Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускага трэнэра бягухі Ціманоўскай дыскваліфікавалі на 5 гадоў за парушэньне яе правоў у Токіё


Архіўнае фота. Юры Майсевіч перад адлётам у аэрапорце Токіё, 6 жніўня 2021 году
Архіўнае фота. Юры Майсевіч перад адлётам у аэрапорце Токіё, 6 жніўня 2021 году

Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый на 5 гадоў дыскваліфікавала былога галоўнага трэнэра зборнай Беларусі па гэтым відзе спорту Юрыя Майсевіча. Рашэньне прынятае па выніках разгляду справы лёгкаатлеткі Крысьціны Ціманоўскай.

Гэтую дысцыплінарную справу з 2021 году разглядалі ў незалежнай арганізацыі па барацьбе з допінгам у лёгкай атлетыцы Athletics Integrity Unit і Дысцыплінарным трыбунале Міжнароднай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі, і паўсюль яе суправаджалі юрысты Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня, распавёў кіраўнік НАУ Павал Латушка.

Трыбунал устанавіў, што Майсевіч парушыў стандарты паводзін, устаноўленыя Кодэксам этыкі, бо ягоныя дзеяньні прызналі «яўнай абразай годнасьці спартоўца і злоўжываньнем <...> уладай».

«Гэтае рашэньне ўяўляе сабой значны посьпех для правоў спартоўцаў у лёгкай атлетыцы і зьяўляецца ясным сыгналам таго, што AIU зробіць усё магчымае для абароны гэтых правоў і асноўных каштоўнасьцяў спорту», — сказаў кіраўнік арганізацыі Athletics Integrity Unit Дэвід Гаўман.

Крысьціна Ціманоўская, якая ўваходзіла ў беларускую зборную, атрымала шырокую вядомасьць пасьля скандалу на Алімпійскіх гульнях 2021 году ў Токіё. Трэнэрскі склад запатрабаваў ад яе выступіць у дысцыпліне, якая разыходзілася зь яе профілем. Тады Ціманоўская адмовілася і вынесла праблему ў публічную прастору. Так шырокай грамадзкасьці стала вядома пра яе канфлікт з намесьнікам дырэктара рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы Артурам Шумаком і галоўным трэнэрам па лёгкай атлетыцы Юрыем Майсевічам.

Крысьціна Ціманоўская, архіўнае фота 2021 году
Крысьціна Ціманоўская, архіўнае фота 2021 году

1 жніўня 2021 году Ціманоўскую спрабавалі прымусова адправіць на радзіму, аднак у аэрапорце Токіё яна зьвярнулася па дапамогу ў паліцыю. Зь Японіі яна вылецела ў Аўстрыю, а потым у Польшчу, дзе жыве і цяпер.

Пасьля гэтага трэнэраў Юрыя Майсевіча і Артура Шумака пазбавілі акрэдытацыі на Алімпіядзе ў Токіё і выслалі з Алімпійскай вёскі з прычыны сытуацыі зь Ціманоўскай. Справу перадалі ў AIU, Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) і World Athletics 30 верасьня 2021 году. У студзені 2023 году Майсевічу прад'явілі абвінавачаньні, Шумак абвінавачаны ня быў.

У жніўні 2023 году Ціманоўская атрымала права выступаць на міжнародных спаборніцтвах за польскую зборную і з таго часу выступае за яе.

Крысьціна Ціманоўская і яе адмова вяртацца ў Беларусь

  • 1 жніўня 2021 году падчас Алімпіяды 24-гадовая лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская заявіла, што яе спрабавалі сілай вывезьці з Токіё ў Беларусь. Яна адмовілася ад пасадкі на самалёт і заявіла, што ў аэрапорт яе даставілі супраць волі.
  • Ціманоўскую выключылі з алімпійскай каманды пасьля таго, як яна выступіла з крытыкай трэнэрскага складу ў сваім Instagram. Яе паставілі бегчы эстафэту 4×400 мэтраў, хоць на Алімпіядзе Крысьціна рыхтавалася выступіць у бегу на 100 і 200 мэтраў.
  • Гэта здарылася пасьля таго, як Марыю Жодзік, Ганну Міхайлаву і Крысьціну Мулярчык не дапусьцілі да эстафэты з прычыны недастатковай колькасьці допінг-пробаў. Жодзік абвінаваціла ў гэтым Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі. Ціманоўская, у сваю чаргу, заявіла, што ніколі ня бегала дыстанцыю, на якую яе без папярэджаньня выстаўляе трэнэрскі штаб.
  • Неўзабаве пачаліся пагрозы ад адміністрацыі каманды і галоўнага трэнэра зборнай у лёгкай атлетыцы Юрыя Маісевіча. Функцыянэры спачатку ігнаравалі пытаньні Ціманоўскай наконт удзелу ў няпрофільнай для яе эстафэце, куды атлетку ўключылі безь яе згоды, а затым пачалі пагражаць, заяўляючы, што рашэньне пра яе «выдаленьне з Алімпіяды» прынятае «на самым версе». Крысьціна апублікавала, а потым выдаліла аўдыязапіс з пагрозамі.
  • Ціманоўская заявіла, што ў Беларусь ня вернецца, бо баіцца перасьледу. 2 жніўня яна прыйшла ў польскую амбасаду, дзе ёй выдалі гуманітарную візу. У той жа дзень стала вядома, што яе муж Арсень Зданевіч зьехаў зь Беларусі ва Ўкраіну.
  • Трэцяга жніўня Ціманоўская з Токіё паразмаўляла з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім.
  • 4 жніўня быў заплянаваны пералёт спартоўкі ў Варшаву, у апошні момант зь меркаваньняў бясьпекі Варшаву зьмянілі на Вену. У аэрапорце Токіё перад вылетам у Аўстрыю Ціманоўская зьявілася ў суправаджэньні афіцэраў японскай паліцыі.
  • 5 жніўня Ціманоўская прыбыла ў Варшаву і дала прэсавую канфэрэнцыю.
  • 6 жніўня Міжнародны алімпійскі камітэт паведаміў, што «ў інтарэсах дабрабыту спартоўцаў Беларусі» скасаваў акрэдытацыю двух трэнэраў Ціманоўскай, Артура Шумака і Юрыя Маісевіча, і пачаў расьсьледаваньне інцыдэнту.
  • 10 жніўня Крысьціна Ціманоўская падпісала кантракт са спартовай групай Orlen. У польскай камандзе адзначылі, што спадзяюцца на хуткае аднаўленьне кар’еры беларускі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG