Чаму Беларусь ня выдасьць забойцу польскага памежніка? Думка аналітыка Каміля Клысіньскага

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Польскі памежнік на беларуска-польскай мяжы, кастрычнік 2023 году

Аналітык польскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысіньскі аналізуе, як могуць зьмяніцца беларуска-польскія адносіны пасьля сьмерці польскага памежніка, расказвае, датычна якой праблемы існуе кансэнсус ва ўсіх польскіх палітыкаў, і адказвае на пытаньне, ці магчымае зараз адкрыцьцё яшчэ аднаго памежнага пераходу.

Сьцісла:

  • Вялікай наіўнасьцю было б лічыць, што мігранты самастойна, без падтрымкі дабіраюцца да мяжы, узброеныя рознымі прадметамі.
  • Пэрспэктывы хоць нейкага дыялёгу з афіцыйным Менскам выглядаюць сёньня цьмянымі і няпэўнымі.
  • Лукашэнка баіцца, што ў выніку дыялёгу з Захадам ён зноў страціць кантроль над грамадзтвам і ўзьнікне пагроза ягонай уладзе.
  • Неабходнасьць бараніцца ад гібрыднай атакі на Польшчу з боку Расеі і Беларусі аб’ядноўвае ўсіх польскіх палітыкаў.

— У выніку нядаўняга забойства мігрантам польскага памежніка напружаньне ў беларуска-польскіх адносінах дасягнула новай, дастаткова небясьпечнай рысы. Ці лічыце вы, што гэты інцыдэнт можа застацца асобным выпадкам, або ён сур’ёзна паўплывае на пагаршэньне стасункаў паміж Менскам і Варшавай?

— Вядома, ня хочацца, каб гэты інцыдэнт яшчэ болей пагоршыў стасункі паміж дзьвюма суседнімі дзяржавамі, але гэта, безумоўна, вельмі крытычны момант, бо гібель памежніка — гэта ўжо нейкае іншае вымярэньне.

Каміль Клысіньскі

Нават калі дапусьціць, што гэта адбылося выпадкова і не зьяўлялася мэтай беларускіх уладаў, а атрымалася ў выніку пэўных абставінаў, усё ж усе мы ведаем, што гэтых мігрантаў наўмысна пускаюць на мяжу. Ніхто не зьяўляецца настолькі наіўным, каб лічыць, што яны самастойна, без падтрымкі дабіраюцца да мяжы, узброеныя рознымі прадметамі, за якія апазыцыйных беларусаў даўно б пасадзілі на самыя вялікія тэрміны. Сьмерць памежніка — гэта сапраўды вялікі выклік. Узьнікаюць натуральныя пытаньні да беларускага боку, каб высьветліць усе абставіны, дамагчыся выдачы забойцы польскаму боку. Магчыма, у Менску ўсьвядомяць, што гэтая эскаляцыя зайшла занадта далёка, што трэба адумацца і спыніцца.

— А як вы лічыце, ці магчыма нават тэарэтычна, што Менск выдасьць польскім уладам забойцу памежніка? З аднаго боку, гэта быў бы вельмі моцны крок (калі б Менск сапраўды жадаў дээскаляцыі, паляпшэньня адносінаў). З другога боку, за апошнія некалькі гадоў ня раз былі сытуацыі, калі можна было нешта зрабіць, каб палепшыць адносіны, і беларускі рэжым ніколі не рабіў такіх крокаў.

— Я даволі скептычна гляджу на пэрспэктывы хоць нейкага дыялёгу з афіцыйным Менскам. Ад 2021 году публічна гавару, што дыялёг з Лукашэнкам практычна немагчымы. 2020 год стаў для яго такой вялікай траўмай, і таму дыялёг з Захадам — гэта апошняя рэч, пра якую ён думае. Бо ён баіцца, што ў выніку такога дыялёгу зноў страціць кантроль над грамадзтвам і ўзьнікне пагроза ягонай уладзе.

Вядома, ня трэба забываць і пра расейскі чыньнік. Пры такім беспрэцэдэнтным узроўні ўплыву на Беларусь Масква не дазволіць Лукашэнку ісьці на рэальны дыялёг, нават калі б той захацеў.

Я мяркую, што Беларусь ня выдасьць гэтага мігранта, бо, сярод іншага, ён можа расказаць шмат цікавага пра тое, як усё арганізавана на беларускім баку, наколькі глыбока туды ўцягнутыя розныя беларускія спэцслужбы. Гэты чалавек, калі будзе выдадзены, будзе сябе абараняць і гаварыць шмат розных рэчаў, і гэта яўна будзе інфармацыя не на карысьць Менску.

Да таго ж тут пытаньне «захаваньня твару», як гэта разумее афіцыйны Менск, які апошнія гады не ідзе ні на якія саступкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канфлікт на польска-беларускай мяжы: што зьменіцца са стварэньнем буфэрнай зоны. Тлумачым у ВІДЭА

— Калі пачаўся мігранцкі крызіс на беларуска-польскай мяжы ў 2021 годзе, то нават унутры Польшчы некаторыя людзі крытыкавалі тагачасны ўрад PISa за нібыта занадта жорсткую палітыку да мігрантаў. Аднак пасьля прыходу да ўлады лібэральнай Кааліцыі палітыка абароны мяжы стала, бадай, яшчэ больш строгая.

Ствараецца «буфэрная зона», рэалізоўваецца праект «Усходні шчыт». Атрымліваецца, што абарона мяжы не залежыць ад унутранай палітыкі і ў Варшавы няма іншага выбару, хто б ні быў ва ўладзе?

— Так, безумоўна. У Польшчы фактычна ўсе, незалежна ад палітычных пазыцыяў, згодныя з тэзісам, што трэба абараняць сябе, абараняць адназначна і выразна. Бо цяперашні Менск разумее толькі такую мову і такія жэсты.

Я нават не выключаю, што магчымыя і новыя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі, але гэта выключна маё меркаваньне. Мы зараз бачым — «буфэрная зона», «усходні шчыт», усе гэтыя крокі. Нягледзячы на ўсе ўнутраныя палітычныя спрэчкі, якраз неабходнасьць абараніцца ад гібрыднай атакі на Польшчу з боку Расеі і Беларусі аб’ядноўвае ўсіх польскіх палітыкаў.

— Магчымасьць новых санкцыяў супраць Беларусі, пра якую вы згадалі, заўсёды існуе. Але з другога боку, беларускія дэмакратычныя сілы (гэта было выразна відаць падчас выбараў у Каардынацыйную раду) заяўляюць, што трэба ўзмацняць санкцыі супраць рэжыму, а не супраць народу, што, наадварот, трэба адкрываць межы для звычайных беларусаў. Наколькі гэта ўспрымаецца польскімі палітыкамі?

— Разуменьне таго, што трэба падтрымліваць сувязі і адчыненыя дзьверы для звычайных беларусаў, яно ёсьць. І большасьць палітыкаў у Польшчы гэта разумее і падтрымлівае. Нядаўна прэм’ер-міністар Дональд Туск заявіў, што трэба падумаць пра адкрыцьцё памежнага пераходу ў Баброўніках, аднак толькі для пасажыраў. Размова не ішла пра грузапаток, бо пакуль Менск не заслужыў гэтага сваімі дзеяньнямі.

Аднак на фоне апошніх падзеяў, на фоне гібелі польскага памежніка, нягледзячы на разуменьне польскімі палітыкамі неабходнасьці больш адкрытай мяжы для грамадзян Беларусі трэба разумець, што пакуль для гэтага няма ўмоваў. Калі краіна пад пагрозай гібрыднай вайны, то яе кіраўніцтва абавязана ў першую чаргу зыходзіць з прыярытэту дзяржаўнай бясьпекі. І толькі потым глядзець на ўсё астатняе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Варшава патрабуе ад Менску спыніць правакацыі на мяжы і выдаць нападніка, падазраванага ў забойстве польскага вайскоўца
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады ў Менску адрэгавалі на сьмерць польскага памежніка пасьля нападу мігранта з нажом: «Залішняя палітызацыя»