2024-ы — год Васіля Быкава. 19 чэрвеня — 100-годзьдзе пісьменьніка, якім можа ганарыцца кожны беларус. Пра сустрэчы і размовы зь ім, пра тое, які сьлед пакінулі ягоныя кнігі ў асабістых лёсах і лёсе ўсяго народу, у праекце Свабоды «Наш Быкаў» узгадваюць і разважаюць сябры, паплечнікі, чытачы.
У вачах стаіць моцны фатаздымак Сяргея Шапрана, які ўвойдзе (ужо ўвайшоў) у гісторыю беларускай фатаграфіі і беларускай літаратуры. На здымку Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін у бараўлянcкім шпіталі каля хворага Быкава. Тры вялікія асобы беларускай літаратуры ў драматычны для Айчыны час. Прасьветлены Быкаў. Апошнія дні. Гэта разьвітаньне. Так яно сталася. Так яно адлюстравана на здымку.
Гледзячы каторы раз на гэтую шчымлівую фатаграфію, усьведамляю, як мне не хапае цяпер, і ўвесь час, у літаратуры і ў нашым жыцьці гэтых людзей, гэтых вялікіх творцаў. Асірацела бязь іх літаратура і Беларусь. І гэтае пачуцьцё мне не мінае і не зьнікае з думак.
Я пазнаёміўся з Быкавым позна, у траўні 1988 году, у час адкрыцьця Курапатаў. Дагэтуль мы не сутыкаліся. Відаць, таму, што мы людзі розных пакаленьняў. Але ад 1988 году, асабліва не набліжаючыся, ішлі разам. У 1988 годзе Быкаў зрабіў моцны паварот у жыцьці: адкрыта і назаўсёды стаў на пазыцыі Беларускага нацыянальнага Адраджэньня, падтрымаў Беларускі Народны Фронт, стаўся сябрам Сойму БНФ. Беларускае нацыянальнае Адраджэньне і лёс Айчыны сталі зьместам ягоных думак, трывог і разважаньняў.
Васіль Уладзімеравіч быў сьціплым, стрыманым і нешматслоўным, але на цяжкіх паваротах лёсу і ў палітыцы я заўсёды адчуваў ягоныя разуменьне, прыхільнасьць і падтрымку. Ён як быццам толькі прысутнічаў, але ў складаны час зьяўлялася яго патрэбнае слова і, азіраючыся, я бачыў яго надзейную постаць.
Ворагі Беларусі прысьпешылі яго сьмерць (пра гэта дэталёва напісаў Сяргей Навумчык). Яны хацелі нават вынішчыць яго імя з гісторыі і літаратуры, толькі, як пісаў клясык, «каб сонца засланіць, вушэй асьліных мала».
Васіль Быкаў — пісьменьнік сусьветнай велічыні. Ён высока падняў над зямлёй вобраз беларуса, паказаў яго шчырую гуманістычную сутнасьць. Ягоны стыль думаньня і літаратурнага адлюстраваньня зазнаў уплывы экзыстэнцыялізму. Але, на мой погляд, лева-заходняя літаратура тут ні пры чым (тым больш што па-беларуску яе не перакладалі). Мэтад і стыль быкаўскай прозы натуральна вынікаў зь ягонага доўгага і актыўнага вопыту Другой сусьветнай вайны, удзельнікам якой ён быў і прайшоў яе ад пачатку і да канца. Ніякі Сартар і ніякі Камю такога вопыту ня мелі, таму і стылістыка іхнага лябараторнага мэтаду ў літаратуры мёртвая, прыдуманая і штучная.
Быкаў у параўнаньні зь імі — гэта жыцьцёвая глыба, стоўп, філяр літаратурнай праўды і перажываньняў праўдзівага чалавечага духу на мяжы жыцьця і сьмерці. Хаця якраз у такіх паралелях перажываньняў чалавечай асобы Быкаў стаў найбольш зразумелым сусьветнаму чытачу, які, чытаючы, спасьцігаў для сябе Беларусь.
У Беларусі Васіля Ўладзімеравіча Быкава называюць сумленьнем нацыі. І гэта праўда. Ён даказаў тое сваім жыцьцём і творчасьцю, заснаванай на глыбокай павазе да лепшага чалавека, простага, працавітага і праўдзівага, адлюстраванага ім у мастацкіх вобразах.
Беларускі чытач такое разумее, успрымае, і шчырасьць творчасьці ды праўдзівасьць вобразаў пераносіць (як гэта часта бывае) на постаць пісьменьніка.
Падтрымка Быкавым беларускага нацыянальна-вызвольнага руху за волю і незалежнасьць Айчыны (БНФ) умацавала яго аўтарытэт і павагу сярод беларусаў.
Гісторыя беларускай літаратуры паказала, што народ вылучае тых пісьменьнікаў і паэтаў, якія яго любілі і пісалі пра народ добра.
Васіль Быкаў моцна і вобразна адлюстраваў надзвычай драматычны час у беларускай гісторыі — час Другой сусьветнай вайны, якая закранула кожнага беларуса. Такое не забываецца. Напісанае застаецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наш Быкаў». Аляксандар Лукашук: «Быкаў — самы вялікі чалавек, якога я сустракаў»Быкаў на Свабодзе: чытайце і слухайце
Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў (1924–2003) стаяў у першых шэрагах дэмакратычнага руху за нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі. Ён удзельнічаў у стварэньні Беларускага народнага фронту (1988) і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1990), Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995) і Беларускага ПЭН-цэнтру (1995). Пасьлядоўны крытык Аляксандра Лукашэнкі, Быкаў стаў сымбалем змаганьня зь ягоным аўтарытарным рэжымам. У 1995-м, пасьля гвалтоўнага разгону галадоўкі апазыцыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, ён заявіў аб «прэлюдыі фашыстоўскага перавароту», прадказаўшы, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта».
Васіля Быкава, якога многія беларусы лічылі «сумленьнем нацыі», прыбралі зь дзяржаўных выданьняў, ягоныя кнігі перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Пісьменьніка, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, прапагандысты шальмавалі, вымусіўшы ехаць у эміграцыю. На Беларусь ён вярнуўся цяжка хворым, усяго за месяц да сьмерці. Пахаваньне Быкава ператварылася ў шматтысячны жалобны мітынг праз цэнтар Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Апошнія 15 гадоў свайго жыцьця Радыё Свабода стала ці не асноўным каналам звароту Быкава да свайго народу. Нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама думкамі, ацэнкамі і прагнозамі.
«Быкаў на Свабодзе» (2005): чытаць кнігу (PDF)
Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг., лісты, малюнкі, фота і ўспаміны. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».
«Быкаў на Свабодзе» (2004): слухаць аўдыёдыск
Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода
«Доўгая дарога дадому» (2010): слухаць аўдыёкнігу
Кніга мэмуараў народнага пісьменьніка Беларусі гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.