«Лукашэнка выйграў выбары [у 1994 годзе], я ў гэтым упэўнены абсалютна. Ён сапраўды іх выйграў. Я не лічу, што ён быў стаўленікам Масквы. Масква ставіла і на Лукашэнку, і на Кебіча — яна так часта працуе: у розныя кошыкі розныя яйкі. Хто б ні выйграў, Масква была б задаволеная», — лічыць Аляксандар Мілінкевіч, кандыдат у прэзыдэнты (2006 год), цяпер — кіраўнік Вольнага беларускага ўнівэрсытэту і пазаштатны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях эўрапейскага выбару Беларусі.
«Масква працуе на кожных выбарах у Беларусі — і будзе працаваць, будзе адстойваць свае інтарэсы. Але так, што «прывезьлі і паставілі» [кандыдата] — не. Проста супадзеньне: час трывожны, час бедны, і прыходзіць чалавек, які шчыра-прашчыра абяцае...» — дадае палітык.
У новым відэа праекту «Сьведкі Лукашэнкі» Аляксандар Мілінкевіч таксама расказвае:
- як стаў намесьнікам мэра Горадні,
- чаму Шушкевіч зьбіраў поўныя залі, а Пазьняк ня мог выйграць прэзыдэнцкія выбары,
- хто меў самыя вялікія шанцы стаць прэзыдэнтам замест Лукашэнкі,
- а таксама пра Макея, імпэрскую Расею і тое, чаго беларусам не хапіла ў 2020 годзе.
«Сьведкі Лукашэнкі»
«Сьведкі Лукашэнкі» – сэрыя відэаінтэрвію зь людзьмі, якія паспрабуюць ацаніць тое, што і чаму адбылося ў Беларусі ў 1994 годзе і як зьмянілася беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў.
Сёлета спаўняецца 30 гадоў з моманту першых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Чаму тагачаснае беларускае грамадзтва выбрала Аляксандра Лукашэнку, ці магло ўсё скласьціся па-іншаму або менавіта такі вынік быў тады наканаваным? Які шлях прайшло беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў, ці вывучыла яно ўрокі гісторыі?
Гэтыя ды іншыя тэмы Віталь Цыганкоў абмяркоўвае з гасьцямі Свабоды ў праекце «Сьведкі Лукашэнкі».