Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная асацыяцыя працы асудзіла перасьлед незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі


Аляксандар Ярашук, зьняволены лідэр беларускіх незалежных прафсаюзаў
Аляксандар Ярашук, зьняволены лідэр беларускіх незалежных прафсаюзаў

На 112-й канфэрэнцыі Міжнароднай асацыяцыі працы (МАП) у Жэнэве Камітэт па ўжываньні стандартаў МАП правёў адмысловую сэсію, прысьвечаную абуральным парушэньням працоўных правоў у Беларусі.

Пра гэта паведамляе выданьне «Салідарнасьць».

Прадстаўнікі боку працоўных паведамілі Камітэту, што цягам апошніх трох гадоў дзейны палітычны рэжым ліквідаваў усе незалежныя прафсаюзы і афіцыйна забараніў іх дзейнасьць у краіне. У турмы былі пасаджаныя амаль 60 прафсаюзных лідэраў і актывістаў. Сярод іх выконваючы абавязкі чальца Адміністрацыйнай рады МАП, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук, які быў асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі.

Прадстаўнікі МАП адзначылі, што ў Беларусі ўсе дасягненьні за апошнія дзесяцігодзьдзі па паляпшэньні ўзаемаадносінаў паміж уладамі, працадаўцамі і незалежнымі прафсаюзамі былі пахаваны пасьля 2020 года.

Прадстаўнік беларускага ўраду Ігар Старавойтаў адмаўляў усе прэтэнзіі міжнароднай арганізацыі, называючы гэтае пытаньне палітызаваным і справакаваным заходнімі дзяржавамі. Ён заявіў, што такія дзеяньні маюць на мэце пагоршыць эканамічнае становішча простых людзей, каб выклікаць сацыяльнае напружаньне ў грамадзтве.

Чыноўнік зазначыў, што МАП стала пляцоўкай для лябістаў з краін Захаду, якія спрабуюць аказаць ціск на Беларусь, а ўсё, што адбываецца ў краіне — унутраная справа. Такую пазыцыю падтрымалі прадстаўнікі Кітаю, Расеі, Эгіпту, Вэнэсуэлы, Кубы, Нікарагуа, Лаосу, Эрытрэі, Азэрбайджану, Казахстану, Туркмэністану, Сырыі і Малі.

Іх прадстаўнікі адзначылі, што ў Беларусі прысутнічае паўнавартаснае прафсаюзнае аб’яднанбне ў выглядзе Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), якая прывезла на сэсію 12 чалавек на чале з новаабраным старшынёй Юрыем Сянько.

Прадстаўнік МАП Марк Леманс, адзначыў пагаршэньне сытуацыі і перасьлед прафсаюзных актывістаў у Беларусі. Ён прывёў у якасьці прыкладу заведзеныя крымінальныя справы на Леаніда Судаленку, які ўжо вызваліўся, і арыштаваную Вольгу Брыцікаву. ФПБ ён назваў залежнай ад дзяржавы арганізацыяй.

Прадстаўнікі краінаў ЭЗ, паўночнай Эўропы, Швайцарыі, Канады, ЗША, Вялікай Брытаніі ў сваіх выступах са шкадаваньнем прызналі, што за мінулы год сытуацыя не зьмянілася і ўлады Беларусі не зрабілі ніякіх крокаў для яе вырашэньня.

Прадстаўнікі Бразыліі і Калюмбіі адзначылі, што іх краіны таксама прайшлі праз дыктатуру і перасьлед прафсаюзных актывістаў. Дзейны прэзыдэнт Бразыліі Лула да Сільва прайшоў праз турмы за прафсаюзную дзейнасьць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG