Беларусізацыя вядомых сусьветных інтэрнэт-сэрвісаў. Як яна адбываецца і чаму некаторыя зь іх ўпарцяцца

Каляж Радыё Свабода

Расказваем, як можна спрыяць таму, каб беларускую мову дадавалі ў інтэрнэт-сэрвісы, і як беларусы ствараюць беларускамоўную разумную калёнку.

Ёсьць на некаторых мапах, у мэсэнджарах і дзіцячых аплікацыях

Моўная актывістка Аліна Нагорная кажа, што беларуская мова ёсьць ужо ня толькі ў Signal. Хоць і ў гэтым мэсэнджары пакуль беларускамоўнай вэрсіі няма на Android. Раней яна зьявілася ў Telegram. Часткова беларуская мова ёсьць у Facebook, але значная частка там застаецца па-ангельску, прыкладам, у наладах. Нядаўна дадалі беларускую мову на электронную пошту Proton Mail, якая не патрабуе нумару тэлефону, каб зарэгістравацца.

Ёсьць мабільная аплікацыя для дзяцей «Слоўнік з зубрыкам», зь якой можна вучыць беларускія словы. Аліна прывяла ў прыклад таксама малавядомую беларускамоўную праграму «Часопіс груднічка», якая падлічвае сон, пампэрсы, ежу для дзяцей.

Ёсьць мапа зь беларускай мовай — Organic maps. Раней Аліна Нагорная з паплечнікам Ігарам Случаком стварылі інструкцыю, як дадаваць беларускую мову на Google Maps. Беларусы зь ейнай дапамогай дадавалі назвы месцаў па-беларуску. Тут можна паглядзець, якія яшчэ сэрвісы ёсьць на беларускай мове.

Аліна Нагорная

Нявыгадна аўтарам, не патрэбна беларусам

Беларускай мовы дагэтуль няма ў Microsoft Office. Проджэкт-мэнэджар у адной зь міжнародных IT-кампаній Сямён* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) тлумачыць, што пераклад на іншыя мовы нявыгадны эканамічна. На ягоную думку, распрацоўнікі гэтай праграмы кіруюцца тым, што ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы.

«Любы вытворца думае: навошта мне перакладаць на беларускую мову, калі можна карыстацца расейскай? Або калі кліентам і рынку прапанаваць расейскую мову, то яны гэта ўсё „зьядуць“, бо ў іх няма выйсьця», — разважае Сямён.

На ягоную думку, такой пазыцыі прытрымліваюцца многія міжнародныя плятформы. Шмат дзе палітыка кампаніі — не займацца лякальнымі мовамі, тлумачыць суразмоўца. Беларусь адносіцца да краінаў СНД, на якія распаўсюджваецца падобная стратэгія. Пытаньне перакладаў на мовы нацыянальнасьцяў, якія разумеюць расейскую мову, звычайна не стаіць у шэрагу першасных задачаў.

Прычым тут пытаньне ня столькі колькасьці носьбітаў мовы. Бо ў Microsoft Office можна знайсьці мовы, на якіх гаворыць менш людзей, чым на беларускай, тлумачыць Сямён. Адказ у тым, што многія мовы нібыта можна замяніць расейскай.

Зь ягоных назіраньняў, беларускамоўнымі вэрсіямі часта займаюцца валянтэры ў свой вольны час. Або яны зьяўляюцца дзякуючы адзінкавым заўзятым актывістам. Прыклад такой ініцыятывы — беларуская мова ў Google Translate. Каб зрабіць лякалізацыю, дазвол кампаніі-распрацоўніка не патрэбны, калі сэрвіс мае адкрыты код. З удалых прыкладаў Сямён называе таксама зьяўленьне беларускай мовы ў мабільных тэлефонах Samsung.

Сямён думае, што перадусім варта дадаваць беларускую мову ў сэрвісы для дзяцей, у адукацыйныя праекты. Ён сам, кажа, лёгка карыстаецца ў інтэрнэт-сэрвісах ангельскай мовай, калі няма беларускай, і асабліва не засяроджваецца на гэтым пытаньні.

У справе дадаваньня беларускае мовы ў міжнародныя сэрвісы асноўная складанасьць — у саміх беларусах, перакананая Аліна Нагорная. Бо беларусы не гавораць пра адсутнасьць беларускай мовы як пра вялікую праблему.

«Моўная дыскрымінацыя адсоўваецца на соты плян. Наперад выводзяцца іншыя праблемы: эканамічная сытуацыя, палітвязьні, рэпрэсіі. Аднак я перакананая, што ў тым ліку праз сытуацыю зь беларускай мовай Расея шмат чаго атрымала, і праз гэта ў нас цяпер такая сытуацыя ўнутры краіны. Мова — гэта ня толькі сродак камунікацыі, а сродак нашай незалежнасьці», — кажа яна.

Ілюстрацыйнае фота

Як дадаваць беларускую мову ў інтэрнэт-сэрвісы

Аліна Нагорная мяркуе, што самім карыстальнікам варта прасіць, каб распрацоўнікі дадавалі беларускую мову на тыя прадукты, якімі яны карыстаюцца.

Няма аднаго мэханізму, паводле якога беларускую мову можна было б дадаць і ў міжнародныя сэрвісы, і ў беларускія арганізацыі, тлумачыць суразмоўца. Не заўсёды вядома, чаму сусьветны сэрвіс дадаў сабе беларускую мову: ці то спрычыніліся звароты звычайных людзей, ці перамовы на больш высокім узроўні, ці пэтыцыя. Міжнародныя сэрвісы не даюць афіцыйных адказаў, у адрозьненьне ад афіцыйных беларускіх арганізацый.

Калі зьявілася беларуская мова ў Signal, стала вядома, што Сьвятлана Ціханоўская абмяркоўвала раней гэтае пытаньне з прэзыдэнткай фонду мэсэнджара. Аліна Нагорная мяркуе, што чым больш мэтадаў выкарыстоўваць, тым лепш.

Экспэртка падзялілася, як можна паспрабаваць дадаць беларускую мову ў інтэрнэт-сэрвісы.

Калі гэта мабільная праграма, то можна напісаць у водгуках да праграмы і на кантакты стваральнікаў. Варта пісаць паўсюль, дзе можна, каб з большымі шанцамі зварот трапіў па адрасе.

Калі моўныя актывісты зьвяртаюцца ў міжнародную плятформу, то тлумачаць, што ў Беларусі існуе моўная дыскрымінацыя. Што ёсьць мільёны беларусаў, якія, паводле перапісу, карыстаюцца беларускай мовай, і што ім хацелася б карыстацца міжнароднымі прадуктамі на сваёй роднай мове.

Пры звароце ў беларускія арганізацыі Нагорная і Случак таксама згадваюць моўную дыскрымінацыю. Часам спасылаюцца на заканадаўства, паводле якога беларусы павінны мець усе сэрвісы і паслугі па-беларуску, бо беларуская мова ў Беларусі — дзяржаўная. Гэта Канстытуцыя, «Закон аб мовах».

Часам яны зьвяртаюцца ў вышэйшыя дзяржаўныя ўстановы. Тыя забавязваюць падпарадкаваныя структуры ўсталяваць беларускую мову ў сябе на сайтах. Яшчэ некалькі гадоў таму на сайтах многіх гарвыканкамаў моўныя актывісты не знайшлі беларускае мовы.

Зварот у вышэйшую арганізацыю, на думку Нагорнай, працуе больш эфэктыўна, чым проста звароты па адрасе. Аліна адзначае, што на дзяржаўных сайтах дагэтуль якасьць беларускай мовы не заўсёды высокая. Часам старонкі прапануюць проста аўтаматычны пераклад.

«У Беларусі, наадварот, лепш ціха напісаць зварот. А потым сказаць, што ёсьць нейкая перамога. Мы нават ня пішам пра ўсе свае перамогі. Калі мы гаворым пра міжнародныя плятформы, то чым больш спосабаў, тым лепш», — кажа Нагорная.

Яна мяркуе, што дзеля большай эфэктыўнасьці варта абмяркоўваць канкрэтныя тэрміны, аб’ём працы, умовы — прыкладам, калі міжнародным плятформам патрэбная дапамога зь беларускамоўнымі спэцыялістамі.

Аліна кажа, што часьцей звароты піша Ігар Случак. На гэта ў яго ідзе некалькі гадзін штодня. Час ідзе ня толькі на напісаньне звароту, але і на вывучэньне сытуацыі, пошук кантактаў.

Ілюстрацыйнае фота

Разумная беларуская калёнка «Adam»

Гэта гісторыя пра тое, як беларусы не дачакаліся ўлюбёнага сэрвісу на беларускай мове і вырашылі стварыць свой уласны прадукт. Міхась* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) разам з партнэрам ствараюць беларускамоўную разумную калёнку накшталт Google Home і Yandex Аліса. Яе назвалі Adam, з націскам на першы склад. Яна гаворыць мужчынскім голасам.

Самі стваральнікі карыстаюцца ангельскамоўнай калёнкай ад Google Home. Ангельскай мовай яны валодаюць добра, але адчуваюць, што яна ім ня родная і камунікацыя не такая свабодная. Таму хацелі б, каб зьявіўся падобны беларускамоўны сэрвіс.

Міхась спадзяваўся, што хтосьці з гігантаў, якія ўжо маюць свае калёнкі, дадасьць беларускую мову. Але зразумеў, што кампаніям гэта нявыгадна, бо беларускамоўны рынак надта малы. Сам ён зваротаў туды не пісаў.

«Я ведаю, як вялікія кампаніі лякалізуюць свае прадукты на розныя рынкі. Гэта павінна быць вельмі сур’ёзна абгрунтаваная эканамічная падстава. Гэта альбо рынак, дзе можна добра зарабіць, альбо сацыяльна-культурны праект. Прыкладам, кампанія зрабіла бясплатную падпіску ўкраінцам падчас вайны», — тлумачыць суразмоўца.

Міхась разважае, што Google, хутчэй за ўсё, ня зойдзе на беларускі рынак, бо там актыўна дзейнічае Yandex. Але расейскаму Yandex’у, на ягоную думку, нецікава рабіць беларускамоўны прадукт.

Тады Міхась з партнэрам вырашылі рабіць беларускамоўную калёнку самі. З адукацыі Міхась — інжынэр-праграміст. Калі ChatGPT пачаў гаварыць па-беларуску, Міхась патэставаў яго. Зрабіў выснову, што штучны інтэлект генэруе ўжо дастаткова добрую беларускую мову, хоць ёсьць праблемы з націскамі. Яшчэ варта папрацаваць над ягоным вымаўленьнем. Але з апорай на яго можна рабіць і калёнку.

Праграміст разьлічвае, што прыкладна за год беларускую мову дапрацуе ChatGPT, або гэта зробіць ініцыятыва donar.by, якая просіць беларусаў начытваць, як гучаць пэўныя выразы на беларускай мове, і вучыць кампутары разумець вусную беларускую мову.

«Я за месяц-два на калене сабраў зусім просьценькі прататып. Калі ўкласьці троху грошай, троху сувязяў, знайсьці правільных людзей, то мы зможам адносна нядорага і пасьпяхова запусьціць гэты прадукт на беларусаў», — кажа суразмоўца.

Прататыпам Міхась заняўся сёлета ў лютым. Ужо ёсьць скрыначка, надрукаваная на 3D-прынтары. У ёй дзюрка для дынаміка і сьвятлодыёдная стужка, якая мае паказваць, як калёнка думае.

Пакуль беларускую мову ў штучнага інтэлекту не дапрацуюць, калёнку ў шырокі ўжытак запускаць ня будуць. У саміх аўтараў няма на гэта рэсурсу. Застаецца пачакаць, пакуль штучнае беларускамоўнае маўленьне дапрацуюць іншыя. Потым прадукт можна будзе маштабаваць на іншыя невялікія народы, мяркуе Міхась.

Дзякуючы інтэграцыі беларускамоўнай калёнкі зь іншымі сэрвісамі людзі змогуць слухаць навіны на беларускай мове, беларускамоўныя кнігі, песьні, казкі для дзяцей.

Каб запусьціць беларускамоўную калёнку ў дапрацаваным выглядзе, трэба, каб над ёю працавалі 3–4 чалавекі паўгода, тлумачыць Міхась. На гэта патрэбна 100–180 тысяч эўра. Калі рабіць тое самае без заробку ў вольны час, спатрэбіцца 2–3 гады.

Напачатку, калі прадукт запусьцяць, ён будзе платны. Гэта можа здарыцца і празь некалькі гадоў. У будучыні яго могуць зрабіць бясплатным.