11 чэрвеня судовая калегія Вярхоўнага суду разгледае апэляцыйную скаргу лідэркі незалежнага прафсаюзу «Нафтану» Вольгі Брыцікавай на вырак, які ёй вынес Віцебскі абласны суд, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Прафсаюзную актывістку з Наваполацку абвінавачвалі ў «распальваньні сацыяльнай варожасьці». Апошняе паседжаньне суду над ёй адбылося ў красавіку, але вырак праваабаронцам дагэтуль невядомы. Максымальнае пакараньне паводле 1 часткі 130 артыкулу Крымінальнага кодэксу, які быў выстаўлены Вользе Брыцікавай, да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
Вольга Брыцікава знаходзіцца пад вартай са жніўня 2023 году. Да таго прафсаюзную актывістку некалькі разоў каралі адміністрацыйнымі арыштамі, агулам толькі ў 2022 годзе яна адбыла за кратамі 105 дзён. Але пасьля леташняга затрыманьня Вользе Брыцікавай выставілі крымінальнае абвінавачаньне, што прывяло да закрытага судовага працэсу на жанчынай увесну 2024 году. Праваабаронцы мяркуюць, што сёньня ў Вярхоўным судзе будзе разгледжана апэляцыйная скарга на прысуд, які быў вынесены Брыцікавай менавіта на тым працэсе.
У жніўні 2020 году Вольга Брыцікава, якая тады працавала на адказнай пасадзе ў ААТ «Нафтан», узначаліла страйкам работнікаў аб’яднаньня, якія выставілі шэраг патрабаваньняў да дзейнай улады краіны. Сярод патрабаваньняў былі адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, правядзеньне новых прэзыдэнцкіх выбараў, пакараньне вінаватых у гвалце над пратэстоўцамі сілавікоў.
Беларускія праваабаронцы прызналі Вольгу Брыцікаву палітзьняволенай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апэляцыю журналіста Карнея адхілілі. Ён рыхтуецца да калёніі, скардзіцца на цыгарэтны дым