Грузінская апазыцыя абвясьціла новую акцыю пратэсту і дабрачынны канцэрт

На пратэстах у Грузіі. Травень 2024

Увечары 2 чэрвеня праціўнікі «закону аб іншаземных агентах» зьбяруцца ў Тбілісі на плошчы Рэспублікі, дзе адбудзецца дабрачынны канцэрт — «Грузінскія музыкі за эўрапейскую будучыню».

Мэта дабрачыннай акцыі — збор грошай для арыштаваных падчас пратэстаў.

«Наша непераможнае адзінства нарадзілася ў барацьбе за агульную мэту. Гэтая еднасьць — канчатковая перамога, шлях у будучыню. Улады незаконна арыштоўваюць маладых людзей, якія змагаюцца за свабоду, і накладаюць грашовыя штрафы. Давайце адзначым нашу еднасьць, дапаможам нашым таварышам — пакараным за любоў да Грузіі, зьбярэм суму штрафаў», — гаворыцца ў відэароліку, створаным да дабрачыннага канцэрту.

У межах маштабнай акцыі пратэсту супраць «закону аб агентах» паліцыя ў розны час арыштоўвала дзясяткі дэманстрантаў. Некаторыя зь іх судзімыя па крымінальнай справе, ім пагражаюць гадамі пазбаўленьня волі, піша грузінская служба Свабоды. Удзельнікаў мітынгу масава выклікаюць на допыты.

Спэцназаўцы жорстка зьбівалі ўдзельнікаў масавых акцый пратэсту. Ніхто зь іх не пакараны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Грузіі пераадолеў вэта прэзыдэнта на закон аб «іншаземных агентах». Пратэсты ў краіне не спыняюцца

28 траўня парлямэнт Грузіі пераадолеў вэта прэзыдэнта Саломэ Зурабішвілі і 84 галасамі ўхваліў ініцыяваны «Грузінскай марай» «агенцкі закон».

«Не расейскаму закону!» — з такім галоўным лёзунгам дзясяткі тысяч грамадзян у Тбілісі і іншых гарадах Грузіі амаль два месяцы пратэставалі супраць. Пратэст працягваецца. Арганізацыі, на якія распаўсюджваецца закон, ня маюць намеру падпарадкоўвацца і зьвяртаюцца да законных сродкаў пратэсту.

Напярэдадні невядомыя напалі на сядзібу найбуйнейшай у краіне апазыцыйнай партыі — «Адзінага нацыянальнага руху», заснаванага ў 2001 годзе трэцім прэзыдэнтам краіны Міхаілам Саакашвілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Тбілісі невядомыя напалі на офіс найбуйнейшай апазыцыйнай партыі Грузіі

«Вандальскі напад працягваўся больш за паўгадзіны. У ім удзельнічалі да сотні нападнікаў. Пашкоджаны фасад офіса, разьбітае шкло, пашкоджаны партыйны інвэнтар», — гаворыцца ў заяве партыі ў Facebook.

Таксама пратэстоўцы распавядаюць пра расправы з удзельнікаў пратэстаў. «Грузінскую мару» і яе прыхільнікаў абвінавачваюць у выкарыстаньні так званых «цітушак». Гэты тэрмін зьявіўся падчас украінскага Майдану 2014 году і азначае наймітаў без апазнавальных знакаў, якія дзейнічаюць дзеля разгону пратэстаў у інтарэсах уладаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўводзяць візавыя абмежаваньні супраць грузінскіх чыноўнікаў за прыняцьце закону «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву»