У Менску малады мужчына зайшоў у маршрутку, незнарок штурхнуў дзяўчыну і разьліў на яе каву, але прасіць прабачэньня ня стаў, а калі атрымаў заўвагу ад іншага пасажыра, распыліў сьлезацечны газ. Пра гэта паведаміла сталічная міліцыя.
Кіроўца маршруткі паведаміў сілавікам, парушальніка затрымалі.
Як выявілася, хлопец зайшоў у маршрутку на сталічным прыпынку «Плошча Леніна» і выпадкова ўдарыў локцем дзяўчыну, якая сядзела побач, а таксама незнарок разьліў на яе каву. Хлопец ня стаў прасіць прабачэньня, за што атрымаў заўвагу ад іншага пасажыра. Яны палаяліся, пасьля чаго хлопец дастаў балёнчык і распыліў у бок мужчыны газ.
Затрыманы — 18-гадовы жыхар Менскага раёну. Свае паводзіны малады чалавек патлумачыў тым, што «быў у дрэнным настроі». Ён заявіў, што раскайваецца.
Пакуль сілавікі кваліфікуюць справу, невядома, што пагражае парушальніку — адміністрацыйная ці крымінальная адказнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК завёў крымінальную справу па факце інцыдэнту ў клюбе Crazy Horse, дзе падчас вечарынкі распылілі пярцовы газ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 13 чалавек пацярпелі ў выніку аварыі з удзелам маршруткі ў Бабруйскім раёне, двое ў рэанімацыі