У Кіеве назвалі дзяржсакратара «саюзнай дзяржавы» адным з арганізатараў выкраданьня ўкраінскіх дзяцей

Сакратар так званай «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі Дзьмітрый Мезенцаў. Архіўнае фота

Сярод пералічаных арганізатараў і выканаўцаў незаконнага перамяшчэньня дзяцей няма Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова, якія фігуравалі ў адпаведных журналісцкіх расьсьледаваньнях.

Ва Ўкраіне апублікавалі пералік фізычных асобаў, датычных да арганізацыі і перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый у Расею і Беларусь.

У прыватнасьці, у пералік уключылі дзяржаўнага сакратара так званай «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі Дзьмітрыя Мезенцава як арганізатара прымусовага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей пад выглядам «аздараўленьня і адпачынку ў Беларусі».

Як выканаўцы выкраданьня ўкраінскіх дзяцей у пералік трапілі кіраўнік прадстаўніцтва «Россотрудничества» ў Беларусі Эдуард Крусткалн (адказны за перамяшчэньне дзяцей у Беларусь для правядзеньня «культурна-гуманітарнай праграмы», каб прасоўваць прапаганду аб «міратворчых і гуманных мэтах» Расеі і Беларусі і прыхоўваць масавую дэпартацыю дзяцей) і беларускі паралімпіец Аляксей Талай (адказны за незаконнае перамяшчэньне і перавыхаваньне ўкраінскіх дзяцей).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне дзейнасьць Талая ў незаконным вывазе дзяцей расьсьледуюць у межах крымінальнай справы

У пераліку выканаўцаў таксама Сафія Львова-Бялова — сястра ўпаўнаважанай Расеі ў правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай, якую Міжнародны крымінальны суд абвясьціў у вышук разам з Уладзімірам Пуціным.

Сярод пералічаных арганізатараў і выканаўцаў незаконнага перамяшчэньня дзяцей няма Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова, якія фігуравалі ў адпаведных журналісцкіх расьсьледаваньнях. Сёлета ў лютым Дзьмітры Шаўцоў разам з Аляксеем Талаем трапілі ў 13-ы пакет санкцый Эўразьвязу за свой удзел у незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея распрацавала сыстэму «перавыхоўваньня» ўкраінскіх дзяцей на акупаваных тэрыторыях

У сьнежні 2023 году віцэ-прэм’ерка Ўкраіны ў пытаньнях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторыяў Ірына Верашчук заявіла, што Ўкраіна распрацоўвае мэханізмы прыцягненьня Пуціна і Лукашэнкі да адказнасьці за незаконны вываз дзяцей.

«Мы пабачылі ўжо першыя крокі ўсясьветнай супольнасьці — Пуцін і Львова-Бялова атрымалі ордэры на арышт, а таксама бачым сытуацыю вакол Чырвонага Крыжа ў Беларусі й іншыя сыгналы для дыктатараў Беларусі і Расеі. Але мэханізмы сапраўды выпрацоўваюцца», — паведаміла Ірына Верашчук.

Згодна з апошнімі афіцыйнымі зьвесткамі, Расея незаконна вывезла з часова акупаваных тэрыторый 19 546 украінскіх дзяцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Украіны заявіў пра распрацоўку мэханізмаў прыцягненьня Пуціна і Лукашэнкі да адказнасьці за незаконны вываз дзяцей