Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін зявіў пра галоўныя выклікі і пагрозы ваеннай бясьпекі ў краінах Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).
Як паведаміла прэсавая служба Міністэрства Беларусі, Віктар Хрэнін на пасяджэньні Савету міністраў абароны АДКБ сказаў, што дзейнасьць краін Захаду нібыта накіраваная на «ўвядзеньне беспрэцэдэнтных дыскрымінацыйных захадаў, каб ізаляваць і пагоршыць эканамічную сытуацыю», на «вядзеньне шырокамаштабнай інфармацыйнай вайны», «на далейшую мілітарызацыю, павелічэньню колькасьці і маштабаў апэратыўнай і баявой падрыхтоўкі ў Эўропе», а таксама на «разгойдваньне ўнутрыпалітычнай абстаноўкі з мэтай зьвяржэньня легітымных урадаў і прывядзеньня да ўлады падкантрольных палітыкаў, якія будуць дзейнічаць па ўказаньні звонку і адстойваць чужыя інтарэсы».
Віктар Хрэнін заклікаў «гуртаваць намаганьні і актывізаваць супольную дзейнасьць, накіраваную на гарантаваньне бясьпекі дзяржаў АДКБ і дабрабыту іхных народаў».
Перад пачаткам сустрэчы міністраў абароны АДКБ у Казахстане кіраўнік аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадзкасьцю Сакратарыяту АДКБ Юры Шувалаў паведаміў, што пасяджэньне адбудзецца без удзелу Армэніі, але краіна «ня супраць, каб рашэньні ўхвальваліся ў абмежаваным фармаце».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пашыньян абвінаваціў «мінімум дзьве краіны АДКБ» у рыхтаваньні вайны супраць АрмэнііПа выніках пасяджэньня, як паведамілі на сайце арганізацыі, міністры «разгледзелі і падпісалі дакумэнты, якія датычаць аснашчэньня кампанэнтаў войскаў калектыўных сіл АДКБ сучаснымі і пэрспэктыўнымі ўзорамі ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі, плянаваньня супольнай апэратыўнай і баявой падрыхтоўкі, удасканаленьня мэтодыкі падрыхтоўкі міратворчых кантынгентаў АДКБ, а таксама мэтавую міждзяржаўную праграму па ўмацаваньні таджыцка-афганскай мяжы».
Міністар абароны Расеі Андрэй Белавусаў заявіў аб гатоўнасьці расейскага боку перадаць партнэрам па АДКБ «сучасныя мэтады выкарыстаньня ўзброеных сіл, а таксама мэтады вядзеньня баявых дзеяньняў».
У сваёй прамове на пасяджэньні расейскі міністар абвінаваціў асобныя заходнія краіны ў спробах умацаваць свае пазыцыі на Каўказе і атрымаць доступ да рэсурсаў Касьпію і наўпроставы выхад у Цэнтральную Азію.
«Дэстабілізуецца абстаноўка і фінансуюцца акцыі пратэсту ў Грузіі, ад якой дамагаюцца актыўных антырасейскіх дзеяньняў. [...] Армэніі і Азэрбайджану для ўрэгуляваньня супярэчнасьцяў бесцырымонна навязваюць пасярэдніцкія паслугі, прапануюць падпісаць мірную дамову выключна на заходніх пляцоўках і пад дыктоўку. Асаблівую занепакоенасьць выклікаюць пляны Вашынгтону і Брусэлю на падставе ўмацаваньня бясьпекі і абароны ўцягнуць нашых армянскіх партнэраў у сфэру сваіх інтарэсаў», — заявіў Белавусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія адмовілася ад складак у бюджэт АДКБ- АДКБ — вайскова-палітычны блёк, мэтамі якога заяўленыя «ўмацаваньне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бясьпекі і стабільнасьці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту дзяржаў-сяброў». У яго ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.
- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
- Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
- Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.