З пачатку 2024 году аб’ём кантрабанды цыгарэт, перахопленых літоўскімі памежнікамі, зьменшыўся амаль удвая, але рызыка незаконнай перавозкі тавараў у Літву застаецца высокай, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
«Са студзеня да траўня гэтага году памежнікі перахапілі больш за 587 тысяч пачкаў цыгарэт. У 2023 годзе за той жа пэрыяд гэты паказчык склаў больш за 1,1 млн пачкаў цыгарэт», — удакладняе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
У паведамленьні падкрэсьліваецца, што зьніжэньне паказчыкаў адбылося ў асноўным дзякуючы ўстаноўцы агароджы і сыстэмаў назіраньня на мяжы зь Беларусьсю, а таксама закрыцьцю часткі пунктаў пропуску.
Тым ня менш, паводле ацэнкі літоўскай памежнай службы, рызыка кантрабанды і незаконнай перавозкі тавараў у Літву застаецца высокай.
Пасьля ўсталяваньня на мяжы зь Беларусьсю фізычнага бар’ера «кантрабандысты ўсё часьцей спрабуюць пераправіць кантрабандныя цыгарэты зь Беларусі па паветры», адзначае ведамства. Для гэтага яны выкарыстоўваюць грузавыя бесьпілётнікі і мэтэазонды.
Са студзеня да траўня 2024 году літоўскія памежнікі выявілі 76 выпадкаў кантрабанды цыгарэт з дапамогай паветранага транспарту (за той жа пэрыяд мінулага году такіх выпадкаў было 25), прычым цяпер кантрабандысты выкарыстоўваюць «больш магутныя дроны, якія дазваляюць перавозіць вялікія партыі на вялікія адлегласьці». Таксама сёлета ў Літве зафіксавалі ўжо 19 выпадкаў запуску мэтэазондаў з кантрабандай. У 2022 годзе такіх выпадкаў не фіксавалі, у 2023-м іх было ўсяго 3.
«Агулам у 2024 годзе памежнікі перахапілі 184 тысяч пачкаў цыгарэт, перапраўленых па паветры», — гаворыцца ў паведамленьні.
Яшчэ адзін папулярны спосаб перапраўкі кантрабанды зь Беларусі — па рэках Нёман і Нерыс, паведамляе ведамства. «У 2024 годзе выяўлена 20 такіх выпадкаў (за аналягічны пэрыяд мінулага году — 24). Такім спосабам сёлета спрабавалі пераправіць амаль 26 тысяч пачкаў цыгарэт», — адзначае ведамства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыляцелі на мэтэазондах: у Літве перахапілі два грузы кантрабандных цыгарэт зь Беларусі- У лютым 2023 году літоўскі бок прыпыніў працу чыгуначнага кантрольна-прапускнога пункту Стасілас — Беняконі «ў мэтах спыненьня кантрабанды па чыгунцы зь Беларусі». З тых часоў «грузавыя цягнікі зь Беларусі праходзяць толькі праз КПП Кяна — Гудагай, дзе ўсталяваная сыстэма рэнтгенаўскага кантролю.
- Закрыцьцё 18 жніўня 2023 году пунктаў пропуску Шумск — Лоша і Цьверач — Відзы на беларуска-літоўскай мяжы, а з 1 сакавіка 2024-га Лаварышкі — Катлоўка і Райгорад — Прывалка таксама пацягнула за сабой перанакіраваньне аўтатранспарту на абсталяваныя рэнтгенаўскімі ўстаноўкамі памежныя пераходы, што, паводле Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, таксама прывяло да «значнага скарачэньня колькасьці кантрабандных цыгарэт, перахопленых памежнікамі».