Паводле блізкіх да сям’і Гундара крыніц, такіх вершаў яны атрымалі больш за 100. Але вось ужо восьмы месяц вершы ад Ўладзімера да сваякоў не даходзяць. Апошні верш Гундара атрымалі ў лістападзе 2023 году, ён называўся «Любоў, надзея і вера».
...Напярэдадні целагрэечку атрымаў —
Плоць маю яна сагравае.
На дварэ восень глыбокая —
Дні кароткія і цёмныя.
Восень глыбокая і ў душы,
Але душа не прымае цемры.
Надзеяй жыве душа —
Душа вясны чакае.
Любоў, надзея і вера
Саграваюць душу мне.
Прычыны, чаму вершы Ўладзімера Гундара перасталі даходзіць на волю, ягоным родным невядомыя.
«Апошні верш прыйшоў з магілёўскай турмы, калі яго толькі туды перавялі з калёніі, летась у лістападзе. А потым лісты пачалі прыходзіць зь перапынкамі, гэта сваякі па нумарах заўважылі. Прычым высьветлілася, што не даходзяць менавіта тыя лісты, у якіх вершы. Тады ён мусіў перастаць пісаць вершы, і ў выніку цяпер лісты даходзяць па парадку, але бязь вершаў», — паведаміла крыніца.
Краязнаўцу з Баранавічаў Уладзімера Гундара асудзілі на 20 гадоў зьняволеньня паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «замах на змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам» і «абраза прадстаўніка ўлады».
Сваёй віны Ўладзімер Гундар не прызнаў, беларускія праваабаронцы ўключылі яго ў сьпіс палітычных зьняволеных. Да суду Гундара, у якога няма адной нагі, трымалі ў некалькіх сьледчых вязьніцах, у тым ліку ў карцары.
Адбываць пакараньне палітвязень пачаў у калёніі ў Бабруйску, адкуль летась яго перавялі на турэмны рэжым у магілёўскую турму № 4.
Пра ўмовы ўтрыманьня і здароўе Ўладзімера Гундара вядома няшмат.
«Сядзіць у адзіночцы. Раз на месяц даюць званок. Даходзяць лісты. Піша пра кнігі, якія прачытаў, пра прыроду і надвор’е, успамінае былое жыцьцё. А пра здароўе ня піша, бо не прывык скардзіцца. Тое, што яго пазбавілі магчымасьці пісаць вершы, для яго вельмі пакутліва», — паведаміла крыніца пра Ўладзімера Гундара.
У 2023 годзе палітвязень Уладзімер Гундар за турэмны верш «У сьвеце, якім бы ён ні быў...» быў уганараваны прэміяй імя Францішка Аляхновіча, якой адзначаюцца літаратурныя творы, напісаныя ў зьняволеньні ці пра зьняволеньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьню Гундару далі патэлефанаваць на волю, ён расказаў, як успаміны пра музыку дапамагаюць яму трымацца ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Стала вядома, колькі гадоў «крытай турмы» прысудзілі бязногаму «тэрарысту» Гундару