Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узяліся за арганізатараў сьвятаў? У Берасьці затрымалі дырэктара і сузаснавальніка івэнт-агенцтва, гэта трэці выпадак за тыдзень


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сілавікі затрымалі ў Берасьці дырэктара ТАА «Івэнт-Кафэ» Юрыя Капуцкага і сузаснавальніка фірмы Руслана Данілковіча.

Іх «пакаяльныя» відэа апублікаваў 30 траўня набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал.

Юрыя Капуцкага прымусілі на камэру сказаць, што ён займаўся «арганізацыяй сьвяточных мерапрыемстваў пад ключ», а таксама перасылаў «экстрэмісцкія» матэрыялы, прайшоў рэгістрацыю ў пляне «Перамога» і разьмясьціў «на эмоцыях» пост: «Слава Ўкраіне, героям слава».

Руслан Данілковіч на камэру кажа, што займаецца сьвятамі, працуе ў ТАА «Івэнт-Кафэ». Паводле словаў мужчыны, яго заўважылі ў 2021 годзе сярод удзельнікаў акцыі, дзе дэманстраваўся бел-чырвона-белы сьцяг. Таксама яго на камэру прымусілі сказаць, што калі да яго прыйшлі сілавікі, ён «доўга зацягнуў і не аказаў садзейнічаньня пры адчыняньні дзьвярэй».

Разам з Русланам Данілковічам затрымалі і ягоную жонку.

Гэта ня першы выпадак затрыманьня неляяльных кіраўнікоў і супрацоўнікаў сьвяточных агенцтваў Беларусі за апошні тыдзень.

28 траўня стала вядома пра затрыманьне беларускамоўнага вядоўцы Андрэя Паплаўскага, дырэктара івэнт-агенцтва «АП Івэнт». На «пакаяльным відэа» Паплаўскага прымусілі сказаць, што ён прытрымліваўся «мяккіх апазыцыйных поглядаў», быў падпісаны на «Nexta» і перасылаў пасты з гэтага каналу. У чым канкрэтна абвінавачваюць Паплаўскага і ў якім ён статусе — невядома. У нядаўнім інтэрвію Паплаўскі казаў, што ўжо 10 гадоў вядзе вясельлі і карпаратывы па-беларуску і «прыводзіць гасьцей у атмасфэру шляхецкай карчмы».

27 траўня сілавікі паведамілі пра затрыманьне дырэктара івэнт-агенцтва «Графіміл» (згодна з рэестрам Мінкульту, гэта Сяргей Сарокін). На відэа сілавікоў яго прымусілі сказаць, што ён удзельнічаў у пратэстах 2020 году і быў падпісаны на выданьне «Люстэрка» і чат-бот «Голас».

Таксама затрымалі ягоную жонку, якая працуе ў «Графіміле» інструктарам па танцах. Жанчына на камэру кажа, што зарэгістравалася ў чат-боте «Перамога», потым выдаліла яго, але нядаўна ёй у чат-бот прыйшла абвестка з заклікамі да ўдзелу ў выбарах у Каардынацыйную раду.

Яшчэ ў канцы 2023 году затрымалі Генадзя Верамейчыка, кіраўніка загараднага клюбу «Фэстывальны» — адной з самых буйных івэнт-пляцовак у Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG