З пачатку году ад Алены Гнаўк прыйшла толькі адна паштоўка
Ад палітзьняволенай Алены Гнаўк ад пачатку году сямʼя атрымала адну паштоўку, паведаміў праваабаронца «Вясны» Ўладзімер Вялічкін.
«Паштоўка была, але адзіная ад пачатку году. Пра сябе толькі паведаміла, што зь ёй нібыта ўсё добра. Але вядома, што ў яе застаецца праблема са здароўем, ёй патрэбна апэрацыя. Зрабілі ці будуць рабіць, зьвестак няма», — расказаў пра палітзьняволеную Алену Гнаўк Уладзімер Вялічкін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Алену Гнаўк перавялі ў калёнію ў Рэчыцкі раёнУ сакавіку 2024 году пэнсіянэрцы, былой юрыстцы з Пружанаў Алене Гнаўк споўнілася 67 гадоў. Зь іх ужо больш за 3 гады яна адбывае пакараньне — спачатку «хатнюю хімію», а потым зьняволеньне ў папраўчай калёніі.
Цяпер гэта калёнія № 24 у Зарэччы Рэчыцкага раёну, дзе трымаюць жанчын, асуджаных паўторна ці больш разоў. У «Зарэчча» Алена Гнаўк трапіла пасьля таго, як падчас знаходжаньня ў Гомельскай жаночай калёніі № 4 была яшчэ раз асуджаная — паводле 411 артыкулу аб «злосным непадпарадкаваньні законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы».
Да таго Алену Гнаўк суд ужо пакараў «хатняй хіміяй», а потым зьняволеньнем на 3,5 года праз абвінавачаньні ў паклёпе на Лукашэнку (арт. 367), дыскрэдытацыі Беларусі (арт. 369) і ўдзеле ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342).
27 траўня стала вядома, што за мяжу з траімі дзецьмі выехала дачка палітзьняволенай Аляксандра.