек становіцца перад выбарам: быць чалавекам ці ня быць чалавекам. Для таго, каб застацца чалавекам, трэба заплаціць вельмі вялікую цану — і не заўсёды толькі сваё жыцьцё».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наш Быкаў». Сьвятлана Алексіевіч: «Урок Быкава — як зрабіць выбар у бок сьвятла і ніколі не саступіць»Былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргей Навумчык успамінаў Васіля Быкава ня толькі як пісьменьніка, але і нацыянальнага дзеяча. Ён назваў тры рэчы, да якіх спрычыніўся Быкаў і якія сталі лёсавызначальнымі для беларускай нацыі. Першая — гэта прадмова да артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты. Дарога сьмерці» 1988 году. Другая — тое, што Быкаў быў адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту і падтрымліваў ідэю дасягненьня незалежнасьці Беларусі ў тыя часы, калі абсалютнай большасьці гэта здавалася цалкам нерэальным. І трэцяя, што пісьменьнік быў першым, хто папярэдзіў беларускі народ пра «імпэрскі рэванш» Расеі.
«Ён казаў, што дэмакратыя — гэта тонкая субстанцыя, і падтрымліваць яе трэба штодзённа», — згадаў Навумчык.
Сёлета Сяргей Навумчык спрычыніўся да выданьня ў Чэхіі лімітаванай сэрыі марак з Васілём Быкавым. Іх таксама паказалі на сустрэчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада БНР выпусьціла марку да 100-годзьдзя Васіля БыкаваТаксама свае ўспаміны ўдзельнікам мерапрыемства перадала Зіна Гімпелевіч, ганаровая прафэсарка Ўнівэрсытэта Ватэрлоо (Канада), аўтарка першай ангельскамоўнай біяграфіі Васіля Быкава. Яна ўспамінала Быкава, як чалавека, які меў чыстую душу, нікога не асуджаў і бачыў людзей наскрозь. Гімпелевіч сказала, што Быкаў быў рэлігійнай асобай, працытавала успамін ягонага сябра, паэта Рыгора Барадуліна: «Быкаўская рэлігія — гэта была праўда, праўда безь ніякага прыкрыцьця, безь ніякіх выдумак».
Журналіст Радыё Свабода, гісторык Сяргей Абламейка прачытаў сваё эсэ пра «асобу Быкава як адлюстраваньне каштоўнасьцяў беларускай нацыянальнай мэнтальнасьці».
Пры канцы ўдзельнікі сустрэчы паглядзелі разьвітальнае слова Быкава, якое захавалася ў архіўных здымках са сьвяткаваньня Дня Волі ў Празе ды паслухалі ўлюбёную песьню пісьменьніка — «Шумныя бярозы» у выкананьні Данчыка і Леаніда Барткевіча.
Быкаў на Свабодзе: чытайце і слухайце
Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў (1924–2003) стаяў у першых шэрагах дэмакратычнага руху за нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі. Ён удзельнічаў у стварэньні Беларускага народнага фронту (1988) і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1990), Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995) і Беларускага ПЭН-цэнтру (1995). Пасьлядоўны крытык Аляксандра Лукашэнкі, Быкаў стаў сымбалем змаганьня зь ягоным аўтарытарным рэжымам. У 1995-м, пасьля гвалтоўнага разгону галадоўкі апазыцыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, ён заявіў аб «прэлюдыі фашыстоўскага перавароту», прадказаўшы, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта».
Васіля Быкава, якога многія беларусы лічылі «сумленьнем нацыі», прыбралі зь дзяржаўных выданьняў, ягоныя кнігі перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Пісьменьніка, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, прапагандысты шальмавалі, вымусіўшы ехаць у эміграцыю. На Беларусь ён вярнуўся цяжка хворым, усяго за месяц да сьмерці. Пахаваньне Быкава ператварылася ў шматтысячны жалобны мітынг праз цэнтар Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Апошнія 15 гадоў свайго жыцьця Радыё Свабода стала ці не асноўным каналам звароту Быкава да свайго народу. Нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама думкамі, ацэнкамі і прагнозамі.
«Быкаў на Свабодзе» (2005): чытаць кнігу (PDF)
Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг., лісты, малюнкі, фота і ўспаміны. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».
«Быкаў на Свабодзе» (2004): слухаць аўдыёдыск
Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода
«Доўгая дарога дадому» (2010): слухаць аўдыёкнігу
Кніга мэмуараў народнага пісьменьніка Беларусі гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.