Кангрэс праходзіць у Каралінуме, сярэднявечным комплексе будынкаў Карлавага ўнівэрсытэту. Яго ладзіць Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі. У кангрэсе бяруць удзел сябры вядучых беларускіх праваабарончых арганізацый і гуманітарных ініцыятываў, знаўцы ў галіне права, беларускія і замежныя палітыкі і дыпляматы, а таксама былыя палітзьняволеныя і іхныя сямейнікі.
«Ваша барацьба — гэта наша барацьба»
Сярод тых, хто адкрываў кангрэс, была ўкраінская праваабаронца Аляксандра Матвійчук. Два гады таму яе «Центр громадянських свобод», разам з Алесем Бяляцкім і расейскімі праваабаронцамі з «Мемориала», атрымалі Нобэлеўскую прэмію ў галіне міру. Матвійчук выказала салідарнасьць з палітвязьнямі і тымі, хто змагаецца за свабоду ў Беларусі.
«Калі пачаліся пратэсты ў Беларусі, мы, украінцы, былі салідарныя зь беларусамі. Калі ўпершыню судзілі Алеся Бяляцкага, я была на судзе ў Менску. Я ведала, што мы павінны падтрымліваць адно аднаго. Другі раз я не магла быць на працэсе ў Менску, бо Расея напала на маю краіну. Ваша барацьба — гэта наша барацьба». — сказала Матвійчук.
«Рэпрэсіі выйшлі за межы перасьледу палітычных апанэнтаў»
Першая частка кангрэсу была прысьвечаная трэндам у палітычных рэпрэсіях і новы выклікам. Прадстаўніца Беларускага Хэльсынскага Камітэту Кацярына Дзяйкала выказала думку, што зьмяншэньня рэпрэсій у краіне чакаць ня варта. Яна прапанавала спыніць размовы пра тое, што рэпрэсіі «выйшлі на плято».
Дзяйкала: Жорсткія рэпрэсіі працягваюцца ўжо чатыры гады, але мы бачым, што нават некаторыя замежныя калегі ці міжнародныя партнэры не разумеюць, што адбываецца ў Беларусі. Яны ня могуць да канца зразумець, што робіць дзяржава зь людзьмі. Рэпрэсіі ў Беларусі — гэта частка штодзённай палітыкі дзяржавы, якая выйшла за межы перасьледу палітычных апанэнтаў. Гэта ціск дзяржавы на чалавека. Гэта ўжо частка жыцьця любога чалавека, нават калі ён не праяўляў палітычнай актыўнасьці і ніколі ня быў актывістам.
Асноўным інструмэнтам улады Дзяйкала назвала легалізацыю рэпрэсій. Гаворка ідзе прынамсі пра некалькі дзясяткаў законаў, у якіх за апошнія гады замацавалі рэпрэсіі. Кажучы інакш, іх прапісваюць так, каб перасьлед стаў для выканаўцаў рэпрэсій законным.
«Антазаходняя гістэрыя і перасьлед нацыянальнай культуры толькі ўзмацняюцца. Адбываецца расеізацыя заканадаўства адносна ЛГБТ. І ўсё гэта ня будзе спыняцца. У 2019 год няма ніякага вяртаньня. Гэта ідзе да лягічнага канца, але калі ён наступіць, на жаль, невядома. Сёлета ўлады ўпершыню юрыдычна кваліфікавалі статус палітвязьня як „публічную легітымізацыю злачынцаў“. Таму можна дапусьціць, што апераваньне статусам палітвязьня могуць абвясьціць фармальна незаконным. Я не хачу палохаць дарма. Падкрэсьліваю, што гэта толькі дапушчэньне». — сказала Кацярына Дзяйкала.
«Ёсьць праблема знайсьці адваката для палітзьняволеных»
Пра тэндэнцыю да пагаршэньня расказала і прэзыдэнтка Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека Марыя Колесава-Гудзіліна. Яна расказала, што ўсё часьцей палітвязьні могуць сустрэць у турмах і сваіх адвакатаў. Цяпер за дапамогу палітзьняволеным за кратамі знаходзяцца шасьцёра адвакатаў.
«На пачатку 2020 году адвакатаў пазбаўлялі ліцэнзій і затрымлівалі. Цяпер затрымліваюць і ў крымінальных справах. Мы зараз часта гаворым пра сытуацыю інкамунікада, калі няма сувязі з палітвязьнямі. Гэта ёсьць наступствам таго, што ў турмах ужо і адвакаты. Мы, напрыклад, ведаем пра факт, калі адвакату надзявалі пакет на галаву і загадвалі разблякаваць тэлефон. Мы кладзём сваю прафэсію і жыцьцё на дапамогу людзям. У нас становіцца вельмі мала адвакатаў, мы падлічылі: адзін адвакат на 5800 беларусаў». — сказала Колесава-Гудзіліна.
Яна канстатавала, што сёньня ўжо ёсьць праблема знайсьці адваката для палітзьняволеных. Нярэдка яны самі адмаўляюцца бараніць палітвязьняў. Колесава-Гудзіліна прывяла і ўласны прыклад. Яе адвакатка, якая павінна бараніць яе на працэсе ў так званым спэцвядзеньні, заблякавала Марыю ў мэсэнджарах.
«Пасьля выхаду пачуцьцё адчаю і безнадзейнасьці не пакідалі мяне ні на адзін дзень»
Былы палітвязень і сябра праваабарончага цэнтра «Вясна» Леанід Судаленка пасьля 2020 году правёў за кратамі тры гады. Ён расказаў пра ўмовы ў беларускіх вязьніцах і пра тое, як перасьлед працягваецца нават пасьля выхаду на волю.
«Пасьля выхаду пачуцьцё адчаю і безнадзейнасьці не пакідалі мяне ні на адзін дзень. Яны павялічваюцца пасьля чарговай сьмерці палітвязьняў. Толькі ў гэтым годзе адбылося 3 сьмерці. Ахоплівае бездапаможнасьць. Калі ты там, то не разумееш, што адбываецца, чаму цябе не вызваляюць. Вясной 2021 году Алесь Бяляцкі пісаў мне, што я хутка буду дома, але пасьля ён сам апынуўся ў турме. Я ня раз лавіў сябе на думцы: «Што я тут раблю, за што Бог паслаў мне такую кару?». Ня раз даводзілася разьвітвацца з жыцьцём, бо мэдыцыны там няма, — расказаў Судаленка.
Ён трапіў у турму ў разгар каранавіруснай інфэкцыі. Здаралася, што страчваў прытомнасьць. 20 дзён Судаленка правёў у камэры для хворых, яго лячылі адным антыбіётыкам. У цывільную лякарню адмовіліся везьці, бо там патрэбен канвой, які б пастаянна сядзеў каля палаты.
«Стрэс адбірае здароўе. Але і ўмовы забіраюць здароўе. Супрацоўнікі турмы адбіраюць тэрмабялізну, няма прагулак. Я скардзіўся доктару, што мне холадна спаць. Ён адказаў, што калі захварэю, то тады і будзе лячыць. Пасьля вызваленьня з турмы рэпрэсіі не канчаюцца. Калі мяне вызвалілі, то я публічна расказваў пра сытуацыю ў турме. Супраць мяне пачалі спэцвядзеньне, справа ўжо перададзеная ў суд. У мяне арыштавалі зямельны ўчастак, які я атрымаў у спадчыну. Нават за сёньняшнюю сустрэчу могуць пачаць чарговую справу і прысудзіць 7 гадоў турмы за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці», — сказаў Судаленка.
«Арганізм у стрэсе ставіць на паўзу ўсе іншыя працэсы»
Вячаслаў Касінераў з праекту Dissidentby прысьвяціў свой выступ тэме доўгатэрміноваму стрэсу і яго ўплыву на здароўе палітвязьняў. Ён паказаў прысутным прэзэнтацыю, дзе крок за крокам прадэманстраваў, што пагражае людзям за кратамі.
«Доўгі стрэс прыводзіць да сардэчна-сасудзістых захворваньняў, язвы, пагаршэньня імунітэту, кепскага сну, старэньня. Арганізм у стрэсе ставіць на паўзу ўсе іншыя працэсы. Цярпіць і рэпрадуктыўная сыстэма. Стрэс пагаршае працэсы, зьвязаныя з ракам. Таму трэба карыстацца любой нагодай, каб дапамагаць палітвязьням. Трэба пісаць лісты, высылаць перадачы, грошы. Пасьля вызваленьня ім патрэбная мэдыцынская рэабілітацыя, псыхалягічная дапамога. Трэба ўводзіць у нашае жыцьцё культуру хадзіць да псыхолягаў. Гэта мае быць нормай. У Беларусі ідзе вайна на зьнішчэньне апанэнтаў дыктатуры. Мы павінны ставіцца да гэтага з поўнай сур’ёзнасьцю». — сказаў Вячаслаў Касінераў.
Праскі кангрэс працягнецца тры дні. На задуму ініцыятараў, ён стане плятформай для сумеснага аналізу, дыялёгу і каардынацыі дзеяньняў, якія б дазволілі спыніць гуманітарны крызіс у Беларусі. Кангрэс праводзіць Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі пры падтрымцы амбасады ЗША ў Чэхіі і пад патранажам рэктаркі Карлавага ўнівэрсытэту.
Форум