Пра хлеб, праўду і свабоду
«Народ, як і сто гадоў таму, ва ўмовах несвабоды „цёмны і сьляпы, нібы крот“. Але той факт усяляк хаваецца ад сьвету, у тым ліку і ад народу, бо той факт — складнік сьвятое праўды. А праўда, тым болей сьвятая, ёсьць набыткам свабоды і свабоднага грамадзтва. Іншым яна не патрэбная. І вось сытуацыя: без свабоды няма хлеба. Бяз хлеба немагчымая свабода, якой перш-наперш патрэбная праўда. Але праўда заўсёды прадукт свабоды. Падобна — зачараванае кола. Я ня ведаю, як і калі здолее разарваць яго Беларусь». (2001)
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Быкаў на Свабодзе. «Калі Беларусь стане Паўночна-Заходнім краем Расейскай імпэрыі, беларуская мова сканае канчаткова»
Пра масавую сьвядомасьць
«Масавая сьвядомасьць зусім не павінна валодаць, ды і ніколі не валодала нейкімі аналітычнымі здольнасьцямі. Звычайна ў людзей кароткая памяць». (1996)
Пра сацыялёгію ў аўтарытарнай дзяржаве
«Што датычна сацыялягічных дадзеных, дык даўно ім ня веру. Я лічу, што ў Беларусі няма сацыялёгіі. Дадзеныя сацыёлягаў высмактаныя з пальца, яны нічога не адлюстроўваюць. Гэта навука, якая ў нас абанкруцілася яшчэ ў зародку. Скажыце, што-небудзь з яе прагнозаў ажыцьцявілася ў апошні час?» (1996)
Пра дапамогу
«Вельмі падобна, што дапамагчы нам ня можа ніхто — так глыбока завязьлі мы ў багне хлусьні і тыраніі, што ад нас адвярнуўся ўвесь белы сьвет. I ўсё ж нам, як тым зэкам, дужа непажадана трапіць з адной камэры ў такую ж іншую, асабліва калі перапынак паміж допытамі апынуўся такі кароткі». (2002)
Пра глябалізацыю
«Глябалізацыя — гэта зьява ўсё ж вельмі складаная і непрадказальная. Некаторыя параўноўваюць нашу інтэграцыю зь іх глябалізацыяй, даводзяць, быццам гэта дзьве зьявы аднаго кірунку. А я сказаў бы, што гэтыя зьявы абсалютна непараўнальныя. Бо ўсё ж іхная глябалізацыя — ад празьмернасьці, ад лішку. А нашая так званая інтэграцыя — ад беднасьці, ад нэндзы. Каб нешта аб’яднаць, трэба яго мець, бо дзьве антыдэмакратыі ці тыраніі, складзеныя ў адно, ня здольныя ў выніку дэмакратызаваць што-небудзь. А вось падвоіць людзкое бяспраўе і дыктатуру яны здольныя». (2001)
Пра страту Курапатаў
«У маральным сэнсе страты ня будзе. Таму што незалежна ад таго, ці будзе ў Курапатах пампэзны ці шыкоўны мэмарыял, ці яны будуць закатаныя пад асфальт, усё-ткі праўда ўжо выйшла з падзямельля, яна жыве, і ў гісторыі Беларусі яна ўжо прапісаная навек. Але было б вельмі добра, каб гэтая праўда знайшла нейкае матэрыяльнае ўвасабленьне, каб людзі бачылі нейкі знак, сымбаль таго, што там адбывалася ў 1930-я гады, і задавалі сабе пытаньне — хто вінаваты? Але, відаць, гэтага ня будзе, і ў тым страта для грамадзтва. Але для гісторыі Беларусі яны знойдзеныя і ўпісаныя ў яе, я думаю, навек». (2001)
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Быкаў на Свабодзе. «Мы павінны назваць імёны катаў нашых ахвяр»
Пра радасьць для душы
«Радуе толькі прырода… Я пэўна ведаю, што прыйдзе вясна, настане лета, засьвеціць сонейка — і няважна, незалежна ад грамадзкага ладу, ад таго, будуць выбары ці ня будуць выбары, незалежна ад таго, пераможа якая партыя, і нават які капітал накопяць у нас карумпаваныя структуры, — усё-такі зазелянее трава, і ўзыдуць нейкія кветкі. І ў наш час вось толькі гэта і дае радасьць для душы». (1993)
Пра аптымізм
«Трэба было б недзе набрацца аптымізму. Пра гэта цяпер мы ўсе думаем і гаворым, але рэч у тым, дзе яго ўзяць, адкуль ён можа зьявіцца, гэты аптымізм? Гістарычны аптымізм — ён існуе. Але паколькі кожная асоба разважае ў межах свайго псыхалягізму, уласнага сьвету, дык тут якраз гэтага аптымізму няма». (1999)
Пра яднаньне
«Мы занадта слабыя, каб дзейнічаць паасобку, каб доўга вагацца, выбіраць і перабіраць, з кожнае нагоды круціць носам. Тым болей самаеднічаць, цягнуць да халоднай вайны ва ўласным стане. Ня можам таго дазволіць сабе, бо інакш нас хутка ня стане. Ні правых, ні левых. Ні пэсымістаў, ні аптымістаў. Ні праведнікаў, ні вінаватых». (2003)
Пра тое, пры якой умове ня зьнікне Беларусь
«Мабыць, сапраўды ва ўсяленскім маштабе, у мікракосмасе адбываюцца таемныя працэсы, падобныя да тых, што вядомы нам па жыцьці на зямлі: нараджэньне, разьвіцьцё, адміраньне. Калі гэта так, дык беларускі этнас дужа малады, ён толькі падбіраецца да свайго разьвіцьця, якога па некаторых прычынах быў пазбаўлены ў мінулым. Тое наша разьвіцьцё павольнае, духоўна-фізычныя магчымасьці яго рэалізуюцца ашчадна-замаруджана, найбольшы ягоны росквіт наперадзе. Але тое пэўна, што Беларусь ня зьнікне, калі ня скорыцца чужой сіле, яшчэ разгорне свой жыцьцёвы патэнцыял і зьдзейсьніць на боскай зямлі сваю людзкую місію». (1994)
Пра самае неабходнае
«Самае кепскае — палітычны анабіёз нацыі. Самае неабходнае — прачнуцца і падняцца з каленаў». (1993)
Укладаньне цытат — Сяргей Навумчык.
Быкаў на Свабодзе: чытайце і слухайце
Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў (1924–2003) стаяў у першых шэрагах дэмакратычнага руху за нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі. Ён удзельнічаў у стварэньні Беларускага народнага фронту (1988) і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1990), Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995) і Беларускага ПЭН-цэнтру (1995). Пасьлядоўны крытык Аляксандра Лукашэнкі, Быкаў стаў сымбалем змаганьня зь ягоным аўтарытарным рэжымам. У 1995-м, пасьля гвалтоўнага разгону галадоўкі апазыцыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, ён заявіў аб «прэлюдыі фашыстоўскага перавароту», прадказаўшы, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта».
Васіля Быкава, якога многія беларусы лічылі «сумленьнем нацыі», прыбралі зь дзяржаўных выданьняў, ягоныя кнігі перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Пісьменьніка, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, прапагандысты шальмавалі, вымусіўшы ехаць у эміграцыю. На Беларусь ён вярнуўся цяжка хворым, усяго за месяц да сьмерці. Пахаваньне Быкава ператварылася ў шматтысячны жалобны мітынг праз цэнтар Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Апошнія 15 гадоў свайго жыцьця Радыё Свабода стала ці не асноўным каналам звароту Быкава да свайго народу. Нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама думкамі, ацэнкамі і прагнозамі.
«Быкаў на Свабодзе» (2005): чытаць кнігу (PDF)
Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг., лісты, малюнкі, фота і ўспаміны. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».
«Быкаў на Свабодзе» (2004): слухаць аўдыёдыск
Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода
«Доўгая дарога дадому» (2010): слухаць аўдыёкнігу
Кніга мэмуараў народнага пісьменьніка Беларусі гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.