«Кібэрпартызаны» распрацавалі звыш 120 ботаў для палітычных Telegram-каналаў у Беларусі. Цяпер у іх зьявілася каманда / stop. Яна забараняе робату адпраўляць людзям паведамленьні.
Таксама «Кібэрпартызаны» зрабілі невялічкую інструкцыю для карыстальнікаў.
Як працуе:
- Адпраўце ў дыялёгу з ботам каманду /stop. Дачакайцеся паведамленьня пацьверджаньня. Цяпер адміністратары боту ня змогуць напісаць вам.
- Каб зноў атрымліваць паведамленьні, увайдзіце ў дыялёг з ботам і націсьніце кнопку «Запусьціць» або адпраўце любое паведамленьне.
Для чаго гэта трэба:
- Гэтая каманда дазваляе забараніць робатам, якім вы калі-небудзь пісалі, самастойна адпраўляць вам паведамленьні. Пры гэтым робат не трапляе ў «Чорны сьпіс», значыць, не застаецца сьлядоў. Вы можаце выдаліць яго паводле нашай інструкцыі, каб дыялёг з ботам не зьяўляўся ў сьпісе чатаў.
На гэты момант функцыя ўкаранёная толькі ў ботах ад «Кібэрпартызанаў». Яны заклікалі адміністратараў іншых робатаў палітычных каналаў і арганізацый дадаць тую ж опцыю, каб павялічыць бясьпеку беларусаў унутры краіны.
Пытаньне перапрацоўваньня ботаў паўстала вакол скандалу перад выбарамі ў Каардынацыйную раду, калі сьпіс «Закон і правапарадак» на чале з Аляксандрам Азаравым праз чат-бот пляну «Перамога» даслаў апавяшчэньні пра выбары сваім карыстальнікам. Прычым апавяшчэньні прыйшлі нават людзям, якія даўно выдалілі і заблякавалі бот.
Пачаўся скандал, і выбарчая камісія паставіла Азараву ультыматум: альбо ён пакідае свой сьпіс, або з выбараў здымаюць цэлы сьпіс. Азараў адмовіўся пакінуць сьпіс, у выніку ўсе ягоныя паплечнікі не дапушчаныя да выбараў у Каардынацыйную раду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азараў пра агітацыю за свой блёк ў чат-боце пляну «Перамога»: Канкурэнты баяцца ByPolСкандал з апавяшчэньнямі чат-боту «Перамогі» выкарыстала прапаганда ўнутры Беларусі. Адразу пра некалькіх чалавек сілавікі сказалі, што іх затрыманьне адбылося пасьля прыходу апавяшчэньняў. Праверыць гэтую інфармацыю пакуль немагчыма.
- «Кібэрпартызаны» — беларуская дэцэнтралізаваная супольнасьць ананімных праломнікаў (хакераў), якая зьявілася ў верасьні 2020 году.
- Яны атрымалі вядомасьць дзякуючы шэрагу пасьпяховых кібэратак на рэсурсы беларускіх дзяржаўных установаў і сілавых структураў, публікацыям кампрамату на прадстаўнікоў апошніх, а таксама разьмяшчэньнем у адкрытым доступе службовай і сакрэтнай інфармацыі.
- Супольнасьць пачала дзейнасьць у адказ на дзяржаўныя рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў.
- Сваю дзейнасьць яны называюць барацьбой з Аляксандрам Лукашэнкам.
- «Кібэрпартызаны» актыўна дапамагаюць аб’яднаньню беларускіх сілавікоў ВуРol у правядзеньні расьсьледаваньняў.
- Таксама «Кібэрпартызаны» дапамагаюць палку імя Кастуся Каліноўскага ва Ўкраіне правяраць новых добраахвотнікаў.