Кнігу «Васіль Быкаў 100» выдала асьветная суполка «Скарына» — адна зь першых беларускіх арганізацый, заснаваных у Празе пасьля падзеньня камунізму.
У выданьні сабраныя 100 цытатаў пісьменьніка, якія гучалі ў розныя гады на Радыё Свабода, агляд яго выданьняў у Чэхаславаччыне, лісты з Хэльсынкі, Бэрліну і Франкфурту ў Прагу, успаміны пра ягонае знаходжаньне ў сталіцы Чэхіі. Над кнігай працавалі былыя журналісты Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, Галіна Навумчык, Сяргей Навумчык, Алена Ціхановіч і Сяргей Шупа.
Прадмова да кнігі Аляксандра Лукашука
Васіль Быкаў: сто абліччаў
Чалавек слова, чалавек каменю, чалавек мёртвых, чалавек жывых, чалавек пакуты, чалавек бяды, чалавек супраціву, чалавек моўкнасьці, чалавек голасу, чалавек цярпеньня, чалавек прыцемку, чалавек туману, чалавек сьвітаньня, чалавек сьцюжы, чалавек годнасьці, чалавек стрыманасьці, чалавек горычы, чалавек адпору, чалавек цьвёрдасьці, чалавек нязломнасьці, чалавек росту, чалавек одуму, чалавек стромы, чалавек бездані, чалавек выбару, чалавек лёсу, чалавек расстаньня, чалавек бездарожжа, чалавек выспы, чалавек пераправы, чалавек берагу, чалавек дому, чалавек радзімы, чалавек небакраю, чалавек руху, чалавек непахіснасьці, чалавек нявыкруткі, чалавек абстрэлу, чалавек абароны, чалавек контратакі, чалавек незалежнасьці, чалавек тугі, чалавек згушчанасьці, чалавек прадчуваньня, чалавек прарыву, чалавек расчараваньня, чалавек няспыннасьці, чалавек прысутнасьці, чалавек іншасьці, чалавек падмурка, чалавек страты, чалавек болю, чалавек моцы, чалавек засьцярогі, чалавек непазьбежнасьці, чалавек сьцяны, чалавек брамы, чалавек празрыстасьці, чалавек ахвяры, чалавек крыгалому, чалавек вызваленьня, чалавек волі, чалавек роспачы, чалавек сумневу, чалавек чысьціні, чалавек непадкупнасьці, чалавек кораня, чалавек скрыжаваньня, чалавек стрыжня, чалавек нематы, чалавек адзіноты, чалавек уразьлівасьці, чалавек упартасьці, чалавек знаку, чалавек неабходнасьці, чалавек пасланьня, чалавек выкупленьня, чалавек мяжы, чалавек цішыні, чалавек музыкі, чалавек меры, чалавек разьвітаньня, чалавек стомы, чалавек паразы, чалавек трываласьці, чалавек адужаньня, чалавек пералому, чалавек гарту, чалавек кнігі, чалавек людзкасьці, чалавек адраджэньня, чалавек вяртаньня, чалавек вернасьці, чалавек духу, чалавек любові, чалавек ісьціны, чалавек крыжа, чалавек узыходжаньня, чалавек сьвятла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наш Быкаў». Сьвятлана Алексіевіч: «Урок Быкава — як зрабіць выбар у бок сьвятла і ніколі не саступіць»Быкаў на Свабодзе: чытайце і слухайце
Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў (1924–2003) стаяў у першых шэрагах дэмакратычнага руху за нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі. Ён удзельнічаў у стварэньні Беларускага народнага фронту (1988) і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1990), Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995) і Беларускага ПЭН-цэнтру (1995). Пасьлядоўны крытык Аляксандра Лукашэнкі, Быкаў стаў сымбалем змаганьня зь ягоным аўтарытарным рэжымам. У 1995-м, пасьля гвалтоўнага разгону галадоўкі апазыцыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, ён заявіў аб «прэлюдыі фашыстоўскага перавароту», прадказаўшы, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта».
Васіля Быкава, якога многія беларусы лічылі «сумленьнем нацыі», прыбралі зь дзяржаўных выданьняў, ягоныя кнігі перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Пісьменьніка, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, прапагандысты шальмавалі, вымусіўшы ехаць у эміграцыю. На Беларусь ён вярнуўся цяжка хворым, усяго за месяц да сьмерці. Пахаваньне Быкава ператварылася ў шматтысячны жалобны мітынг праз цэнтар Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Апошнія 15 гадоў свайго жыцьця Радыё Свабода стала ці не асноўным каналам звароту Быкава да свайго народу. Нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама думкамі, ацэнкамі і прагнозамі.
«Быкаў на Свабодзе» (2005): чытаць кнігу (PDF)
Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг., лісты, малюнкі, фота і ўспаміны. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».
«Быкаў на Свабодзе» (2004): слухаць аўдыёдыск
Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода
«Доўгая дарога дадому» (2010): слухаць аўдыёкнігу
Кніга мэмуараў народнага пісьменьніка Беларусі гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.