Пасьля затрыманьня ў Горадні Сяргея Ціханоўскага перавезьлі ў Менск, дзе зьмясьцілі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. 18 жніўня яго накіравалі ў сьледчую турму Жодзіна, дзе Ціханоўскі знаходзіўся да пачатку гомельскага суду.
14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня. Пасьля прысуду ён спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дабавілі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года. Ад яго няма зьвестак 445 дзён.
Мы паспрабавалі рэканструяваць умовы і штодзённы графік Сяргея Ціханоўскага на падставе сьведчаньняў былых вязьняў жодзінскай турмы і той інфармацыі, якая даходзіць адтуль на волю.
5:00. Пад’ём
Паводле былых зьняволеных, пад’ём у жодзінскай турме для вязьняў у карцарах і штрафных ізалятарах звычайна адбываецца а 5-й гадзіне раніцы. Для ўсіх іншых — на гадзіну пазьней. Пра тое, што Сяргей Ціханоўскі часта бывае ў ШЫЗА, Свабодзе расказаў былы жодзінскі вязень Антон (імёны ўсіх суразмоўцаў у гэтай публікацыі зьмененыя ў мэтах іхнай бясьпекі. — РС).
«Палітычных трымаюць у „адзіночках“, асобна ад астатніх сядзельцаў, яны цалкам ізаляваныя. Даволі даўно, здаецца, на самым пачатку 2023 году, я бачыў Сяргея „на калідорах“. Мы ж глядзім БТ, таму ведаем, што адбывалася ў 2020-м, нас прымушаюць глядзець прапагандысцкія перадачы. Таму я ўяўляю, як ён выглядаў. Па „сарафанным радыё“ чуў, што Ціханоўскі пастаянна знаходзіцца то ў ШЫЗА, то ў карцары. Там умовы вельмі суровыя», — кажа Антон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падкаст-сэрыял «Архіпэляг БЕЛАГ». Жодзінская, магілёўская і горадзенская турмы5:10. Гігіена
Адразу пасьля пад’ёму вязень ШЫЗА ў Жодзіне абавязаны падняць нары і прышпіліць іх да сьцяны. Ахоўнік перадае сродкі гігіены праз акенца ў мэталічных дзьвярах. Гэта станок для галеньня і кавалак мыла. За неахайны вонкавы выгляд зьняволены можа атрымаць дадатковае спагнаньне.
«Ваду на ноч перакрываюць, даюць толькі пасьля 6-й раніцы, калі засьцелем ложкі», — расказвае былы вязень жодзінскай турмы Андрэй.
5:30–6:00. Сьняданак
Па словах былых вязьняў, на сьняданак у камэру прыносяць звычайна кашу і гарбату. Каша, часьцей за ўсё, зь сечкі ці прасяная. Два разы на тыдзень на сьняданак дадаткова даюць яйка.
8:00. Праверка
Ператрус, агляд рэчаў, вобшук самога зьняволенага. Яго на гэты час выводзяць у калідор і ставяць тварам да сьцяны. Затым у камэру выліваюць вядро вады з хлёркай, якую пасьля выхаду канваіраў трэба сабраць.
«Мне вылівалі на падлогу вядро вады з хлёркай штораніцы. Гэта жах — сьлязяцца вочы, жудасны смурод. Я чалавек даволі загартаваны, „прожжёный“ — адседзеў за дзьве „ходкі“ „дзясятачку“ (10 гадоў. — РС), прывык да турэмных умоваў. Не ўяўляю, як гэта вытрымліваюць звычайныя людзі. А палітычныя ж не вылазяць з ШЫЗА. Ім спачуваюць нават самыя кончаныя крымінальнікі», — расказвае былы вязень Антон.
12:00. Абед
Як гавораць былыя вязьні турмы ў Жодзіне, на абед там звычайна даюць суп. Прычым вельмі часта гэта юшка з кількі. Другая страва звычайна — тушаная капуста, макарона. Зрэдку вадкае бульбяное пюрэ, кампот ці кісель. Раз на тыдзень можа быць катлета.
12:30–17:00. «Вольны час»
«Там проста сабачы холад! Цябе апранаюць у адмысловую сынтэтычную „шкляную“ робу. І карцар, і ШЫЗА знаходзяцца ў сутарэньні, гэта вельмі вузкія памяшканьні, прыкладна 3 крокі на 9. Ты ўвесь час стаіш альбо ходзіш, рухаесься, прысядаеш ад холаду. Заваранае акенца на ўзроўні зямлі, сьвятло не трапляе. Ёсьць унітаз і бэтонны слупок пасярод камэры. Але сядзець на ім можна, толькі калі прыносяць ежу. Прысядзеш — падоўжаць тэрмін утрыманьня ў карцары», — расказвае пра тое, чым займаюцца ў камэрах жодзінскія вязьні ў свой «вольны час», былы зьняволены Антон.
20-30 хвілін на шпацыр
«На прагулкі зрэдку выводзяць, хвілін на 20-30. Калі вядуць па калідоры, трэба напалову сагнуцца, рукі ў кайданках ззаду. Я на волі доўга ня мог пазбавіцца звычкі згінацца, калі праходзіў празь дзьверы. Дворык для прагулак — бэтонная клетка, процьма перагародак, кратаў, каб арыштанты не перамаўляліся і не перакідваліся запіскамі», — успамінае іншы былы вязень Жодзіна.
17:00. Вячэра
Стравы часта паўтараюць тыя ж, што вязьням прыносілі на абед. Можа ня быць супу. Посуд пасьля вячэры трэба здаць канваірам.
17:30— 20:00. Другі «вольны час»
«У бэтоннай клетцы ШЫЗА пачынае „ехаць дах“. Зусім маленькае памяшканьне; ня ведаю, як бы там адчуваў сябе чалавек з кляўстрафобіяй. Ад пастаяннага холаду выспацца немагчыма, сон урыўкамі. І ў галаву прыходзяць нейкія дурныя думкі. Час цягнецца вельмі марудна. У мяне адзін раз здарылася панічная атака: лёг на падлогу, роў, тросься. Мяне тады моцна пабілі. Стан быў жудасны. Я доўга адыходзіў пасьля таго ШЫЗА», — прызнаецца Андрэй, які ўжо выйшаў з жодзінскай турмы на волю.
20:00. Другая праверка
«Ператрусы па некалькі разоў штодня адбываліся з аўчаркай, якая заходзіла ў камэру першай. Потым нас выводзяць на калідор. Правяраюць таксама, ці ў камэры чыста. Вязьні павінны прыбірацца па чатыры разы на дзень», — расказвае былы вязень Антон.
21:00. Адбой
Канваір адшпільвае нары. Палітзьняволеным у ШЫЗА матрац, коўдру і падушку, па словах былых вязьняў, звычайна не даюць альбо даюць праз раз. Усю ноч у камэры гарыць сьвятло, канваіры раз-пораз зазіраюць унутр праз акенца ў дзьвярах. Могуць разбудзіць зьняволенага, калі ёсьць каманда ад адміністрацыі або калі самі захочуць гэта зрабіць.
«Адзін раз мне давалі матрац на ноч, другі — не. Ад холаду спаць немагчыма», — успамінае былы вязень Андрэй.
У розныя гады праз турму № 8 прайшлі праваабаронца Алесь Бяляцкі, былы рэктар БДУ Аляксандар Казулін, актывісты Зьміцер Дашкевіч, Васіль Парфянкоў, Дзьмітры Паліенка, блогеры Эдуард Пальчыс і Ігар Лосік, палітыкі Мікола Статкевіч і Марыя Калесьнікава, журналісткі Кацярына Андрэева, Дарʼя Чульцова, Анджэй Пачобут ды іншыя.
Сёньня ў Жодзіне ўтрымліваюць тры дзясяткі палітвязьняў. Акрамя Сяргея Ціханоўскага, гэта журналіст Дзяніс Івашын, анархісты Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Яўген Рубашка, эколяг Міхаіл Кучук і іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Там проста ламаюць людзей». Што вядома пра вязьніцу Сяргея Ціханоўскага і Ігара Аліневіча ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ім у турмах Беларусі цяжэй, чым іншым. Пяць цытатаў пра ўразьлівыя групы палітвязьняў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасівеў і сур'ёзна схуднеў, выглядае нядобра»: былы вязень наваполацкай калёніі пра Віктара Бабарыку