У Беларусі працуе 76 санаторыяў, 102 дамы і базы адпачынку, пансіянаты; 22 аздараўленчыя комплексы, 1290 аграэкасядзібаў.
Санаторыі: камфортна адпачыць каштуе каля 3 тысяч рублёў
У элітным нарачанскім санаторыі «Сосны» цэны вагаюцца ад 220 да 266 рублёў за дзень з чалавека. Пуцёўка на 12 дзён абыдзецца прыкладна ў 3 тысячы рублёў (каля 1 тысячы даляраў).
Адпачынак у санаторыі «Прыазёрным» на Нарачы каштуе ад 221 рубля за 1 месца ў нумары на дваіх у звычайным шматпавярховым корпусе да 442 рублёў за 1 месца ў двухмесным нумары ў катэджы. У больш сьціплым «Спадарожніку» на беразе Нарачы цэны вагаюцца ад 190 да 316 рублёў за дзень.
Адпачынак у санаторыі «Азёрны» у Горадзенскай вобласьці каштуе ад 195 да 276 рублёў з чалавека за дзень, плюс курортны збор — 3% ад усёй сумы.
Комплекс«Ружанскі» ў Берасьцейскай вобласьці — ад 166 да 209 рублёў з чалавека ў залежнасьці ад узроўню камфорту.
Ёсьць і таньнейшыя варыянты. У санаторыі «Буг» на беразе ракі Мухавец цэны вагаюцца ад 83 да 124 рублёў з чалавека за дзень.
Спадарыня Алена летась выйшла на пэнсію і зрабіла сабе падарунак: зьезьдзіла першы раз у жыцьці ў санаторый. Кажа, што раней езьдзіла зь сям’ёй на танныя турбазы па прафсаюзных пуцёўках, атрымлівалася даволі бюджэтна. А тут вырашылі зь сяброўкай адпачыць па поўнай праграме. Загадзя купілі пуцёўкі (за паўгода), на пачатак жніўня на 12 дзён. Каштавала прыкладна 55 даляраў за кожны дзень, прыгадвае Алена.
«Але ў цану пуцёўкі ўваходзілі толькі дзьве аздараўленчыя працэдуры. А спакусаў было шмат, таму даплачвалі асобна: за масаж, шакаляднае абгортваньне, лячэньне камянямі. Адпачынак вельмі спадабаўся: лес, возера, добры нумар, ветлівы пэрсанал. 12 дзён у санаторыі абышліся агулам прыкладна ў 1 тысячу даляраў.
А сёлета паглядзелі цэны на пуцёўкі ў санаторый і толькі аблізнуліся... Падаражалі прыкладна на 10%. Будзем адпачываць на лецішчы, як і бальшыня беларукіх пэнсіянэраў», — кажа Алена.
Колькасьць аграсядзібаў скарацілася больш як удвая
У мінулым годзе агратурызм, які з 2010 году імкліва разьвіваўся, перажыў зьмены. Згодна з указам № 351, прымаць турыстаў цяпер могуць толькі тыя гаспадары сядзібаў, хто атрымаў дазвол ад выканкаму. Новых патрабаваньняў процьма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя правілы для аграэкасядзіб: захоўваньне рыштунку, барацьба з кляшчамі, гукавая апаратура на мерапрыемствахВынік — менш чым за год 1098 аграэкасядзібаў спынілі сваю дзейнасьць. Калі ў пачатку 2023 году ў краіне было 3043 сядзібы (рэальна працавалі 70%), то на сярэдзіну красавіка 2024 году іх засталося каля 1290.
У кожным раёне стварылі камісію з розных службаў: санстанцыі, МЧС, падатковай, камітэту будаўніцтва і архітэктуры і яшчэ дзясятка прадстаўнікоў. Ня ўсе аграсядзібы прайшлі перарэгістрацыю.
Вольга з мужам гадоў 15 таму выкупілі ў сваёй вёсцы на Віцебшчыне некалькі кінутых хатаў, адрамантавалі.
«У гараджан быў попыт: прыяжджалі зь дзецьмі, жылі, як самі некалі ў вёсцы: з калодзежам і драўлянай прыбіральняй. Як цяпер кажуць, „аўтэнтычная беларуская вёска“. Перарэгістрацыі мы не прайшлі: не адпавядаем іхным стандартам. А некалькі знаёмых ня сталі і падавацца: падаткі вялікія, шмат папяровай цяганіны, людзі проста павыгаралі. У нашым раёне з прыкладна 60 аграсядзібаў засталося 10, толькі самых вялікіх.
Пачалося лета, тэлефануюць пастаянныя наведнікі і нам, і знаёмым. Сёлета будзем проста здаваць як арэнднае жытло і плаціць вялікія падаткі. Давядзецца падняць цэны, а што рабіць?» — кажа Вольга.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, летась у аграсядзібах адпачылі 450 тысяч чалавек, 95% — беларусы. Гасьцям аказалі паслуг на агульную суму 27,8 мільёна рублёў, сплаціўшы пры гэтым 1,2 мільёна падаткаў.
Ад 50 даляраў за дзень — і да бясконцасьці
Што будзе сёлета, пакуль прагназаваць цяжка, кажа экспэртка ў галіне агра- і экатурызму Галіна (імя зьмененае зь меркаваньняў бясьпекі. — РС). На яе думку, турыстычную галіну, якую цягам апошніх 15 гадоў інтэнсіўна і пасьпяхова разьвівалі, цяпер пачынаюць паціху разбураць.
«Як там гавораць? „Ломать не строить“, душа не баліць. Гэта я пра перарэгістрацыю, новаўвядзеньні. Калі раней аграсядзібы былі на любы гаманец: і шыкоўныя катэджы, і шале, і звычайныя драўляныя вясковыя хаты, то цяпер выбар істотна зьменшыўся. А як рэагуе меншы рынак? Павышэньнем цэнаў. Ужо цяпер на турыстычных сайтах сярэднія цэны пазначаныя ў дыяпазоне ад 50 да 200 даляраў за ноч. Людзі падлічаць і выберуць хутчэй адпачынак у Турэччыне, чым у беларускай вёсцы. Ці на лецішчы — там таксама блізка лес і рэчка», — кажа экспэртка Галіна.
У Беларусі з 3 па 9 чэрвеня праходзіць традыцыйная акцыя для папулярызацыі ўнутранага турызму «Вандруй. Адчуй. Натхняйся». Турыстычныя сайты стракацяць разнастайнымі прапановамі.
Рэклямуюць, да прыкладу, «чароўны і ўтульны сьвет альпійскай Францыі» побач з Калодзішчамі — адпачынак на віле Mon Chalet за 700 даляраў за суткі ў будныя дні і 750 — у выходныя.
А дамок у 20 квадратных мэтраў з лазьняй у вёсцы Расолішкі Валожынскага раёну будзе каштаваць ад 47,5 даляра за дзень (150 рублёў).
Нясьвіж — Мір, Горадня і Аўгустоўскі канал
Пацікавіліся, колькі каштуюць двухдзённыя падарожжы па самых вядомых у Беларусі маршрутах — у Мір і Нясьвіж, у Горадню і на Аўгустоўскі канал.
Двухдзённае падарожжа «Горадня — Аўгустоўскі канал» з начлегам у трохзоркавым гатэлі «Сямашка», з экскурсіямі, арганным канцэртам, прагулкай на цеплаходзе каштуе 450-465 рублёў з чалавека.
За падарожжа ў Нясьвіж і Мір з экскурсіямі ў замках і начлегам у Нясьвіскім замку давядзецца заплаціць у выходныя дні ад 350 рублёў з чалавека.
У беларусаў сталі папулярнымі рачныя круізы па Прыпяці і Дняпроўска-Бужанскім канале, а таксама туры на балоты. На трохдзённы круіз па Прыпяці па маршруце Пінск —Тураў — Стахава — Пінск на цеплаходзе «Белая Русь» цэны пачынаюцца ад 499 рублёў на чалавека. Каюта «люкс» на дваіх абыдзецца ў 1085 рублёў, на аднаго — у 2065 рублёў.
Папулярнасьцю карыстаюцца рачныя круізы «Скарбы Палесься» і «Чароўнае Палесьсе» па сыстэме «ўсё ўключана» на 8 дзён, з наведваньнем 15 гарадоў, 10 стаянак, 7 музэяў. Аднак на чэрвень-ліпень на некаторыя круізы свабодных кают ужо няма.
Цэны ў беларускіх рублях на такое падарожжа стартуюць у эканом-клясе ад 1881 рублёў на чалавека. На каюты клясы «люкс» яны пачынаюцца з 4529 рублёў.
Попыт мае і двухдзённы тур «Сярэдняя Прыпяць. Альманскія балоты». Цана на аднаго чалавека ў сярэднім 110 рублёў за дзень.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я плакала». Як беларусы адрэагавалі на закрыцьцё Літвой яшчэ двух пераходаў зь Беларусьсю