На Нацыянальным прававым партале зьявіўся законапраект аб амністыі, прымеркаванай да 80-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад фашыстоўскіх захопнікаў, якое будзе адзначацца 3 ліпеня.
Плянуецца, што амністыя закране
- асуджаных інвалідаў 1 і 2 групаў,
- цяжарных жанчын,
- непаўналетніх,
- пэнсіянэраў,
- тых, хто пацярпеў ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы,
- некаторыя іншыя катэгорыі грамадзянаў.
Пры гэтым міністар унутраных спраў Іван Кубракоў ужо заявіў, што пад амністыю не падпадуць тыя, хто быў асуджаны паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу, зьвязаных з «экстрэмізмам і тэрарызмам».
Магчымасьць таго, што па амністыі 2024 году ўсё ж выйдуць на волю некаторыя палітвязьні, не выключае праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка.
«Усё будзе залежыць ад таго, як сфармулююць закон аб амністыі ў канчатковым выглядзе. Улічваючы, што праект закону рыхтаваў МУС, дык да Кубракова варта прыслухацца, калі ён кажа пра тое, што не падпадуць пад амністыю асуджаныя за экстрэмізм і тэрарызм.
З другога боку, на маю думку, цяпер для ўладаў выдатная магчымасьць праявіць гуманнасьць і вызваліць ці зьмякчыць становішча хаця б тых палітычных зьняволеных, якія знаходзяцца ў гуманітарным сьпісе. Гэта людзі ў цяжкім фізычным стане, некаторыя зь невылечнымі хваробамі, якіх мы можам проста не дачакацца на волі. Такіх некалькі соцень. Мы працягваем спадзявацца на тое, што ўлады ўсё ж пойдуць на аблягчэньне лёсу гэтых людзей і скарыстаюцца дзеля гэтага будучай амністыяй», — мяркуе Сапелка.
Праваабаронца Павал Сапелка нагадаў пра амністыю 2022 году, якая таксама не распаўсюджвалася на палітвязьняў, але па выніку некаторыя з асуджаных за «палітыку» усё ж выйшлі на волю.
«Прыкладам, былі асуджаныя паводле артыкулу аб паклёпе ў адрас выбарчых камісій, дык ведаю некалькі такіх вязьняў, да якіх тая амністыя была ўжытая і яны выйшлі на волю датэрмінова. Але былі і выпадкі адваротныя: фармальна чалавек меў права на амністыю, але адміністрацыя папраўчай установы вызваленьне заблякавала, зрабіўшы вязьня злосным парушальнікам рэжыму. Гэтак вядомы журналіст, які фармальна сядзеў за нясплату за электраэнэргію і мог разьлічваць на амністыю, у выніку адбыў поўны тэрмін. То бок і тут улада мае магчымасьць для пэўных паваротаў. Але, паўтаруся, усё будзе залежаць ад фармулёвак будучага закону. Тое, што грамадзтва чакае амністыі для палітычных вязьняў і будзе вітаць такія крокі, гэта відавочна, хаця пакуль ня бачу гатоўнасьці ўлады ісьці па гэтай дарозе», — сказаў Павал Сапелка.
Хто ў гуманітарным сьпісе
Па стане на 6 траўня 2024 году праваабаронцам вядома ня менш як пра 254 палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы.
Сярод іх 16 чалавек з інваліднасьцю, 92 чалавекі ў цяжкім стане здароўя, 63 чалавекі, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто зь іх мае вялікія праблемы са здароўем), а таксама 10 чалавек з мэнтальнымі разладамі. 23 маладых людзей затрымалі непаўналетнімі, сярод палітзьняволеных 40 шматдзетных маці і бацькаў. Вядома мінімум пра пяць сямей, дзе абое бацькоў знаходзяцца за кратамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Касьцюка зьбіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым, Аліневіча нядаўна зьмяшчалі ў ШЫЗА, а Раманаў адбыў паўгода ў ПКТ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нават статус палітвязьня могуць зрабіць незаконным». У Празе пачаўся кангрэс па сытуацыі палітвязьняў у Беларусі