3 чэрвеня ў Доме міласэрнасьці ў Каменцы (Шчучынскі дэканат) на 104-м годзе жыцьця адышла ў вечнасьць сястра Цэцылія Абухоўская, былая генэральная ігуменьня Кангрэгацыі Сясьцёр Маці Міласэрнасьці, піша catholic.by.
Сястра Цэцылія Абухоўская нарадзілася ў 1920 годзе. У 1950 годзе прынесла манаскія абяцаньні. У часы перасьледу веры пра тое, што яна зьяўляецца манашкай, ведалі толькі яе маці і родная сястра.
З 1959 года была арганісткай у парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Горадзенская дыяцэзія, Ваўкавыскі дэканат). Пасьля дзесяці гадоў служэньня прыехала разам з ксяндзом Юзафам Грасевічам у Каменку. Была там арганісткай, а таксама катэхеткай, дапамагаючы ксяндзу Юзафу ў душпастырстве.
На працягу 25 гадоў была генэральнай ігуменьняй Кангрэгацыі Сясьцёр Маці Міласэрнасьці (Вастрабрамскай), адказвала за ўсю супольнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: ксёндз Акалатовіч у лістах піша, што невінаваты. Разам зь ім затрымалі дваіх парафіянаўЦэцыліі за савецкім часам давялося ратаваць ад зьнішчэньня арыгінал абраза Езуса Міласэрнага, напісаны паводле эскізу сястры Фаўстыны Кавальскай. Абраз захоўваўся ў сьвятыні невялічкай вёскі на працягу 30гад оў (1956–1986 гг.). Апынуўся там з прычыны ганеньняў на Каталіцкую царкву ў Літве. У Беларусі ж улады пастанавілі зрабіць з касьцёла ў Новай Рудзе гаспадарчы склад. Павыносілі амаль усе рэчы, узяліся разьбіраць алтар… Аднак абраз Езуса Міласэрнага пакінулі. Ён вісеў высока пад стольлю, і быццам не знайшлося драбін патрэбнай вышыні, каб зьняць яго, успамінала манахіня.
«За справу ўзяліся мы ўдзьвюх ды яшчэ спадар Вацлаў, кіроўца. Рабілі ўсё ў прыцемках, у вялікай таямніцы. Сястра Тэрэза хоць была значна старэйшая за мяне, вызначалася вялікай спрытнасьцю. Праз хоры мы ўзьлезьлі на гарышча і дэмантавалі частку драўлянай сьцяны. Затым сьцягнулі арыгінал і павесілі замест яго загадзя падрыхтаваную копію. На шчасьце, абраз ня быў цяжкі. Дасталі яго з рамы і скруцілі ў рулён».
Да Горадні манахіні дабраліся на машыне, а пасьля пераселі на цягнік да Вільні. Там пайшлі ў касьцёл Сьвятога Духа. Як і было ўзгоднена, сястра Цэцылія падышла да канфэсіянала, у якім спавядаў ксёндз пробашч Аляксандар Кашкевіч, і паведаміла, што прывезла абраз. У сьвятыні для яго ўжо было падрыхтавана месца і замоўлена пазалочаная рама.
Празь некаторы час рэліквію перанесьлі з касьцёла Сьвятога Духа ў касьцёл Сьвятой Тройцы, дзе паўстаў першы ў Літве санктуарый Божай Міласэрнасьці. Там абраз сустракае паломнікаў з усяго сьвету да сёньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры гады пасьля пажару ў нацыянальным санктуарыі ў Будславе. Як ён выглядае цяпер. ФОТАПахавальныя цырымоніі адбудуцца ў Каменцы. 4 чэрвеня а 19:00 адбудзецца перанясеньне цела Цэцыліі Абухоўскай з капліцы Дома міласэрнасьці ў парафіяльны касьцёл сьвятога Антонія і Аб’яўленьня Пана. Пройдуць сьвятая імша ў інтэнцыі спачылай, а пасьля імшы будзе магчымасьць памаліцца каля труны. 5 чэрвеня а 12:00 — пахавальная імша ў парафіяльным касьцёле; пасьля імшы — апошняе разьвітаньне і пахаваньне.