Як расказаў Свабодзе кіраўнік Беларускага моладзевага хабу ў Варшаве Алесь Лапко, адзін з польскіх кураторыюмаў паведаміў яму, што рашэньне па даведках зь Міністэрства адукацыі для абітурыентаў на паседжаньні Міністэрства адукацыі Польшчы 24 траўня не прынялі.
«У іх адбылося паседжаньне, дзе яны яшчэ раз узьнялі пытаньне, актуалізавалі сытуацыю, а далейшага выніку няма», — дадаў Лапко.
Зь ягоных словаў, вырашэньня сытуацыі з польскага боку можна чакаць у ліпені. Але невядома, ці дакладна яно будзе.
На пачатку траўня зьявілася інфармацыя, што беларускім выпускнікам ускладнілі паступленьне за мяжу. Паведамлялася, што Дэпартамент кантролю якасьці адукацыі перастаў выдаваць абітурыентам даведкі для паступленьня ў замежныя ВНУ.
У Мінадукацыі спасылаліся ня толькі на «новы» ўказ, якога ніхто ня бачыў, але і на ўказ Лукашэнкі № 200 ад 2010 году. Там у 6-м разьдзеле прыводзіцца шэраг дакумэнтаў, якія могуць выдаваць дзяржаўныя органы на падставе заяваў грамадзянаў у сфэры адукацыі. Такой даведкі, якую патрабуюць польскія вучэльні, у пераліку няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Указ, якога ніхто ня бачыў. Як беларускім выпускнікам ускладнілі паступленьне за мяжу