Расея і Беларусь пачалі другі этап вучэньняў. Адпрацоўваюць прымяненьне ядзернай зброі

Расейскі самалёт МіГ-31

Пра манэўры з мадэляваньнем прымяненьня ядзернай зброі напісала Міністэрства абароны Расеі.

Пытаньні сумеснай падрыхтоўкі расейскіх і беларускіх войскаў «да баявога прымяненьня нестратэгічнай ядзернай зброі» будуць адпрацоўваць на другім этапе адпаведных вучэньняў, аб пачатку якіх 11 чэрвеня паведаміла Міністэрства абароны Расеі.

Напярэдадні аб удзеле беларускіх вайскоўцаў у другім этапе вучэньняў сказаў міністар абароны Віктар Хрэнін.

«Сёньня мы дзейнічаем на апярэджаньне, плянава павышаючы гатоўнасьць да прымяненьня так званай „зброі адплаты“», — сказаў ён, дадаўшы, што мерапрыемствы, зьвязаныя з удзелам Беларусі ў гэтых вучэньнях, «праводзяцца ў інтарэсах забесьпячэньня ўласнай бясьпекі і зьяўляюцца плянавымі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар Хрэнін адрэгаваў на заяву МЗС Літвы аб нанясеньні ўдараў па расейскіх вайсковых аб’ектах у Беларусі

Аб правядзеньні вучэньняў нестратэгічных ядзерных сілаў 6 траўня заявіў Генэральны штаб Міністэрства абароны Расеі. На наступны дзень Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся правесьці ў Беларусі «раптоўную праверку сродкаў – носьбітаў нестратэгічнай ядзернай зброі» з «падачай спэцбоепрыпасаў у ракетныя і авіяцыйныя вайсковыя часткі», загрузкай на пускавыя ўстаноўкі і падвешваньнем на самалёты.

Расейскае міністэрства падкрэсьліла, што другі этап вучэньняў пачаўся па распараджэньні кіраўніка Расеі Ўладзіміра Пуціна.

На першым этапе вучэньняў ракетныя злучэньні Паўднёвай вайсковай акругі Расеі адпрацавалі прыёмку спэцыялізаваных баявых частак для апэратыўна-тактычных ракетных комплексаў «іскандэр», іх устаноўку ў сродкі дастаўкі і прыхаваны вываз у прызначаны пазыцыйны раён для рыхтаваньня да пуску ракет, цытуе «Інтэрфакс» паведамленьне Мінабароны Расеі.

«Асабісты склад падразьдзяленьняў паветрана-касьмічных сіл Расеі, якія ўдзельнічаюць у вучэньнях, адпрацоўваў устаноўку на сродкі дастаўкі паветранага судна спэцыялізаваных боегаловак, у тым ліку гіпэргукавых балістычных ракет паветранага базаваньня „Кінжал“, і разгортваньне іх у прызначаныя раёны патруляваньня», — адзначылі ў ведамстве.

Міністэрства апублікавала кадры, на якіх відаць падрыхтоўку апэратыўна-тактычных ракетных комплексаў «Іскандэр» і палёты як мінімум трох зьнішчальнікаў МіГ-31 і двух далёкіх бамбавікоў «Тупалеў» Ту-22.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне назвалі заявы Хрэніна сьведчаньнем узмацненьня Крамлём ядзернага шантажу краін Захаду