Пра блытаніну ў галовах
«Ужо няма бэнзіну, цэны жахаюць сваім няспынным ростам, бандыты сталі сьмялейшыя за міліцыянэраў. Расея пагражае зусім адключыць газ і ня даць сыравіны, за якія, зрэшты, у нас няма чым плаціць, бо фінансавая сыстэма разваленая дарэшты. І людзі пачынаюць думаць: на якога д’ябла тая сувэрэннасьць, калі з ёй няма як жыць? Лепш назад — хоць у казарму, хоць у турму. У стойла. Канешне, там было кепска, але, калі рахмана сабе паводзіць, не злаваць начальства (асабліва маскоўскае), дык, можа, яшчэ не дадуць памерці ад голаду і сьцюжы. … Мы назіраем цяпер надзвычайную блытаніну прычынаў і сьледзтва, якою з пэўнай выгадай для сябе карыстаюцца тыя ж камуністы — ва ўладзе і каля яе». (1993)
Пра антысэмітызм
«Мы бачым, як абвастраецца антысэмітызм у нас, хоць бы па тым колькі надмагільляў на могілках разбурана, якія надпісы зьяўляюцца, дзе і каму ставяць гэтыя чамусьці фашысцкія сымбалі, тую самую фашысцкую свастыку. Прарываецца гэта, канешне, і ва ўладных структурах. Ня толькі ў адносінах, але таксама і ў выступленьнях». (1999)
Пра цану дэмакратыі
«Наша няўдача не азначае, што мы павінны пасыпаць галаву попелам, адрачыся ад сваіх мэтаў або шукаць нейкай лягчэйшай дарогі. Дэмакратычны шлях — адзінае выйсьце для Беларусі. Іншыя народы ішлі да яго яшчэ больш цяжка. Кожны народ мусіць заплаціць за свае здабыткі, а беларусы, мабыць, заплацілі яшчэ недастаткова». (1997)
Пра картатэку КДБ і выбар вэктару
«Спалох ад путчу на Беларусі стаўся можа нават мацнейшы, чым дзе яшчэ, бо ў нас з нядаўняга часу непрадказальным страшыдлам замаячылі Курапаты. Але ён і мінуўся хутчэй, калі аказалася, што БНФ марна палохае люстрацыяй, на якую ў яго ня хопіць высілак, бо ўся КДБісцкая картатэка прадбачліва адпраўленая на Лубянку. Гэтая акалічнасьць і вызначыла палітычны выбар беларускага кіраўніцтва: ня Захад, а — Усход». (1995)
Пра спазьненьне беларусаў
«Як вядома, гісторыя — пераважна крыважэрная драпежная ведзьма, рэдка які народ карыстаецца яе дабрынёй. А так — войны, голад, мор… Асабліва жахлівая доля выпадае тым народам, якія па розных прычынах спазьняюцца на свой рэй, упускаюць свой шанец. Беларусь, несумненна, спазьнілася. Можа, і не па сваёй віне, а можа, і сама ў тым вінаватая». (1993)
Пра нацыянальную ідэю
«Нацыяналізм, скіраваны на ўнутраны ўжытак грамадзтва, здаўна мае найменьне патрыятызму, а скіраваны ў іншы сьвет — ёсьць шавінізм або імпэрыялізм… Нацыянальная ідэя — важны чыньнік прагрэсу, а то і фізычнага існаваньня ў сьвеце. Iдэя клясычная, увасабленьня якой даўно дамагліся шмат якія краіны сьвету, пабудавалі на ёй свой нацыянальны лёс. А беларусы ўсё яшчэ дыскутуюць, ці варта дамагацца таго? Ворагі беларушчыны, вядома ж, даводзяць: ня варта, ёсьць лепшая ідэя — няволя і залежнасьць, яна дае хлеб. (I бэнзін, і газ, і прамтавары.) Амаль як у Бібліі: заваюйце нас, але накарміце нас». (2002)
Пра Зянона Пазьняка
«Зянон Пазьняк мае якасьці, якія ў іншых умовах маглі б скласьці выдатны грунт асобы, але ў нашых умовах разглядаюцца як недахоп. Сучаснае грамадзтва патрабуе ад уласнага лідэра такой маральнасьці, якая мяжуе з амаральнасьцю: замест празрыстасьці палітыкі аддае перавагу таемнаму махлярству, што апраўдваецца крызiсным становішчам эканомікі дый маралі таксама. Дэмагогія зрабілася найпершай вартасьцю палітыка, крытэрам посьпеху ў электарату. Пазьняк не папуліст — у тым яго хіба, але й вартасьць… Падобна, час Пазьняка яшчэ не настаў, хоць можа падацца, што ён мінуў. Ня кожная нацыя мае такіх лідэраў, хоць, як вядома, лёс іх заўсёды трагічны. Што ж да Беларусі, дык увесь яе гістарычны лёс трагічны, і ў гэтым сэнсе мне бачыцца пэўная адэкватнасьць лёсаў краіны і Зянона Пазьняка». (2001)
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наш Быкаў». Зянон Пазьняк: «Нацыянальнае адраджэньне і лёс Айчыны сталі зьместам ягоных думак, трывог і разважаньняў»Пра фэномэн Лукашэнкі
«Разгадка „фэномэна Лукашэнкі“ вельмі простая: ягоны зычны, абураны голас. Голас цалкам мітынговы, г. зн. зьвернуты болей да эмоцый слухачоў, чым да іхняе лёгікі. … Лукашэнка выступіў у якасьці абаронцы народнае праўды, Мэсіі, якога людзі чакалі, і выказаў усё так проста, зразумела ды з такім запалам, што людзі гатовы былі схапіцца за кольле, каб тут жа рушыць за праведнікам. Толькі вось праведнік нікога нікуды не павёў. Ягоная задача была ня ў тым, каб павесьці, а, мабыць, у тым, каб выпусьціць пару, якой накапілася занадта шмат і якая пагражала спантанным выбухам. Цяпер выбуху не адбудзецца, і ўлады аказаліся задаволеныя. Лукашэнка таксама не прайграў, — набыў зіхоткі німб над галавой і паверыў у сваю выключнасьць. Усё тое дало яму права запрэтэндаваць на беларускае прэзыдэнцтва, зь якім ён наўрад ці ведае, што рабіць. Хіба паехаць у Маскву на дамову аб парадку здачы Беларусі на больш-менш ганаровых умовах». (1994)
Пра выбары ва ўмовах таталітарызму
«Даўно вядома, што дэмакратыя можа разьвівацца толькі ад няпоўнай дэмакратыі да больш дасканалай, да поўнай, можа быць. А ва ўмовах таталітарызму дэмакратыя ня можа існаваць нават у зачатках. Таму што датычыць выбараў, яны ў нашых умовах проста немагчымыя, дэмакратычныя выбары. Дэмакратычныя выбары ва ўмовах таталітарызму, ва ўмовах аўтакратычнай дыктатуры немагчымыя. Бо яны непазьбежна будуць сфальсыфікаваныя, як гэта ў нас і адбываецца ўжо не адзін год. Таталітарныя сілы вельмі ўмела карыстаюцца дэмакратычнымі інстытуцыямі, і якраз вось гэтае іх умелае карыстаньне ўспрымаецца заходнімі наглядальнікамі, заходнімі палітолягамі за чыстую манэту, за чыстую гульню. На самой справе гэта — самая шулерская гульня». (1995)
Пра дэмакратычны спэктар Беларусі
«У Беларусі ёсьць некалькі дэмакратычных партыяў — ва ўсялякім выпадку, намінальна дэмакратычных. Я асабіста стаўлю дэмакратызм некаторых зь іх пад сумнеў. Магу і памыліцца, але пакуль яны нешта не сьпяшаюцца выявіць свой дэмакратызм на справе. Што ж датычна Беларускага Народнага Фронту, гатовы гарантаваць, што гэта сапраўды дэмакратычная арганізацыя. Яна стваралася, так сказаць, наўпрост, у тым ліку і па ініцыятыве творчай інтэлігенцыі. Гэтая арганізацыя ня створаная спэцслужбамі, іх агенты не ўсунутыя ў нашыя шэрагі, як гэта адбывалася са шмат якімі іншымі. Яна пасьлядоўна вядзе змаганьне супраць камуністычнага таталітарызму. На жаль, сілы ня роўныя: ёй супрацьстаіць, як выявілася, монстар больш моцны, чым гэта ўяўлялася нават нам». (1996)
Пра непарыўнасьць рэлігійнай традыцыі
«Мусіць, як і ў іншых сфэрах жыцьця, у рэлігіі патрэбна непарыўная сувязь часоў; выпаданьне з гісторыі пэўнага (і вялікага) прамежку, вядома ж, не на карысьць нават і для такой магутнай тысячагадовай традыцыі, якой зьяўляецца хрысьціянства. Цяперашнія пакаленьні ня маюць магчымасьці пераняць ад ранейшых (бацькоў і дзядоў) веру і дагмат царквы, ім трэба дайсьці да іх самахоць, з уласнай патрэбы, а час для таго ня самы спрыяльны. Зноў жа, нельга не ўлічыць старую праблему двухканфэсійнасьці ў Беларусі, праваслаўнага рускамоўя. Ды і агульнавядомая сэрвільнасьць пэўнай (і вялікай) часткі царкоўнага кліру ў форме супрацоўніцтва ня толькі з партыйнымі ворганамі… Усё тое ня робіць простай і лёгкай праблему вяртаньня хрысьціянства да народу, або вяртаньне народа да Хрыста». (1993)
Укладаньне цытат — Сяргей Навумчык.
Быкаў на Свабодзе: чытайце і слухайце
Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў (1924–2003) стаяў у першых шэрагах дэмакратычнага руху за нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі. Ён удзельнічаў у стварэньні Беларускага народнага фронту (1988) і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1990), Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995) і Беларускага ПЭН-цэнтру (1995). Пасьлядоўны крытык Аляксандра Лукашэнкі, Быкаў стаў сымбалем змаганьня зь ягоным аўтарытарным рэжымам. У 1995-м, пасьля гвалтоўнага разгону галадоўкі апазыцыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, ён заявіў аб «прэлюдыі фашыстоўскага перавароту», прадказаўшы, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта».
Васіля Быкава, якога многія беларусы лічылі «сумленьнем нацыі», прыбралі зь дзяржаўных выданьняў, ягоныя кнігі перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Пісьменьніка, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, прапагандысты шальмавалі, вымусіўшы ехаць у эміграцыю. На Беларусь ён вярнуўся цяжка хворым, усяго за месяц да сьмерці. Пахаваньне Быкава ператварылася ў шматтысячны жалобны мітынг праз цэнтар Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Апошнія 15 гадоў свайго жыцьця Радыё Свабода стала ці не асноўным каналам звароту Быкава да свайго народу. Нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама думкамі, ацэнкамі і прагнозамі.
«Быкаў на Свабодзе» (2005): чытаць кнігу (PDF)
Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг., лісты, малюнкі, фота і ўспаміны. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».
«Быкаў на Свабодзе» (2004): слухаць аўдыёдыск
Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода
«Доўгая дарога дадому» (2010): слухаць аўдыёкнігу
Кніга мэмуараў народнага пісьменьніка Беларусі гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.