Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варшава патрабуе ад Менску спыніць правакацыі на мяжы і выдаць нападніка, падазраванага ў забойстве польскага вайскоўца


На польска-беларускай мяжы. Ілюстрацыйнае фота
На польска-беларускай мяжы. Ілюстрацыйнае фота

Польскага жаўнера нажом паранілі іншаземцы, якія спрабавалі незаконна перайсьці мяжу з боку Беларусі.

У Міністэрстве замежных спраў Польшчы паведамілі аб выкліку часовага паверанага ў справах Беларусі Аляксея Панкраценкі для ўручэньня ноты ў сувязі «з трагічнымі падзеямі на польска-беларускай мяжы, якія прывялі да гібелі польскага вайскоўца».

«Польшча рашуча патрабуе спыніць правакацыі на польска-беларускай мяжы і арганізаваць міграцыйны рух. У сувязі з тым, што злачынства адбылося на польскім баку мяжы, а таксама ў сувязі з расьсьледаваньнем, якое вядзе пракуратура, Міністэрства замежных спраў таксама патрабуе высьвятленьня асобы і выдачы падазраванага ў забойстве польскага грамадзяніна», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні МЗС Польшчы.

Шостага чэрвеня стала вядома, што паранены нажом 28 траўня каля беларускай мяжы польскі жаўнер, які пэўны час знаходзіўся ў стане клінічнай сьмерці, памёр у Вайсковым мэдычным інстытуце.

Іншаземцы, якія спрабавалі нелегальна трапіць на тэрыторыю Польшчы зь Беларусі, паранілі польскага жаўнера ў канцы траўня на мяжы пад Белавежай нажом, прымацаваным да галіны дрэва,

28 траўня каля памежнай заставы ў Дубічах Царкоўных адбыўся напад на польскіх жаўнераў у форме. У штурме ўдзельнічалі каля 50 іншаземцаў. Яны штурмавалі памежную агароджу, кідалі камяні і галіны дрэваў у польскіх памежнікаў і вайскоўцаў, а таксама выкарыстоўвалі вострыя прылады, прымацаваныя да галінаў. Адзін зь іх ударыў такім нажом вайскоўца, калі той спрабаваў перакрыць пралом у сталёвай агароджы.

  • Агулам пра напады мігрантаў, якія спрабавалі нелегальна трапіць у Эўразьвяз зь беларускай тэрыторыі, на польскіх вайскоўцаў і памежнікаў паведамлялі 28 і 31 траўня, а таксама 3 чэрвеня.
  • Як паведамлялі польскія СМІ, у польскага памежніка, параненага на мяжы зь Беларусьсю 3 чэрвеня, дактары дыягнаставалі пералом асновы чэрапа, таксама ў мужчыны была пашкоджаная вачніца, існавала рызыка, што «вока ня ўдасца ўратаваць». Стан памежніка мэдыкі ацэньвалі як цяжкі.
  • 29 траўня прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск пабываў ля мяжы зь Беларусьсю ў Дубічах Царкоўных (Падляскае ваяводзтва) і заявіў пра пляны аднавіць 200-мэтровую буфэрную зону каля мяжы зь Беларусьсю.
  • 1 чэрвеня віцэ-прэмʼер Польшчы — міністар нацыянальнай абароны Ўладыслаў Касіняк-Камыш заявіў, што буфэрную зону на мяжы зь Беларусьсю адновяць 4 чэрвеня. Аднак 3 чэрвеня кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк паведаміў, што вяртаньне буфэрнай зоны будзе перанесена на пазьнейшы тэрмін.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG