Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Хрэнін адрэгаваў на заяву МЗС Літвы аб нанясеньні ўдараў па расейскіх вайсковых аб’ектах у Беларусі


Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін. Архіўнае фота
Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін. Архіўнае фота

Беларускія войскі бяруць удзел у другім этапе вучэньняў нестратэгічных ядзерных сіл Расеі.

У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што падразьдзелы Ўзброеных сіл Беларусі бяруць удзел у другім этапе вучэньняў зь нестратэгічнымі ядзернымі сіламі Расеі.

«Сёньня мы дзейнічаем на апярэджаньне, плянава павышаем гатоўнасьць да выкарыстаньня так званай зброі адплаты. Як ніколі раней, мы поўныя рашучасьці да рэагаваньня на любыя пагрозы, якія ствараюць як для нашай краіны, так і саюзнай дзяржавы», — працытавала міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна прэсавая служба ведамства.

Паводле яго, гэтыя вучэньні дазволяць ацаніць узровень падрыхтоўкі беларускай арміі ў арганізацыі ваеннай бясьпекі і ўзброенай абароне Беларусі.

«Яшчэ раз падкрэсьлю, што мерапрыемствы, зьвязаныя з удзелам нашых сродкаў і сіл у вучэньнях па падрыхтоўцы да выкарыстаньня нестратэгічнай ядзернай зброі, праводзяцца ў інтарэсах забесьпячэньня ўласнай бясьпекі і зьяўляюцца плянавымі», — заявіў міністар абароны Беларусі.

Віктар Хрэнін падкрэсьліў, што Беларусь «ня мае мэты стварыць якую-небудзь напружанасьць у пытаньнях рэгіянальнай бясьпекі» і «не праецыруе адпаведных ваенных пагроз на трэція краіны або яшчэ некага».

Міністар абароны Беларусі заявіў, што такія вучэньні сталі вынікам «бескампраміснай агрэсіўнай палітыкі» кіраўніцтва заходніх краіны, якое «дэманструе адсутнасьць гатоўнасьці да канструктыўнага дыялёгу».

«Пасьля няўдалых спробаў уцягнуць нас у эпідэмію каляровых рэвалюцый, задушыць эканамічнымі санкцыямі некаторыя асабліва гарачыя галовы на Захадзе выношваюць пляны выкарыстаньня сілы супраць нашай дзяржавы. Прадстаўнікі некаторых краін робяць заявы аб дазволе нанясеньня ўдараў іхнай зброяй, перададзенай Украіне, па тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Ну а кіраўнік МЗС Літвы ў сваім мілітарысцкім чадзе дагаварыўся да таго, што ўвогуле фактычна заклікаў да нанясеньня ўдараў па вайсковых аб’ектах Расеі на нашай тэрыторыі», — заявіў Віктар Хрэнін.

Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс 31 траўня, перад пачаткам саміту кіраўнікоў МЗС краін NATO ў Празе, адказаў на пытаньне Радыё Свабода, ці мусіць Ўкраіна паражаць і цэлі ў Беларусі.

«Я маю на ўвазе тое, што Ўкраіна павінна мець здольнасць абараняцца. Калі Расея, баючыся, што цэлі могуць быць пад ударам у Расеі, можа перанесьці іх кудысьці яшчэ, то я думаю, што выбар цэляў мусіць быць перанесены таксама»,— адказаў Ландсбергіс.

  • 6 траўня Міністэрства абароны Расеі абвясьціла аб правядзеньні ў найбліжэйшы час вучэньняў з тактычнай ядзернай зброяй у межах Паўднёвай вайсковай акругі ў адказ на «правакацыйныя заявы і пагрозы» Захаду. У камэнтарах амэрыканскіх чыноўнікаў гэта было названа безадказнымі паводзінамі.
  • 7 траўня ў Міністэрстве абароны Беларусі заявілі пра пачатак праверкі гатоўнасьці сілаў і сродкаў носьбітаў тактычнай ядзернай зброі з прымяненьнем штурмавікоў Су-25, апэратыўна-тактычных комплексаў «Іскандэр» і «Палянэз».
  • Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) лічаць, што раптоўная праверка ядзернай гатоўнасьці ў Беларусі накіраваная на ўзмацненьне кампаніі ціску Крамля на Захад дзеля зьмяншэньня дапамогі Ўкраіне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG