Раніцай 3 чэрвеня ў беларускіх чатах у Літве пачалося абмеркаваньне новай забароны на ўвоз прадуктаў зь Беларусі і Расеі. Людзі пішуць, што забараняюць увозіць амаль усе харчы ня толькі юрыдычным, але і фізычным асобам. Людзі паведамляюць, што на мяжы літоўскія мытнікі прымушаюць выліваць ваду, выкідаць ежу, цыгарэты і алькаголь. Паглядзелі, што насамрэч адбываецца.
Што забаронена ўвозіць
3 чэрвеня ў Літве пачаў дзейнічаць чарговы закон аб забароне на ўвоз сельскагаспадарчай прадукцыі і шэрагу тавараў зь Беларусі і Расеі. Закон прыняты ў мэтах супрацьдзеяньня расейскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны. У дадатку да закону пералічаныя тавары, якія цяпер нельга ўвозіць у Літву празь мяжу. Агулам там 25 пунктаў, а ўсе тавары пералічаныя згодна з кодамі ВЭД (яны адпавядаюць таварнай намэнклятуранай пазыцыі прадукту, то бок абазначаюць канкрэтны тавар).
Нельга ўвозіць:
- Свойскіх жывёлаў, мяса і мясапрадукты, рыбу і ракападобных і малюскаў, малако і прадукты зь яго, яйкі, прадукты жывёльнага паходжаньня, дрэвы і расьліны, гародніну, садавіну, арэхі і прадукты з гародніны, садавіны і арэхаў, каву і гарбату, прадукты зь зерня, з мукі і крухмалу, тлушч і масла жывёльнага паходжаньня. Таксама забаронена правозіць цукар і кандытарскія вырабы зь яго, какаву і прадукты зь яе, вырабы з крупаў, безалькагольныя і алькагольныя напоі і воцат, тытунь, яго замяняльнікі і вырабы зь яго.
- Такім чынам, у Літву цяпер нельга ўвозіць амаль любыя прадукты, алькаголь, цыгарэты і нават ваду (код вады паводле ВЭД таксама пералічаныя ў забаронным сьпісе). Пад забарону трапілі таксама салодкія гасьцінцы, такія як зэфір, глазураваныя сыркі, шакаляд, цукеркі.
- Забаронена таксама ўвозіць усе гэтыя найменьні тавараў, нават калі іх купілі ў Duty Free. Абмежаваньне ўвяла толькі Літва, а ня ўвесь ЭЗ. Транзытным пасажырам, калі гэта можна пацьвердзіць квітком у іншую краіну, правозіць прадукты можна. Пра тое, што такіх пасажыраў прапускаюць без абмежаваньняў, Свабодзе пацьвердзілі людзі, якія 3 чэрвеня праходзілі мяжу.
- Аднак былі і выпадкі, калі такіх пасажыраў не прапускалі і прасілі запоўніць дэклярацыю аб усіх найменьнях тавараў, якія яны вязуць транзытам, каб пасьля паказаць і ўсё праверыць на выезьдзе зь Літвы. У такім выпадку працэдура займае шмат часу і транспарт можа не дачакацца пасажыра, калі ён едзе аўтобусам.
- У забаронным сьпісе няма лекаў, то бок зь імі сытуацыя ўвозу застаецца ранейшай. Без даведкі ці рэцэпту ў Літву можна ўвезьці да 10 пачак лекаў за адну паездку.
UPD. 5 чэрвеня Літва зьмякчыла забарону на правоз прадуктаў зь Беларусі: цяпер забарона на ўвоз ня будзе распаўсюджвацца на тавары, якія перавозяць празь Літву транзытам, а таксама на прадукты для асабістага карыстаньня падчас паездкі (яны павінны быць ва ўскрытых пакетах). Пад паслабленьне не падпадае мясная і малочная прадукцыя.
Што кажуць у літоўскай мытні
На сайце літоўскай мытні навіна аб будучых зьменах апублікаваная яшчэ 30 траўня. Там прыводзіцца сьпіс забароненых для правозу празь мяжу прадуктаў, а таксама свойскіх жывёлаў. Нідзе не ўдакладняецца, што абмежаваньне датычыць толькі юрыдычных асобаў. Гаворыцца агулам пра забароненыя да правозу прадукты.
У прыватнай перапісцы праз пошту беларусам у літоўскай мытні таксама тлумачылі, што свойскіх жывёлаў можна правозіць, калі ў іх ёсьць эўрапейскі пашпарт, дастаткова перавозіць у некамэрцыйных мэтах, задэкляраваўшы гэта вусна ці пісьмова пры пераходзе мяжы.
Свабода зьвярнулася да літоўскай мытні па афіцыйны камэнтар, але адказу пакуль не атрымала.
Як выглядае сытуацыя на мяжы
Некалькі беларусаў, якія перасякалі мяжу 3 чэрвеня, расказалі Свабодзе пра свае ўражаньні.
«Кіроўца ўжо не заяжджаў у Duty Free, бо мытнікі папярэджвалі, што сэнсу ў гэтым няма, прадукты ня пусьцяць. У мяне з сабой забароненага нічога не было; у людзей, якія ехалі са мной, таксама. А так бачыў, што некаторыя выкідалі ўсё, што забаронена сьпісам», — расказаў беларус.
Зь беларускіх чатаў, прысьвечаным сытуацыі на мяжы, вынікае, што людзей просяць выкідаць прадукты, але ў некаторых выпадках дазваляюць узяць, напрыклад, бутэрброд ці адну бутэльку вады для сябе. Паводле суб’ектыўных уражаньняў нашых суразмоўцаў, дадатковыя забароны не запавольваюць руху.
Яшчэ адзін суразмоўца, які перасякаў мяжу, паведаміў, што яго «наагул не надглядалі і нічога не забіралі». Мяжу ўдалося прайсьці даволі хутка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве ўступіла ў сілу забарона на імпарт аграпрадукцыі зь Беларусі і РФ. Што адбываецца на мяжы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аб’яднаны пераходны кабінэт пра новыя санкцыі Літвы: «Абмежаваньні ў адносінах фізычных асобаў — гэта памылка»