Паўтара года хіміі паводле наркатычнага 328-га артыкулу
10 жніўня 2021 году раніцай у дом Георгія (імя зьмененае па просьбе суразмоўцы Свабоды з пытаньняў бясьпекі. — РС) прыехалі тры супрацоўнікі ГУБАЗіКу зь ператрусам. Шукалі сымболіку, не знайшлі.
«Паказалі пастанову: нібыта я заклікаў да гвалтоўных дзеяньняў у адносінах да супрацоўнікаў сілавых структур, пісаў у тэлеграм- каналах інструкцыі, як вырабляць прадметы для самаабароны, якія рэчы браць з сабой на мітынг... Я спачатку падумаў, што прыехалі па майго брата, які быў больш актыўным, а я кшталту слабае зьвяно, выведу на яго. Запатрабавалі тэлефон, я аддаў: разумеў, што адмаўляць нічога няма сэнсу, прызнаў, што пісаў у тэлеграм-каналы», — распавядае Георгі.
Па словах суразмоўцы, падчас ператрусу сілавікі нібыта знайшлі крыху сухога лісьця дзікіх канопляў. Хлопца павезьлі на допыт у другую вобласьць — у Баранавічы, жыў ён у невялікім гарадку Менскай вобласьці. Цікавіліся, дзе ягоны брат. Але, пакуль быў ператрус у доме Георгія, брата папярэдзілі. Ён схаваўся, а потым уцёк за мяжу.
Судзілі Георгія ў Берасьцейскім абласным судзе спачатку паводле часткі 1-й наркатычнага 328 артыкулу.
«Я думаю, ім патрэбен быў час, каб „накапáць“ на мяне штосьці сур’ёзнае паводле палітычнага артыкулу, таму судзілі па частцы першай наркатычнага 328 артыкула. Мне прызначылі 1,5 года хатняй хіміі. Вызвалілі ў залі суду. І тут жа затрымалі паводле 130-га артыкулу, за „распальваньне варожасьці“. Прысудзілі 3 гады агульнага рэжыму», — кажа суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасівеў і сур'ёзна схуднеў, выглядае нядобра»: былы вязень наваполацкай калёніі пра Віктара Бабарыку«Усё пад кантролем»
Георгі падаваў апэляцыйную скаргу на прысуд. Тэрмін не зьмянілі. У красавіку 2022 года ён трапіў у Наваполацкую папраўчую калёнію № 1, вядомую суровымі ўмовамі ўтрыманьня.
«Палітычных заўсёды этапуюць у кайданках. Калі туды „заяжджаеш“, адразу ставяць на так званы „дзясяты прафулік“, што азначае „схільны да экстрэмізму“, і вешаюць жоўтую бірку. У калёніі ўсё „заточана“ на тое, каб цябе маральна і фізычна прыгнятаць. Ты не павінен быць чалавекам самастойным, не павінен думаць, ты павінен цалкам падпарадкоўвацца. Там маральна людзей зьнішчаюць», — перакананы Георгі.
Па словах суразмоўцы, да пачатку 2024 года шэсьць дзён на тыдзень зьняволеныя хадзілі на працу ў прамзону. З Новага году дазволілі пяцідзёнку. З пачатку адседкі ён працаваў на разьбіраньні мэталічных кабэляў і дратоў.
«Мы вымалі медную сарцавіну, а абалонку кабэляў спальвалі. Сама вытворчасьць шкодная. Да таго ж побач „Палімір“ і „Нафтан“. Пастаянна стаіць смурод. У мяне пачалі крышыцца зубы. Атрымліваў за працу 2 рублі на месяц. Максымум, адзін раз атрымаў 5 рублёў», — успамінае Георгі.
Паводле былога палітвязьня, у калёніі паўсюль камэры, праслухоўваньне, нават у памяшканьнях для спатканьняў.
«Усё пад кантролем. За табой пастаянна сочаць. Спрабуюць ламаць», — кажа вязень.
Расказаў ён і пра тое, што трапляў у ШЫЗА. Нібыта не павітаўся, не пагаліўся. Лічыць, што сапраўднай прычынай было тое, што размаўляў зь іншым «жоўтабірачнікам», пра гэта данесьлі. Па словах суразмоўцы, супрацоўнікі калёніі радыя зьменам у Крымінальна-працэсуальны кодэкс, паводле якіх
у штрафны ізалятар цяпер можна зьмяшчаць вязьняў не на 10 сутак, а на 15.
«Аказалі дапамогу і вярнулі пад «дах»
У наваполацкай калёніі Георгій перасякаўся зь вядомымі вязьнямі, якія знаходзяцца ў рэжыме «інкамунікада» (бяз сувязі з вонкавым сьветам. — РС): Віктарам Бабарыкам, Ігарам Лосікам і Андрэем Пачобутам.
«Калі больш за год таму Віктара Бабарыку моцна пабілі, некаторыя бачылі, як ён выглядаў. Былі відаць сьляды пабіцьця (паводле іншай вэрсіі, якую ён нібыта агучваў зьняволеным сам, траўмы Віктар Бабарыка мог атрымаць у выніку падзеньня. — РС). Сёлета ў красавіку яму было вельмі кепска. Вывезьлі пад канвоем у гарадзкую лякарню, аказалі першую дапамогу і вярнулі назад пад „дах“, у памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ). Віктар Бабарыка вельмі зьмяніўся вонкава, моцна схуднеў, пастаянна знаходзіцца ў адзіночцы, як і Анджэй Пачобут і Ігар Лосік», — сьцьвярджае Георгі.
Сувязь з роднымі як слабое месца
Зь Ігарам Лосікам увосень 2022 году Георгі, па яго словах, знаходзіўся ў адным бараку, яны разам працавалі на разьбіраньні кабэляў. Тады іншыя палітзьняволеныя дапамагалі Ігару абжыцца, падтрымлівалі яго, калі затрымалі жонку Лосіка Дар’ю.
«Да яго не дапускалі адваката. Лісты не даходзілі. Зьдзекаваліся, калі нібыта дазволілі перапіску з жонкай, але насамрэч ніякіх лістоў Ігар не атрымліваў. Убачылі слабое месца — сувязь з роднымі. І б’юць у гэтую кропку.
Калі ў сакавіку 2023 года Ігар паспрабаваў „ускрыцца“, яго зьмясьцілі ў ПКТ (15 сакавіка 2023 году Ігар Лосік у адказ на ціск з боку адміністрацыі парэзаў сабе лязом руку і шыю, паводле адной з вэрсій, гэта было зроблена, бо яго спрабавалі прымусіць займацца чысткай прыбіральняў. — РС). З таго часу ён збольшага ў адзіночцы. Альбо падсаджваюць „актывістаў“, якія спрабуюць вывесьці на размову, схема наладжаная ў іх. Яго ні разу не падымалі ў атрад (не зьмяшчалі ў агульнае зь іншымі вязьнямі памяшканьне. — РС). Вызваляць з ПКТ — і тут жа за адмову прыбіраць туалеты зноў у адзіночку. Цяпер у яго чацьвёртае ПКТ (чацьвёрты тэрмін у памяшканьні камэрнага тыпу. — РС). Ігар вельмі засмучаны праз сытуацыю з дачкой і жонкай. У яго цяжкі псыхалягічны стан. Бачылі яго (іншыя зьняволеныя. — РС) у другой палове красавіка.
Ведаю, што прыяжджалі кадэбісты, хтосьці ў штацкім, прымушалі запісаць прызнаньне», — кажа Георгі.
Мэдчастка для Пачобута
З журналістам Анджэем Пачобутам Георгі таксама нейкі час быў у адным атрадзе. На яго думку, Пачобут — вельмі моцны чалавек, маральна трывалы. Але ў яго праблемы з сэрцам, высокі ціск. Нягледзячы на гэта, журналіста пастаянна трымаюць у ПКТ, сьцьвярджае Георгі.
«Яго выводзяць з ПКТ, пераводзяць у атрад на вечар і адразу ж прыстаўляюць зэка, які супрацоўнічае з адміністрацыяй. Зэк сьпіць на першым ярусе, Пачобут на другім. Папярэджваюць увесь атрад: „Будзеце кантактаваць, дапамагаць Пачобуту — да вас будуць прымяняцца санкцыі“. А санкцыі — гэта ШЫЗА. Запалохваюць людзей. Большасьць баіцца зь ім нават павітацца. Як гэта і з Бабарыкам было.
Пэрыядычна паміж чарговым зьмяшчэньнем у ПКТ Пачобута на 1-2 дні ў мэдчастку кладуць — фармальна робяць выгляд, што абсьледуюць, Але за 1-2 дні ж нічога не пасьпееш абсьледаваць!» — абураецца былы вязень.
Паводле Георгія, у канцы красавіка палітвязьняў Аляксандра Гашнікава і Валянціна Цераневіча, асуджаных у справе «Рабочага руху» адпаведна на 14 і 12 гадоў, зноў павінны былі судзіць, каб перавесьці ў крытыя турмы. Гэтую інфармацыю пацьвярджае праваабарончы цэнтар «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто здаў сілавікам чальцоў «Рабочага руху»? Расказвае іх паплечнік ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі мы ня ў робах, гэта ня значыць, што нас няма». Як пратэстуюць на «Хімвалакне» ў Горадні