На чале гэтага сьпісу — кіраўнік аднаго з аб’яднаньняў экс-сілавікоў ByPol Аляксандр Азараў.
У інтэрвію Эўрарадыё Азараў патлумачыў матывы сваіх дзеяньняў.
— Гэтыя выбары ў Каардынацыйную раду для нас вельмі важныя. І мы лічым, што гэта, можа быць, апошні шанец зьмяніць будучыню беларусаў. Канфэрэнцыя, якая праводзілася ў нядзелю, паказала, што беларусы не ведаюць пра гэтыя выбары — 200 чалавек толькі канфэрэнцыю глядзела. Таму вырашылі прыцягнуць увагу да выбараў вось такім чынам.
ЕР: Ці вартыя выбары ў КР таго, каб рызыкаваць бяспекай беларусаў?
— Мы рассылкі робім два разы на месяц. Бо мы працуем з чат-ботам «Перамога». Мы робім рассылкі рэгулярна, тысячам людзей. Проста цяпер выслалі больш, чым заўсёды. І, відаць, паведамленьні прыйшлі да людзей, да якіх яны раней не прыходзілі.
ЕР: Што гэта значыць?
— Мы рассылаем розным катэгорыям заўсёды. Тым, хто нам цікавы. А цяпер мы выбралі больш катэгорый, чым звычайна. І ў рассылку патрапілі тыя, каму раней не дасылалі. І яшчэ: людзі рэгіструюцца і выдаляюцца, зноў рэгіструюцца, і таму кожная рассылка будзе не аднолькавай.
«Кібэрпартызаны» шмат разоў публікавалі інструкцыю, як правільна выдаліць бот. Відаць, тыя людзі няправільна выдалілі. Мы гэтую інструкцыю прадублявалі яшчэ раз. Мы да гэтага заклікалі яшчэ год таму. Калі чалавек перадумаў і не хоча ўдзельнічаць у пляне «Перамога», дык калі ласка, можа выдаліцца. Гэта было адно з першых паведамленьняў на нашым новым канале.
ЕР: А што цяпер рабіць людзям, якія хвалююца за сваю бясьпеку, бо неспадзявана атрымалі паведамленьне?
— Выдаліць бот згодна з інструкцыяй. Гэта інструкцыя «Кібэрпартызанаў». Мы ж не можам праверыць кожнага чалавека, ці выдалялі яны наогул там што. Гэта тэхнічныя пытаньні.
Мы рабілі рассылку як заўсёды, выкарыстоўваючы ўсе мэтады бясьпекі. Мы рабілі яе позна ўвечары. Калі людзі знаходзяцца ўжо не на працы, а дома. І я яшчэ раз падкрэсьліваю: раней ні ў кога не ўзьнікала ніякіх пытаньняў. Я лічу, што гэта зьвязанае менавіта з выбарамі. Нехта не хоча, каб яны праводзіліся.
ЕР: Як вы адрэагавалі на гэты рэзананс?
— Я нэгатыўна да гэтага стаўлюся. Я думаю, што проста канкурэнты на выбарах баяцца, што ByPol можа выкарыстоўваць такія рэсурсы, якіх няма ў іншых.
- Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская паведаміла, што пасьля начной рассылкі з агітацыяй за сьпіс № 5 «Закон і правапарадак» Азарава пазбавілі доступу да чат-боту пляну «Перамога».
- Цэнтар новых ідэй і ініцыятыва «Ёсьць пытаньне» з дапамогай ботаў у Viber і Telegram правялі 5-11 траўня апытаньне сярод прадэмакратычнай часткі беларускага грамадзтва. Сярод апытаных, якія адказалі, што ведаюць пра выбары ў КР, гатоўнасьць галасаваць за «Закон і правапарадак» выказалі 0.9%. Гэты сьпіс паводле папулярнасьці апынуўся на 10-м месцы з 12-ці.
Форум