Жыхару Кобрыня далі 10 дзён арышту за «распаўсюд экстрэмізму» — за кнігу беларускага пісьменьніка Ўладзімера Арлова «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі», якая стаяла ў яго дома на паліцы, вынікае з пастановы, апублікаванай у Банку судовых рашэньняў, якую заўважыла «Люстэрка».
Міліцыя даведалася пра «экстрэмісцкую» кнігу ў доме жыхара Кобрыня з даносу. Хто яго напісаў, у пратаколе не пазначана. Пасьля атрыманьня гэтай інфармацыі супрацоўнікі Кобрынскага РАУС прыехалі па да мужчыны дахаты для «агляду домаўладаньня». Пры аглядзе кніжнай шафы яны заўважылі кнігу «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі», якая «выклікала падазрэньне», гаворыцца ў пастанове. Сілавікі зьверылі з рэспубліканскім сьпісам экстрэмісцкіх матэрыялаў і высьветлілі, што кніга ў пераліку забароненых.
Пасьля гэтага яны таксама праверылі ноўтбук і тэлефон уладальніка кнігі, але там нічога падазронага не знайшлі. У выніку мужчыну затрымалі і склалі на яго пратакол па ч.2 арт. 19.11 КаАП (Захоўваньне з мэтай распаўсюду інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў).
У судовым паседжаньні ўладальнік кнігі віны не прызнаў. Ён падкрэсьліў, што рашэньнем суда Цэнтральнага раёну Менску ў «экстрэмісцкі» пералік уключанае другое выданьне «Айчыны: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды ды Касьцюшкі», а ў яго дома на паліцы стаяла першае выданьне. Мужчына распавёў, што кнігу яму падарылі на 60-гадовы юбілей, ён паставіў яе ў шафу, «як падарунак, дзе захоўваў без мэты распаўсюду», чытаць ён яе нікому не даваў, а з часам і зусім забыўся, што такая кніга ў яго ёсьць.
Суд з довадамі мужчыны не пагадзіўся. Паводле суду, раз выданьне стаяла на паліцы, значыць «публічна дэманстравалася» (яе маглі ўбачыць «сама меней сямейнікі»), а раз «публічна дэманстравалася», значыць «распаўсюджвалася». На довад мужчыны, што «экстрэмісцкім» прызналі толькі другое выданьне кнігі, у судзе вырашылі, што першае выданьне зьяўляецца ідэнтычным другому і таксама ёсьць «экстрэмісцкім матэрыялам»
У выніку мужчыну прызналі вінаватым і прызначылі 10 дзён адміністрацыйнага арышту. Кнігу канфіскавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На патрабаваньне пракуратуры з продажу ў інтэрнэт-краме зьнялі «экстрэмісцкую» кнігу БахарэвічаЖыхара Гомля затрымалі за «экстрэмісцкія» падпіскі ў «Одноклассниках»
На «пакаяльным відэа» сілавікоў мужчына кажа, што ў сацыяльнай сетцы быў падпісаны на «экстрэмісцкія суполкі». У якім статусе знаходзіцца затрыманы — невядома, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
У Берасьці затрымалі вядоўцу вясельляў
31 траўня тэлеграм-канал берасьцейскага ГУБАЗіК апублікаваў так званае «пакаяльнае відэа» зь вядоўцам імпрэзаў Віктарам Стэльмахам. На відэа сілавікоў мужчына кажа, што ў Інстаграме «ня выдаліў адзнаку свайго профілю ў акаўнце, які зьяўляецца экстрэмісцкім».
Таксама мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. Цяпер ён у ізалятары часовага ўтрыманьня, паведамляе берасьцейская «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Узяліся за арганізатараў сьвятаў? У Берасьці затрымалі дырэктара і сузаснавальніка івэнт-агенцтва, гэта трэці выпадак за тыдзень