Ва Ўкраіне тысячы прадпрыемстваў і ўкраінскіх грамадзян спрабуюць дамагчыся ад Расеі кампэнсацыі шкоды, нанесенай абстрэламі і баявымі дзеяньнямі.
Улічваючы, што пасьля пачатку ваеннага ўварваньня Ўкраіна разарвала з Расеяй дыпляматычныя і паштовыя сувязі, цяпер суды спрабуюць ажыцьцяўляць камунікацыю з Расеяй праз Польшчу і Грузію.
Прымаючы да разгляду пазовы юрыдычных і фізычных асобаў, украінскія суды накіроўваюць інфармацыю пра адпаведныя звароты з патрабаваньнем кампэнсаваць шкоду ў амбасады Расеі ў Польшчы ці ў Грузіі. Расея ж накіроўвае свае адказы праз амбасаду Ўкраіны ў Беларусі.
«Міністэрства замежных спраў Расеі вяртае без разгляду рашэньні судоў і заяўляе, што ўсе дакумэнты аналягічнага зьместу, якія будуць прыходзіць на адрас Расеі, будуць заставацца без разгляду», — паведамілі Свабодзе ў адным з украінскіх судоў, які накіраваў у Расею некалькі рашэньняў аб спагнаньні шкоды на карысьць прадпрыемстваў Украіны.
У судзе адзначылі, што Расея ня мае намеру адмаўляцца ад гарантаванага ёй міжнародным правам імунітэту і таму не існуе мэханізму прымусіць яе выконваць судовыя рашэньні Ўкраіны.
«Прымусовае выкананьне рашэньняў па стане на сёньня не закладзена, маёмасны імунітэт Расеі гарантуе міжнароднае права і яго немагчыма звузіць нацыянальным правам адной краіны. Для вырашэньня гэтага пытаньня патрэбны міжнародныя мэханізмы, а не нацыянальны закон. Пакуль што кожнае судовае рашэньне, ухваленае судамі Ўкраіны аб кампэнсацыі стратаў пацярпелым ад вайны — гэта доказы для Міжнароднага крымінальнага суду аб пацьвярджэньні віны вышэйшых адказных асобаў Расеі ў ваенных злачынствах», — падкрэсьлілі ва ўкраінскім судзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гаазе абвясьцілі старт праекту кампэнсацыі шкоды, нанесенай Расеяй Украіне ў часе агрэсііСёлета ў красавіку ў Гаазе прэзэнтавалі Міжнародны рэестар стратаў, у які свае дакумэнты могуць накіраваць тыя фізычныя і юрыдычныя асобы Ўкраіны, якія ўжо прайшлі этап разгляду сваіх заяў у нацыянальных судах. Рашэньне аб стварэньні міжнароднага рэестру ўхваліла Генэральная асамблея ААН у лістападзе 2022 году. У Крамлі тады назвалі гэтае рашэньне «фармалізацыяй крадзяжу» заблякаваных заходнімі банкамі расейскіх золатавалютных рэзэрваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пад Кіевам дакумэнтуюць экалягічныя злачынствы вайны для трыбуналу над Расеяй і БеларусьсюЗгодна з статыстыкай, праз нацыянальныя суды шкоду, нанесеную баявымі дзеяньнямі ці абстрэламі, пацьвердзілі амаль 400 фізычных і юрыдычных асобаў Украіны. Толькі з пачатку 2024 году ўкраінскія суды разгледзелі 91 заяву. Летась з такімі позвамі ў суды зьвярнуліся 262 прадпрыемствы і грамадзяны Ўкраіны.
Прадугледжвалася, што на пачатку дзейнасьць рэестру будзе сфакусаваная на катэгорыі асобаў, жыльлё якіх у выніку расейскай агрэсіі пашкоджанае або цалкам разбуранае. Чакаюць, што ў толькі ў гэтай катэгорыі колькасьць заяў можа скласьці ад 300 до 600 тысяч.
На пачатак 2024 году аб’ём прамой шкоды, нанесенай інфраструктуры Ўкраіны ў выніку абстрэлаў і баявых дзеяньняў, ацэньваўся ў амаль 155 мільярдаў даляраў.
На першым месцы па аб’ёмах страт заставаўся жыльлёвы сэктар. Зь лютага 2022 году па студзень 2024-га ва Ўкраіне пашкоджана або цалкам разбурана больш за 250 тысяч дамоў, у тым ліку 222 тысячы прыватных, больш за 27 тысяч шматкватэрных і 526 інтэрнатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў мае намер дамагацца ад Масквы кампэнсацыі шкоды ў $300 мільярдаў