Цягам двух тыдняў у Жэнэве праходзіла чарговая, 112-я па ліку Міжнародная канфэрэнцыя працы, на якой Камітэт па ўжываньню стандартаў Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), сярод іншага, дасьледаваў сытуацыю з правамі працоўных Беларусі. З справаздач ранейшых гадоў гэтая сытуацыя выглядала вельмі праблемнай.
На адмысловым паседжаньні ўдзельнікі канфэрэнцыі заслухалі актывістаў незалежных прафсаюзаў Беларусі, а таксама прадстаўнікоў беларускага ўраду і праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ). Выканаўца абавязкаў старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Максім Пазьнякоў мяркуе, што праўладная дэлегацыя пацярпела паразу.
«Відавочна, што яны прайгралі, іх пазыцыя выглядала вельмі вартай жалю. Падтрымалі беларускую ўрадавую дэлегацыю толькі калегі з Расеі і нешматлікіх краінаў, якія ім заўсёды кідаюцца дапамагаюць, бо ў саміх праблемы з правамі працоўных. Гэта Нікарагуа, Вэнэсуэла, Іран, Кітай. Але пераважная большасьць дэлегатаў, а гэта працоўныя, працадаўцы і ўрады, галасавалі за высновы камітэту, якія мы адстойвалі», — сказаў Пазьнякоў.
Ён з калегамі дамагаўся, каб ціск на беларускі ўрад павялічваўся, каб адбываліся інспэкцыі месцаў зьняволеньня беларускіх актывістаў. Таксама гаворка ішла пра ўсталяваньне асаблівага кантролю за сытуацыяй з правамі працоўных з боку кіраўніцтва МАП.
«Асабліва рашуча выступілі за гэта прадстаўнікі ўрадаў Эўрапейскага Зьвязу і ЗША, а таксама прадстаўнікі прафсаюзаў Японіі, Бразыліі, Кеніі, Нідэрляндаў, Бэльгіі, Швэцыі, глябальных аб’яднаньняў працоўных Індастрыял, саюзаў працоўных харчовай вытворчасьці і дрэваапрацоўкі. У выніку асноўны дакумэнт прыняты, і ён нас задавальняе. Цягам году ціск на беларускі ўрад з боку міжнародных прафсаюзаў пэўна павялічыцца і гэта мусіць спрацаваць. А Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі на наступную штогадовую канфэрэнцыю ўвогуле могуць не дапусьціць, бо яе паўнамоцтвы паставілі пад пытаньне», — расказаў Свабодзе Пазьнякоў.
Паводле яго слоў, самае важнае рашэньне канфэрэнцыі адносна Беларусі — плян дамагацца ад беларускага ўраду дазволу на наведваньне ўсіх зьняволеных прафсаюзных актывістаў замежнымі мэдыкамі. Канфэрэнцыя спадзяецца, што гэтая місія зможа ацаніць стан здароўя беларускіх палітвязьняў і пры неабходнасьці аказаць ім мэдычную дапамогу.
Другі важны пункт, як лічыць Максім Пазьнякоў, — «утварэньне трохбаковай місіі МАП для ацэнкі сытуацыі і наведваньня прафсаюзных актывістаў, якія ў дадзены час знаходзяцца за кратамі ці пад вартай».
Каб гэтыя рашэньні прасоўваліся і ў выніку былі выкананыя, удзельнікі канфэрэнцыі прапанавалі Генэральнаму дырэктару МАП прызначыць адмысловага пасланьніка па Беларусі.
«Гэтаму пасланьніку будзе даручана місія ўзгадненьня працы з прадстаўнікамі ААН, што моцна павысіць ягоныя паўнамоцтвы», — лічыць Максім Пазьнякоў.
Падчас працы канфэрэнцыі адбыліся выбары чальцоў адміністрацыйнай рады МАП — важнага органа, які забясьпечвае дзейнасьць гэтай аўтарытэтнай міжнароднай прафсаюзнай арганізацыі. На прапанову дэлегацыі беларускіх незалежных прафсаюзаў чальцом рады быў абраны Аляксандар Ярашук — старшыня БКДП, якога ў Беларусі трэці год трымаюць за кратамі.
«У той дзень шмат хто з удзельнікаў канфэрэнцыі надзеў цішотку з партрэтам Аляксандра Ярашука — на знак салідарнасьці зь ім і з усімі палітвязьнямі — актывістамі прафсаюзаў, якія пакутуюць за кратамі», — расказаў Максім Пазьнякоў.
Прафсаюзны актывіст згадаў таксама Генадзя Фядыніча, Васіля Берасьнева, Вацлава Арэшку, Вольгу Брыцікаву.
«За кратамі дзясяткі нашых сяброў. Пра іх зь вязьніц зусім мала зьвестак, бо ўлады абмяжоўваюць інфармацыю, ствараюць такія ўмовы, пры якіх сваякі баяцца нешта нам расказваць, каб не нашкодзіць нашым калегам. Але нешта ўсё роўна праходзіць. Вось пра Аляксандра Ярашука даведаліся, што яму ў вязьніцу перадалі апарат для вымярэньня ціску. У яго гэтая праблема абвастрылася, як перавялі ў „крытую турму“ ў Магілёў. Берасьнеў і Фядыніч пакутуюць ад хваробы нырак, Арэшка амаль нічога ня бачыць, настолькі згубіў у вязьніцы зрок. Над Брыцікавай адбыўся суд, але нават не паведамілі пра вырак. Але мы не забываем сваіх сяброў, і Міжнародная арганізацыя працы таксама на нашым баку. Хай усе пра гэта ведаюць», — сказаў Максім Пазьнякоў.
Наступная Міжнародная Канфэрэнцыя працы пройдзе праз год, у чэрвені 2025 году, і зноў будзе асобна вывучаць сытуацыю ў Беларусі. «Беларускае пытаньне ня здымуць з парадку дня, пакуль праблема ня будзе вырашаная», — мяркуе выканаўца абавязкаў старшыні БКДП Максім Пазьнякоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня Аляксандра Ярашука выбралі ў Адміністрацыйную раду Міжнароднай арганізацыі працы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная асацыяцыя працы асудзіла перасьлед незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі