Ня толькі сьвята. Як у Вільні адзначылі 70-годзьдзе беларускай службы Радыё Свабода

Старшыня Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн, кіраўніца бюро Радыё Свабода ў Вільні Гінтарэ Жукайце-Зялянкене, прэзыдэнт Радыё Свабода Стывэн Капус. Вільня, 22 траўня 2024

Місія беларускай Свабоды праз 70 гадоў ад яе заснаваньня застаецца нязьменнай: нацыянальная ідэнтычнасьць беларусаў і правы чалавека, падкрэсьлівалі на сьвяточных імпрэзах у Вільні.

70 гадоў таму ў Мюнхэне пачала трансьляцыі беларуская сэкцыя Радыё «Вызваленьне» — цяпер беларуская служба Радыё Свабода. З 2021 году, калі ўлады Беларусі абвясьцілі службу так званай «экстрэмісцкай арганізацыяй», рэдакцыя працуе ў эміграцыі і сваё 70-годзьдзе адзначае ў суседняй Літве.

22 траўня журналістаў беларускай службы Радыё Свабода віталі ў парлямэнце Літвы, дзе адбыліся і дыскусіі аб тым, як эфэктыўна супрацьстаяць расейскай і беларускай афіцыйнай прапагандзе, а таксама як дапамагчы беларускім палітвязьням.

Cьвяткаваньне 70 гадоў з дня нараджэньня Радыё Свабода. 22 траўня 2024, Вільня

Увечары ў Беларускім доме прайшла юбілейная імпрэза, на якой успомнілі гісторыю Радыё Свабода і тых, хто пачынаў перадачы на кароткіх хвалях. Цяпер Радыё Свабода працуе на лічбавых плятформах у мультымэдыйных фарматах, а радыёэтэру ня мае.

Сабралі найцікавейшыя моманты з адзначэньня 70 гадоў Беларускай службы Радыё Свабода.

Некалькі журналістаў Свабоды застаюцца за кратамі

На ўрачыстасьці ў Сейме Літвы казалі, што беларуская служба Радыё Свабода ёсьць прыкладам сумленнасьці й імкненьня да праўды. І праз 70 гадоў пасьля свайго зьяўленьня Свабода застаецца альтэрнатывай дзяржаўным СМІ, якія пасьля апошніх выбараў прэзыдэнта ў 2020 годзе і пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ператварыліся ў чыста прапагандысцкія каналы, якія пашышаюць нянавісьць да апанэнтаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, распаўсюджваюць крамлёўскія наратывы.

Сьпікерка Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн

Старшыня Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн сярод іншага заявіла:

«Як і 70 гадоў таму, дыктатары баяцца вольнага слова. Лукашэнкаўскі рэжым уцісканьнем свабоды слова парушае базавыя правы чалавека, асабліва пасьля сфальсыфікаваных выбараў у 2020 годзе. Супраца Беларусі з Расеяй у вайне супраць Украіны яшчэ больш пагоршыла сытуацыю з правамі чалавека. Рэжым Лукашэнкі сыстэмна разбураў свабодныя СМІ і прымушаў замаўчаць грамадзянскую супольнасьць», — нагадала яна.

Прэзыдэнт Радыё Свабода Стывэн Капус падкрэсьліў, што ўсе ярлыкі, якія рэжым Лукашэнкі навязвае Радыё Свабода, не спалохалі журналістаў, яны працягваюць сваю місію — «несьці сьвятло туды, дзе хтосьці хоча захаваць цемру».

«Мы ўсе хочам, каб быў доступ да праўдзівай інфармацыі і каб ён быў своечасовым. Яны могуць пасадзіць нашых людзей за краты, яны могуць апячатваць наш офіс у Менску, уводзіць штрафы, яны могуць закрываць нашыя прадстаўніцтвы, але яны ня могуць схаваць ад людзей праўду», — падкрэсьліў Стывэн Капус.

Прэзыдэнт Радыё Свабода Стывэн Капус

Кіраўнік Радыё Свабода заклікаў улады Беларусі і Расеі вызваліць журналістаў Радыё, якіх беспадстаўна кінулі за краты, сярод іх прадстаўнікі беларускай службы.

Асуджаныя паводле палітычных матываў журналісты Свабоды Ігар Лосік і Андрэй Кузьнечык на 22 траўня правялі за кратамі 1427 і 909 дзён, былы карэспандэнт Свабоды Ігар Карней — 310.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Радыё Свабода нясе сьвятло туды, дзе хочуць захаваць цемру». Беларускую службу віншуюць зь юбілеем у Сейме Літвы

Як супрацьстаяць уладнай прапагандзе

«Сёньня, у 2024 годзе, Радыё Свабода захоўвае сваю актуальнасьць і супрацьстаіць крамлёўскай і лукашэнкаўскай прапагандзе», — заявіла на імпрэзе ў Сейме Літвы кіраўніца бюро Радыё Свабода ў Вільні Гінтарэ Жукайце-Зялянкене.

Кіраўніца бюро беларускай службы Свабоды ў Вільні Гінтарэ Жукайце-Зялянкене

«Мы арыентуемся на ўмацаваньне беларускай ідэнтычнасьці, прасоўваньне беларускай мовы, а таксама на падачу гісторыі без цэнзуры. Нашы асноўныя інструмэнты — правераная, збалянсаваная інфармацыя з розных крыніц, выяўленьне непраўдзівых навін, а таксама тлумачэньні і камэнтары ад розных экспэртаў. Рэжым Лукашэнкі падзяляе крамлёўскія наратывы, грэбуючы беларускай культурай і мовай або нават уціскаючы іх, тым самым размываючы нацыянальную ідэнтычнасьць. Гэта наўпрост пагроза незалежнасьці краіны і нацыі ў будучыні», — сказаў вядоўца дыскусійнай часткі імпрэзы, прысьвечанай умацаваньню нацыянальнай ідэнтычнасьці ва ўмовах жорсткай прапагады і «русского мира», журналіст Свабоды Валер Каліноўскі.

Cьвяткаваньне 70 гадоў з дня нараджэньня Радыё Свабода. Выступае доктар навук Нярыюс Малюкявічус, Вільня, 22 траўня 2024

У сёньняшніх умовах, паводле аўтара Свабоды Вінцука Вячоркі, важна далей процістаяць спробам прапаганды разбураць беларускую ідэнтычнасьць, культывуючы беларускую мову і даючы надзейныя веды пра гісторыю Беларусі ў агульнаэўрапейскім кантэксьце.

Cьвяткаваньне 70 гадоў з дня нараджэньня Радыё Свабода. Вільня, 22 траўня 2024

«Стратэгічным выклікам для нацыяў у нашым рэгіёне было, а для Беларусі і Ўкраіны дагэтуль застаецца выжываньне пад гістарычнай пагрозай калянізацыі. Гэта перадумова іх дэмакратычнай будучыні. А неад’емная частка палітыкі антыдэмакратычнай Расеі — зьнішчэньне ідэнтычнасьці суседніх народаў. Стратэгічны характар гэтай лініі асабліва відавочны пасьля пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны», — сказаў Вячорка.

Вінцук Вячорка мяркуе, што людзі, якія абудзіліся да актыўнай грамадзянскай пазыцыі ў 2020 годзе, цяпер прагнуць сьцьвердзіць сваю беларускую ідэнтычнасьць.

«Гэта жыва нагадвае мне попыт на сапраўдную беларускасьць у Беларусі канца 1980-х, калі заканчваўся камуністычны рэжым. Спадзяюся аднак, што наступны віток гістарычнай сьпіралі ня будзе такім працяглым», — дадаў ён.

Cьвяткаваньне 70 гадоў з дня нараджэньня Радыё Свабода. 22 траўня 2024, Вільня

У дыскуіі ўзялі ўдзел дэпутат Сейму Літвы Томас Тамілінас, доктар навук Нярыюс Малюкявічус (Віленскі ўнівэрсытэт), старшыня Зьвязу журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус, які на знак салідарнасьці зь беларускімі журналістамі нядаўна ўступіў у Беларускую асацыяцыю журналістаў (БАЖ), абвешчаную ў Беларусі экстрэмісцкай арганізацыяй, і намесьнік старшыні той самай БАЖ Алег Агееў.

Дэпутат Сейму Літвы Томас Тамілінас быў сярод аўтараў кнігі «Беларусь: місія магчымая», выдадзенай у Вільні 10 гадоў таму пра дэмакратычную будучыню Беларусі. Адказваючы на пытаньне, наколькі небясьпечныя расейскія спробы аднавіць імпэрыю, Тамілінас сказаў, што 10 гадоў таму, калі пісалася кніга, прагнозы наконт Беларусі былі больш аптымістычныя, аднак ён усё ж спадзяецца на добрае.

Томас Тамілінас лічыць, што Літва і Эўразьвяз яшчэ могуць дапамагчы Беларусі захаваць сваю незалежнасьць:

«Місія ўсё яшчэ выканальная, хаця і зацягнулася. Калі мы будзем ваярамі інфармацыйнай вайны, уплываючы на грамадзкую думку, то мы зможам вярнуць пачатковы балянс сіл, які быў да вайны. Але ў той жа час трэба выконваць журналісцкую місію, раскрываць прапаганду, дэмаскіраваць яе наратывы. І толькі якасная праца і строгае вытрыманае стандартаў працы пераканае і супольнасьць, і грамадзтва, што наш бок — бок сьвятла».

Палітоляг Нярыюс Малюкявічус, ацэньваючы становішча ў суседнім з Расеяй рэгіёне ў цэлым, выказаў думку, што дэмакратычная soft power («мяккая сіла») ідэяў і інфармацыйнай прасторы найлепш дзейнічае, калі яна падмацаваная «hard power» («жорсткай сілай») дзяржаўных інстытутаў.

Старшыня Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус на літоўскіх прыкладах паказаў прысутным, што «доўгая стратэгія замаганьня з прапагандай Расеі — адна з самых пасьпяховых стратэгій Літвы». Ён нагадаў пра літоўскага пісьменьніка і рэдактара пачатку ХХ стагодзьдзя Ёзаса Тумаса, які, «робячы маленькія СМІ, рабіў вялікую журналістыку».

«Не забывайма змагацца з прапагандай Пуціна ці Расеі. Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну мы выдалі з украінскімі калегамі газэту „Мы з Украінай“ — невялікім накладам і ў знак салідарнасьці. Трэба шукаць невялікія інструмэнты супраць вялікай прапаганды», — адзначыў Дайнюс Радзявічус.

Прадстаўнік БАЖ Алег Агееў заявіў:

«Дзяржаўная беларуская прапаганда і прапаганда Крамля робяць усё, каб сказіць сьветапогляд людзей у Беларусі. Перасьледуючы журналістаў незалежных СМІ, рэжым Лукашэнкi намагаецца пазбавіць праўды грамадзтва нашай краіны. Каб супрацьстаяць прапагандзе ў Беларусі, журналістам патрэбны прафэсіяналізм і мужнасьць. Беларуская журналістыка незалежнага мэдыясэктару выконвае гэтую гістарычна важную працу, прытрымліваючыся стандартаў».

Cьвяткаваньне 70 гадоў з дня нараджэньня Радыё Свабода. Выступае кіраўнік літоўскага аддзяленьня міжнароднай арганізацыі Freedom House Віціс Юрконіс. 22 траўня 2024, Вільня

Як вызваліць палітвязьняў і дапамагчы ім

Другі круглы стол на імпрэзе ў Сейме Літвы быў прысьечаны барацьбе за вызваленьне беларускіх палітвязьняў. Яго правяла аўтарка падкасту Свабоды «Архіпэляг БЕЛАГ» Ганна Соўсь:

«Тэма палітвязьняў у Беларусі пасьля 2020 году стала адной з самых актуальных. Наша каманда восем месяцаў стварала апавядальны падкаст „Архіпэляг БЕЛАГ“ пра тое, як Беларусь ператвараецца ў турму. У падкасьце мы апавядаем, як будаваўся „Архіпэляг БЕЛАГ“ знутры, што за людзі там працуюць, хто аддаваў загады катаваць і забіваць палітвязьняў. Даюцца парады, як выжыць за кратамі і захаваць псыхічнае й фізычнае здароўе. Сярод нашых гідаў былыя палітвязьні, былыя сілавікі, праваабаронцы, нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч. У сямі сэрыях мы дасьледуем усе колы карнай сыстэмы лукашэнкаўскага рэжыму — ад затрыманьня да турмаў і жыцьця пад кантролем на волі», — сказала сярод іншага Ганна Соўсь.

Cьвяткаваньне 70 гадоў з дня нараджэньня Радыё Свабода. 22 траўня 2024

«На жаль, мала хто ў сьвеце ведае пра гуманітарную катастрофу ў Беларусі, а рэжым Лукашэнкі спрабуе зрабіць рэпрэсіі нябачнымі, салідарнасьць немагчымай, злачынствы — схаванымі. Для беларускай і міжнароднай супольнасці важна атрымліваць праўдзівую інфармацыю пра сытуацыю з палітвязьнямі. Наша мэта — ня даць рэжыму і прапагандзе схаваць рэпрэсіі й галасы палітвязьняў», — падкрэсьліла Ганна Соўсь.

У часе дыскусіі прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова заявіла, што сытуацыя з палітычнымі зьняволенымі ў Беларусі толькі пагаршаецца, і калі пра яе не гаварыць, то праблема можа зьнікнуць з поля ўвагі.

«У пытаньнях вызваленьня і дапамогі палітвязьням будзе яшчэ шмат выклікаў — як дапамагаць людзям унутры краіны, як дапамагаць эвакуавацца», — сказала Вольга Гарбунова.

Вольга Гарбунова

Кіраўнік літоўскага аддзяленьня міжнароднай арганізацыі Freedom House Віціс Юрконіс заявіў, што для вызваленьня палітзьняволеных вельмі важная салідарнасьць, але яе недастаткова для выніку.

«Трэба быць больш жорсткімі і строгімі з рэжымам, працягваць ціск. [...] Мы змагаемся з наступствамі ці з праблемай? Калі з наступствамі, то, можа, аднаго палітвязьня мы выцягнем, але тысяча будзе заставацца за кратамі. Мысьленьне рэжыму, як у тэрарыстаў. У іх ёсьць палітычныя закладнікі. Яны могуць аднаго-другога выпусьціць і чакаць, што скасуюць санкцыі, і гэта будзе бясконцая гісторыя», — сказаў ён.

Віціс Юрконіс

Паводле яго, трэба ўлічыць памылкі, зробленыя ў 2006 і 2010 гадах. «Адзінае справядлівае рашэньне — гэта поўны ціск, сынхранізацыя санкцыяў, найперш для Расеі і Беларусі, каб рэжым у Беларусі не заставаўся ў камфортнай зоне і не ператвараўся ў транзытны вузел для ўсіх тавараў і тым самым удзельнічаў у вайне», — мяркуе Юрконіс.

Віціс Юрконіс падкрэсьліў, што вызваленьне палітвязьняў мусіць быць прыярытэтам ува ўсіх эўрапейскіх сталіцах і суправаджацца санкцыйным ціскам.

«Вельмі шмат можна зрабіць. Вядомыя ўсе пракуроры, усе судзьдзі, якія ўдзельнічалі ў перасьледзе. Адказ павінен быць адразу, іх адразу трэба ўключаць у санкцыйны сьпіс, а не праз два гады. Інакш рэжым будзе лічыць нас слабымі, без палітычнай волі», — патлумачыў ён.

«Галіновыя санкцыі таксама мусяць працягвацца, інакш сыгнал рэжыму Беларусі будзе такі, нібыта мы перагарнулі старонку і забыліся пра палітычных вязьняў», — перакананы Віціс Юрконіс.

Прадстаўніца праваабарончай арганізацыі «Вясна» Натальля Сацункевіч мяркуе, што рост колькасьці палітвязьняў сьведчыць аб недастатковых кроках для іх вызваленьня.

«Трэба рабіць больш, яшчэ больш і шукаць новыя падыходы. [...] Самае простае і самае важнае, што мы можам рабіць, — гэта ведаць і пашыраць інфармацыю, і ў гэтым важную ролю выконваюць незалежныя СМІ», — сказала яна.

Кіраўніца фонду «Краіна для жыцьця» Вольга Зазулінская назвала падзеі ў Беларусі вялікай гуманітарнай катастрофай, супастаўнай маштабам з наступствамі Другой усясьветнай вайны. «Яшчэ шмат-шмат гадоў пасьля таго, як усё закончыцца, мы будзем працаваць з наступствамі гэтай гуманітарнай катастрофы», — перакананая яна.

Cьвяткаваньне 70 гадоў з дня нараджэньня Радыё Свабода. Выступае Алег Грузьдзіловіч. 22 траўня 2024, Вільня

Зазулінская нагадала, шо сёлета ў студзені адбылася беспрэцэдэнтная «зачыстка» сваякоў палітычных зьняволеных, калі мноства людзей затрымалі цягам двух дзён. «Паводле неафіцыйных зьвестак, затрымалі каля 700 сваякоў і валянтэраў. Кагосьці трымалі ў РУУС, кагосьці ў СІЗА, а нехта ўжо сядзіць па абвінавачаньні ў крымінальнай справе толькі за тое, што людзі атрымлівалі харчовую дапамогу, і за тое, што валянтэры дапамагалі сем’ям афармляць гэтую дапамогу», — паведаміла яна.

Кіраўніца фонду «Краіна для жыцьця» Вольга Зазулінская

Вольга Зазулінская дадала, што за кратамі цяпер 207 бацькоў непаўналетніх дзяцей, а ўсяго дзяцей, якія ня бачаць аднаго ці абаіх бацькоў, — 365.

«Калі я выходзіў, я думаў, што сытуацыя будзе паляпшацца, але стала яшчэ горш. І гэта сьведчыць, што не працуюць рэальна ані санкцыі, ані іншыя стрымальныя рэчы. Рэжым у Беларусі дэманстратыўна грэбуе імі й паказвае, што ня будзе ні на што зважаць. Цяпер яны зарабляюць на ўкраінскай вайне. Над гэтым трэба думаць і знаходзіць больш рашучыя захады», — сказаў журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч, які правёў за кратамі 9 месяцаў.

«Самае беларускае СМІ»

Юбілейны вечар завяршыла імпрэза ў Беларускім доме ў Вільні. Тут сабраліся прадстаўнікі беларускай меншыні й дыяспары, а таксама героі публікацыяў беларускай Свабоды. Тут прыгадалі, як пачыналіся перадачы беларускай Свабоды, успомнілі першых яе журналістаў і вядоўцаў — тады, у 1954 годзе, радыё яшчэ мела назву «Вызваленьне».

Людвіка Кардзіс

Прадстаўніца Беларускага дому ў Вільні Людвіка Кардзіс расказала, як Радыё Свабода прысутнічала на розных этапах яе жыцьця.

«У 1991 годзе, калі савецкія войскі занялі будынак дзяржаўнай Літоўскай тэлевізіі і радыё, Літоўскае радыё пачало трансьляцыі з часовага прыстанішча. І беларусам далі штодзённую 10-хвілінную перадачу на беларускай мове. Гэта было ў жывым этэры, мы ўсе былі непрафэсіяналы, тады не было інтэрнэту, за шчасьце было купіць газэту, і таму Радыё Свабода ў мяне гучала з раніцы да позьняга вечара, бо трэба было рыхтавацца да гэтай перадачы», — успамінала яна.

Выступае Алег Грузьдзіловіч

Беларуская Свабода, адрозна ад расейскай і ўкраінскай службаў Радыё, ніколі не рэтрансьлявалася ў Беларусі на FM-хвалях. Як адзначалі на імпрэзе, калі б гэта стала магчымым пасьля развалу Савецкага Саюзу, то, хто ведае, мо і гісторыя новай постсавецкай Беларусі была б іншаю.

«Народ выжывае дзякуючы культуры і мове. І тое, што вы робіце, вельмі важна», — сказаў рэгіянальны дырэктар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джэрэмі Бранстэн, зьвяртаючыся да журналістаў беларускай Свабоды.

Джэрэмі Бранстэн

Былая палітычная зьняволеная Натальля Карнеева, якая брала ўдзел у рэалізацыі праекту Свабоды «Архіпэляг БЕЛАГ», перакананая, што дзякуючы публікацыям Свабоды беларусы як унутры краіны, так і за яе межамі могуць даведацца аб рэальнай сытуацыі ў Беларусі.

Былая палітзьняволеная Натальля Карнеева

«Мы працуем ува ўмовах інфармацыйнай вайны. Гэта вайна на зьнішчэньне. Фактычна ўлады зьнішчылі ўсе незалежныя мэдыя. Другі момант — мы вядзем змаганьне ня толькі і ня столькі з прапагандай Лукашэнкі. Мы вядзём барацьбу з расейскай прапагандай, прапагандай імпэрыі, якая ўступіла ў экзыстэнцыйную вайну з Захадам», — сказаў палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.

Валер Карбалевіч

Паводле яго, цікавасьць аўдыторыі да публікацыяў Радыё Свабоды расьце ў пэрыяды рэзкай палітызацыі, калі людзі разумеюць, што ня могуць знайсьці адказаў на свае пытаньні ў афіцыйных СМІ. «Выбух цікавасьці да незалежных мэдыя ў 2020 годзе — вельмі яскравы паказьнік», — адзначыў ён.

Постэры праекту Свабоды «Архіпэляг БЕЛАГ» на сьвяткаваньні 70 гадоў з дня нараджэньня Радыё Свабода

Былая палітзьняволеная Вольга Такарчук

Гісторык Яўген Красулін, які слухаў беларускую Свабоду падлеткам, мяркуе, што цяпер асабліва важна расказваць, што беларусы ня ёсьць хаўрусьнікамі Расеі ў яе вайне.

Яўген Красулін

«Наша гістарычная задача — пераканаць увесь сьвет у тым, што мы не хаўрусьнікі агрэсара, што мы ня будзем удзельнічаць у гэтым. Найлепшая вайна — тая, што не адбылася», — перакананы Яўген Красулін.

Пісьменьнік і журналіст Сяргей Дубавец мяркуе, што беларуская Свабода — самае беларускае мэдыя. «Гэта мэдыя, якое ніколі ня ведала ні савецкай цэнзуры, ні моўнай рэформы, ні ўплыву „вялікай рускай культуры“, пад які так ці інакш траплялі ўсе беларусы. І вельмі здорава, што сёньня столькі таленавітай моладзі працягвае гэтую вялікую справу», — падкрэсьліў Дубавец.

Сяргей Дубавец

Журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч падпісвае сваю кнігу «Мае турэмныя муры»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Аляксандар Лукашук: Радыё Свабода — там, дзе няма цемнаты Радыё Свабода — 70. «Беларуская служба нарадзілася з намаганьняў беларусаў у Амэрыцы», — Багдан АндрусышынРадыё Свабода — 70. «Я разумеў, які час прыйшоў у Беларусі», — былы дырэктар Беларускай службы пра канец халоднай вайны«У Беларусі цяпер ваююць з журналістамі». Аляксандар Лукашук прэзэнтаваў кнігу пра Радыё Свабода