Літоўскі памежнік сьмяротна параніў чалавека на мяжы зь Беларусьсю. Праводзіцца праверка

Літоўска-беларуская мяжа

На заставе сьцьвярджаюць, што памежнікі мелі інфармацыю аб перавозцы кантрабанды.

У суботу каля 21-й гадзіны супрацоўнікі памежнай заставы Віленскага памежнага нараду, маючы інфармацыю аб факце кантрабанды, правялі апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы ў ваколіцах вёскі Падвыдранцы (Paūdronys) Салечніцкага раёну. Гэта месца ля самай мяжы зь Беларусьсю.

Па дарозе быў заўважаны аўтамабіль VW Passat. Яго кіроўца не падпарадкаваўся патрабаваньням спыніцца, калі гэтага прасілі памежнікі ў форме на ўседарожніку з уключанымі сьветлавымі і гукавымі сыгналамі. Аўтамабіль павялічыў хуткасьць і пачаў уцёкі. Супрацоўнікі заставы пачалі перасьлед.

Побач на дарозе ішоў яшчэ адзін памежнік у форме. Кіроўца перасьледаванай машыны, імаверна, спрабаваў зьбіць супрацоўніка. Той ухіліўся ад наезду ў апошні момант.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі пункт пропуску Меднікі прыпыніў афармленьне фураў. Што з чэргамі на мяжы Беларусі і ЭЗ

Паводле папярэдніх зьвестак, пры ўзьнікненьні небясьпекі для здароўя і жыцьця і з мэтай спыненьня аўтамабіля, які пагражаў ягонаму жыцьцю, памежнік зрабіў адзін стрэл з табэльнай зброі ў шыну аўтамабіля.

Ёсьць падазрэньні, што неўзабаве VW Passat заехаў бы ў вёску Табарышкі, ствараючы небясьпеку для мясцовых жыхароў. Празь некаторы час машына спынілася. Грамадзянін Літвы быў знойдзены на сядзеньні кіроўцы са сьмяротным агнястрэльным раненьнем. У машыне перавозілі пачкі меркавана кантрабандных цыгарэт.

Па факце здарэньня паліцыя распачала дасудовае расьсьледаваньне. У сувязі з інцыдэнтам у Памежнай службе таксама праводзіцца службовая праверка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ двое польскіх вайскоўцаў атрымалі раненьні праз напады мігрантаў на мяжы зь Беларусьсю

Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы генерал Рустам Любаеў пацьвердзіў інфармацыю пра тое, што ў супрацоўнікаў былі зьвесткі аб тым, што VW Passat можа перавозіць кантрабанду. Акрамя таго, крымінальнае мінулае загінулага ведалі як памежнікі, так і супрацоўнікі паліцыі.

«Гэта жыхар гораду Вільні, які мае ўражальнае крымінальнае мінулае. Ён неаднаразова судзімы за розныя злачынствы, у тым ліку за парушэньне дзяржаўнай мяжы і захоўваньне акцызных тавараў».

Застрэленаму кантрабандысту было 44 гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыляцелі на мэтэазондах: у Літве перахапілі два грузы кантрабандных цыгарэт зь Беларусі