Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёгкаатлетка Ціманоўская заваявала алімпійскую ліцэнзію ў складзе зборнай Польшчы


Крысьціна Ціманоўская
Крысьціна Ціманоўская

Бягуха зь Беларусі Крысьціна Ціманоўская, якая цяпер выступае за Польшчу, заваявала пуцёўку на Алімпійскія гульні, якія пройдуць у Парыжы 26 ліпеня — 11 жніўня 2024 году.

Ліцэнзію атлетцы прынёс забег 5 траўня ў складзе эстафэты 4×100 м на чэмпіянаце сьвету, які праходзіць на Багамскіх астравах. Польская жаночая чацьвёрка прабілася ў гэтай дысцыпліне ў фінал.

Ціманоўская, якая раней уваходзіла ў беларускую зборную, атрымала шырокую вядомасьць пасьля скандалу на Алімпійскіх гульнях 2021 году ў Токіё. Трэнэрскі склад запатрабаваў ад яе выступіць у дысцыпліне, якая разыходзілася зь яе профілем. Крысьціна Ціманоўская адмовілася і вынесла праблему на публіку. Шырокай грамадзкасьці стала вядома пра канфлікт спартоўкі з намесьнікам дырэктара Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі ў лёгкай атлетыцы Артурам Шумаком і галоўным трэнэрам у лёгкай атлетыцы Юрыем Майсевічам.

1 жніўня 2021 году Ціманоўскую спрабавалі прымусова адправіць на радзіму, аднак у аэрапорце Токіё яна зьвярнулася па дапамогу ў паліцыю. Зь Японіі яна вылецела ў Аўстрыю, а затым у Польшчу, дзе жыве цяпер.

28 чэрвеня 2023 году прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў акт аб прыняцьці яе ў грамадзянства. 7 жніўня таго году Ціманоўская паведаміла, што атрымала права выступаць на міжнародных спаборніцтвах за польскую зборную.

Атлетка выступае супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, балятуецца ў Каардынацыйную раду ад групы «Закон і правапарадак», сьпіс якой узначальвае Аляксандар Азараў.

Яшчэ дзьве беларускія спартоўкі маюць шанцы кваліфікавацца на Алімпіяду ў складзе Польшчы — скакуха ў вышыню Марыя Жодзік і вершніца Вольга Сафронава.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG