Беларусь зьбіраецца будаваць у Манголіі жывёлагадоўчы комплекс

Ілюстрацыйнае фота

Такія пляны абвясьцілі ва ўрадзе краіны пасьля візыту Аляксандра Лукашэнкі ў азіяцкую краіну.

Беларускія адмыслоўцы пабудуюць у Манголіі буйную малочнатаварную фэрму на 960 галоў. Прычым яна будзе мець беларускае абсталяваньне, піша газэта адміністрацыі Лукашэнкі «СБ. Беларусь сегодня».

Кантракт на будаўніцтва комплексу ў апошні дзень працы выставы «Белагра» падпісалі інстытут «ГомельАграПрампраект» і Міністэрства харчаваньня, сельскай гаспадаркі і лёгкай прамысловасьці Манголіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія зьняволеныя гатовыя шыць форму для паліцыянтаў Манголіі, — Кубракоў

Аб тэрмінах і кошце будаўніцтва пакуль не паведамлялася. Праект рэалізоўваць «пад ключ», уключна з пастаўкай і мантажом абсталяваньня і стварэньнем усёй неабходнай інфраструктуры.

Таксама пасьля візыту Лукашэнкі ў Манголію Менск і Улан-Батар дамовіліся аб пастаўках у Манголію тэхнікі для горназдабыўной прамысловасьці, сельгастэхнікі і машын для ліквідацыі надзвычайных сытуацый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як мангольскія СМІ і прэсавыя службы дзяржаўных органаў адрэагавалі на прыезд Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра эканамічныя сувязі Беларусі з Іранам і Вэнэсуэлай