Старшыня праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі (СПБ) Аляксандар Карлюкевіч падтрымаў ідэю выдаць выбраныя творы Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
З такой прапановай на прэс-канфэрэнцыі 11 чэрвеня ў Менску выступіў Валер Шумілаў, які назваўся «навуковым публіцыстам». На яго думку, Лукашэнку, «улічваючы публіцыстычную дзейнасьць», неабходна прыняць у СПБ.
«Да гэтага пытаньня трэба ўмела падысьці, — заявіў на прэс-канфэрэнцыі ганаровы старшыня СПБ Мікалай Чаргінец. — Трэба, каб у адміністрацыі прэзыдэнта яму падалі гэтую ідэю, сказалі: Аляксандар Рыгоравіч, бярыцеся за кнігі — яны вельмі патрэбныя народу».
Паводле Чаргінца, СПБ «будзе рады» падтрымаць Лукашэнку ў гэтым.
Падводзячы вынік дыскусіі, Карлюкевіч адзначыў, што «многія-многія творы [Лукашенкі — рэд.] вартыя зьбіраньня ў кнігу, і яны будуць першакрыніцай для многіх сьпікераў, якія часам недарэчна яго пераказваюць». «Таму гэта выдатная прапанова», — падсумаваў кіраўнік СПБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саюз пісьменьнікаў Беларусі атрымаў грант адміністрацыі Пуціна на фэстываль «Русь і Беларусь адзіная»- 8 чэрвеня Лукашэнка павіншаваў СПБ з 90-годзьдзем з дня заснаваньня Саюзу пісьменьнікаў БССР, хоць праўладная арганізацыя мае да апошняга апасродкаванае дачыненьне.
- У 1991 годзе савецкае аб'яднаньне пераўтварылі ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Саюз актыўна ўдзельнічаў у грамадзкім і культурным жыцьці Беларусі, садзейнічаў распаўсюджваньню беларускай мовы і літаратуры. Збольшага не падтрымліваў палітыку рэжыму Лукашэнкі, таму сутыкнуўся зь ціскам з боку ўладаў. У 1997 годзе ў арганізацыі забралі Дом літаратара.
- У 2005 годзе група літаратараў на чале зь Мікалаем Чаргінцом, празаікам зь міліцэйскім мінулым, адкалолася ад Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і заснавала ляяльны да ўлады СПБ. Гэтай арганізацыі рэжым Лукашэнкі перадаў Дом літаратара і пачаў усяляк яе падтрымліваць.
- У 2020 годзе Саюз беларускіх пісьменьнікаў адкрыта асудзіў фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў і гвалт з боку сілавікоў у дачыненьні да пратэстоўцаў, заклікаў рэжым Лукашэнкі прызнаць сваю паразу і прыняць волю народу. СПБ чакана стаў на бок рэжыму Лукашэнкі.
- Улетку 2021 году ў офісе Саюзу беларускіх пісьменьнікаў прайшоў ператрус. СК забраў тэхніку і інфармацыйныя носьбіты, апячатаў памяшканьне. Міністэрства юстыцыі з фармальных прычын вынесла аб’яднаньню некалькі папярэджаньняў, на падставе якіх Вярхоўны суд яго ліквідаваў. Праз ганеньні на радзіме многія літаратары апынуліся ў эміграцыі.
- У 2022 годзе Лукашэнка даў Мікалаю Чаргінцу званьне народнага пісьменьніка Беларусі. Упершыню ў гісторыі краіны гэты статус атрымаў аўтар, які не напісаў ніводнай кнігі на беларускай мове.