У адрас заснавальніка крамы ПГУП «Кнігаград» пракуратура вынесла прадпісаньне аб выключэньні яе з каталёгу, паведамляе прэс-служба ведамаства, якую цытуе «Позірк».
Таксама заяўляецца аб выяўленьні на сайце і ў дадатку «Яндэкс Музыка» кампазыцыі «Horst-Wessel-Lied» (вядомая як «Песьня Горста Вэсэля», зьяўлялася гімнам Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі), якая аднесена да «нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі».
«Паколькі прапаганда або публічнае дэманстраваньне, распаўсюджваньне нацысцкай сымболікі і атрыбутыкі зьяўляецца экстрэмісцкай дзейнасьцю, пракурор Гомельскага раёну вынес у адрас ТАА „ЯндэксБел“ прадпісаньне, у якім запатрабаваў выдаліць гэтую музычную кампазыцыю», — зазначае пракуратура.
Раман «Сабакі Эўропы» атрымаў статус «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у 2022 годзе. Сьцьвярджалася, што ў кнізе нібыта «актыўна прапагандуецца распальваньне сацыяльнай, палітычнай і ідэалягічнай варожасьці паміж грамадзянамі краіны і прадстаўнікамі дзяржкіравання, людзей заклікаюць да масавых беспарадкаў для незаконнага захопу ўлады».
900-старонкавы раман з шасьці частак «Сабакі Эўропы» выйшаў у 2017 годзе ў менскім выдавецтве «Логвінаў» і быў высока ацэнены крытыкамі. На радзіме Бахарэвіч атрымаў за яго прэмію «Кніга года» Беларускага ПЭН-цэнтра, незалежную Чытацкую прэмію і другую прэмію Ежы Гедройца. Расейская вэрсія рамана «Сабакі Эўропы» выйшла ў 2019 годзе ў маскоўскім выдавецтве «Время».
У 2023 годзе «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі кнігу Бахарэвіча «Апошняя кніга пана А». (выдавецтва «Янушкевіч», 2020).
Альгерд Бахарэвіч — аўтар паўтара дзясятка кніг прозы, у тым ліку раманаў «Сарака на шыбеніцы» (2009), «Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня» (2012), «Дзеці Аліндаркі» (2014).