Раніцай 23 траўня Крысьціна Ціманоўская апублікавала свой зварот у інстаграме. У ім лёгкаатлетка паведамляе, што ў яе бацькоў у Беларусі праводзяць ператрус супрацоўнікі Сьледчага камітэту.
«Пакуль я лячу на спаборніцтвы і ў мяне трасуцца рукі ад гэтай інфармацыі, а ўсё таму, што я хачу свабоды для сваёй краіны», — адзначыла Ціманоўская.
Яна заявіла, што «ніхто не нясе адказнасьці за яе, акрамя яе самой», і дадала: калі ў СК ёсьць пытаньні да яе, яна «запрашае іх у свой новы дом на ператрусы і размовы».
«У мяне забралі дом, а цяпер дабраліся да маёй сям’і, звычайнай правінцыйнай сям’і, дзе тата ўсё жыцьцё працаваў пажарнікам, а маці супрацоўнікам банку», — піша Ціманоўская.
Паводле Ціманоўскай, апошнія гады для яе сям’і і так былі вельмі цяжкімі — «рак у мамы (дзякуй богу, удалося вылечыць), інсульт у бацькі (зараз ён інвалід)».
У красавіку стала вядома, што яна вырашыла ўдзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лёгкаатлетка Ціманоўская заваявала алімпійскую ліцэнзію ў складзе зборнай ПольшчыЦіманоўская балятуецца на выбарах у Каардынацыйную раду, якія пройдуць 25–27 траўня, у складзе сьпісу «Закон і правапарадак», які ўзначальваецца кіраўніком ByPol Аляксандрам Азаравым.
Тксама стала вядома б ператрусах у кватэрах кандыдатаў у КР ад кааліцыі Латушкі і іх сваякоў у Беларусі. Пра гэта паведаміла «Позірку» прэс-служба каманды палітыка.
«У гэтыя гадзіны ідуць масавыя ператрусы ў кватэрах сябраў выбарчага камітэта «Каманда Латушкі і Рух „За свабоду“, які прымае ўдзел на выбарах у КС дэмсіл Беларусі, і іх сваякоў. У кватэры прыходзяць супрацоўнікі КДБ, зьдзяйсьняюць ператрусы і арышт маёмасьці. Нам ужо вядома пра 12 выпадкаў», — удакладнілі ў кааліцыі.
Там актыўнасьць спэцслужбаў зьвязваюць з тым, што «рэжым [Аляксандра] Лукашэнка баіцца альтэрнатывы — выбараў у прадстаўнічы орган дэмакратычных сілаў Беларусі».
21 траўня стала вядома, што Сьледчы камітэт узбудзіў крымінальныя справы супраць усіх удзельнікаў выбараў у Каардынацыйную раду.
У справах фігуруюць 257 чалавек, іх абвінавачваюць па арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады), 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару), 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня) і 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) Крымінальнага кодэксу.
Крысьціна Ціманоўская і яе адмова вяртацца ў Беларусь
- 1 жніўня 2021 году падчас Алімпіяды 24-гадовая лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская заявіла, што яе спрабавалі сілай вывезьці з Токіё ў Беларусь. Яна адмовілася ад пасадкі на самалёт і заявіла, што ў аэрапорт яе даставілі супраць волі.
- Ціманоўскую выключылі з алімпійскай каманды пасьля таго, як яна выступіла з крытыкай трэнэрскага складу ў сваім Instagram. Яе паставілі бегчы эстафэту 4×400 мэтраў, хоць на Алімпіядзе Крысьціна рыхтавалася выступіць у бегу на 100 і 200 мэтраў.
- Гэта здарылася пасьля таго, як Марыю Жодзік, Ганну Міхайлаву і Крысьціну Мулярчык не дапусьцілі да эстафэты з прычыны недастатковай колькасьці допінг-пробаў. Жодзік абвінаваціла ў гэтым Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі. Ціманоўская, у сваю чаргу, заявіла, што ніколі ня бегала дыстанцыю, на якую яе без папярэджаньня выстаўляе трэнэрскі штаб.
- Неўзабаве пачаліся пагрозы ад адміністрацыі каманды і галоўнага трэнэра зборнай у лёгкай атлетыцы Юрыя Маісевіча. Функцыянэры спачатку ігнаравалі пытаньні Ціманоўскай наконт удзелу ў няпрофільнай для яе эстафэце, куды атлетку ўключылі безь яе згоды, а затым пачалі пагражаць, заяўляючы, што рашэньне пра яе «выдаленьне з Алімпіяды» прынятае «на самым версе». Крысьціна апублікавала, а потым выдаліла аўдыязапіс з пагрозамі.
- Ціманоўская заявіла, што ў Беларусь ня вернецца, бо баіцца перасьледу. 2 жніўня яна прыйшла ў польскую амбасаду, дзе ёй выдалі гуманітарную візу. У той жа дзень стала вядома, што яе муж Арсень Зданевіч зьехаў зь Беларусі ва Ўкраіну.
- Трэцяга жніўня Ціманоўская з Токіё паразмаўляла з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім.
- 4 жніўня быў заплянаваны пералёт спартоўкі ў Варшаву, у апошні момант зь меркаваньняў бясьпекі Варшаву зьмянілі на Вену. У аэрапорце Токіё перад вылетам у Аўстрыю Ціманоўская зьявілася ў суправаджэньні афіцэраў японскай паліцыі.
- 5 жніўня Ціманоўская прыбыла ў Варшаву і дала прэсавую канфэрэнцыю.
- 6 жніўня Міжнародны алімпійскі камітэт паведаміў, што «ў інтарэсах дабрабыту спартоўцаў Беларусі» скасаваў акрэдытацыю двух трэнэраў Ціманоўскай, Артура Шумака і Юрыя Маісевіча, і пачаў расьсьледаваньне інцыдэнту.
- 10 жніўня Крысьціна Ціманоўская падпісала кантракт са спартовай групай Orlen. У польскай камандзе адзначылі, што спадзяюцца на хуткае аднаўленьне кар’еры беларускі.