Сьцісла:
- Адбываецца нарастаньне дэфіцыту замежнага гандлю і пагаршэньне фінансавага стану прадпрыемстваў, рэальнага сэктару.
- Калі прадпрыемства сыходзіць у сталыя страты, то ў яго застаюцца толькі два выйсьці — зьніжаць заробкі альбо зьніжаць занятасьць.
- Большасьць людзей адчуваюць падвышэньне сваіх даходаў і лічаць цяперашні эканамічны стан дастаткова спрыяльным.
- Існуюць перадумовы таго, што тэндэнцыя абясцэньваньня беларускага рубля будзе нарастаць.
— Паводле афіцыйнай статыстыкі, за першыя 4 месяцы году ВУП Беларусі вырас на 5,1 працэнта. І гэта зусім не адпавядае прагнозам як міжнародных структураў, так і незалежных эканамістаў. Што адбываецца, адкуль такі непрадбачаны рост?
— Па-першае, адзначу, што праектаваць вынікі гэтых месяцаў на патэнцыйныя вынікі ўсяго году будзе не зусім карэктна. Па выніках году тэмпы росту будуць адназначна ніжэйшыя.
Але сапраўды гэтыя красавіцкія дадзеныя — пэўная неспадзяванка, бо яны адрозьніваюцца ад таго, што прагназавалася. Тут неяк незвычайна выглядае ўласна красавік, у якім, паводле афіцыйных дадзеных, эканоміка вырасла на 8 працэнтаў.
І калі на пачатку году эканамісты, абапіраючыся на лічбы, казалі, што эканамічная актыўнасьць запавольваецца і гэта будзе адбывацца цягам году, — то ў сакавіку і красавіку адбыўся нечаканы рост. Наконт гэтага сярод эканамістаў адбываецца дыскусія, чым такое можна патлумачыць.
Я б не сьпяшаўся казаць, што гэта нейкая прынцыпова новая рэчаіснасьць. На тое ёсьць дзьве прычыны. Па-першае, ваганьні дадзеных цягам 2-3 месяцаў нярэдка здараюцца і не заўсёды сьведчаць пра трывалую тэндэнцыю.
Па-другое, усе тыя чыньнікі, якія зьяўляюцца бар’ерамі на шляху росту для беларускай эканомікі, застаюцца актуальнымі. Гэта найперш нарастаньне дэфіцыту замежнага гандлю і пагаршэньне фінансавага стану прадпрыемстваў, рэальнага сэктару.
— А якія галіны, сфэры эканомікі далі гэты нечаканы прырост?
— Перш за ўсё прамысловасьць, апрацоўчая прамысловасьць. Амаль палова гэтага росту была забясьпечаная прамысловасьцю. Захоўваецца попыт на пэўныя беларускія тавары з боку Расеі, у некаторых аспэктах ён нават пашыраецца. Гэта найперш тое, што зьвязана з вайной.
Але праблема ў тым, што ў гэтых галінах вытворчыя магутнасьці і так ужо выкарыстоўваюцца напоўніцу, і нарасьціць іх хутка немагчыма. Разам з тым у іншых сфэрах, дзе магутнасьці можна нарасьціць, якраз адчуваюцца праблемы з попытам. Гэта, напрыклад, машынабудаваньне, дзе нарастае канкурэнцыя з кітайцамі на расейскім рынку.
Пытаньне ў тым, ці сапраўды беларускім вытворцам удалося хутка пераарыентавацца на тыя вытворчасьці, на прадукцыю якіх ёсьць попыт. Магчыма, як заўсёды, Менску ўдалося дамовіцца зь нейкім расейскім губэрнатарам пра дадатковыя пастаўкі, што і дало пэўныя вынікі ў статыстыцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пералік відаў дзейнасьці, дазволеных для ІП, вынесьлі на грамадзкае абмеркаваньне— Вы сказалі, што галоўнай праблемай застаецца нарастаньне нэгатыўнага сальда ў замежным гандлі, якое пачалося з канца мінулага году. Ці працягваецца гэтая тэндэнцыя?
— Так, сальда пагаршаецца. З тых лічбаў, якія мы маем, можна назіраць, што гэта адбываецца найперш у гандлі з Расеяй. На кароткатэрміновай дыстанцыі ўлады могуць змагацца з гэтым сваёй любімай тактыкай — адміністрацыйным кіраваньнем імпартам. Выставіць перашкоды перш за ўсё на шляху спажывецкага імпарту. Пакуль у статыстыцы мы гэтага ня бачым.
— У беларускай эканамічнай гісторыі не аднойчы бывала, калі ВУП рос, а стан эканомікі ў цэлым пагаршаўся. То бок прадавалі прадукцыю за бесцань, абы прадаць тое, што было выраблена. Бо галоўнае — выканаць спушчаныя зьверху паказчыкі росту, а не дабіцца эфэктыўнасьці. Зараз адбываецца нешта падобнае?
— Зараз за гэты «банкет» плацяць самі прадпрыемствы. Яны нарошчваюць вал, але пры гэтым істотна пагаршаюць сваё фінансавае становішча. Фактычна на прадпрыемствы пераклалі цяжар разгону эканамічнага росту ва ўмовах абмежаваньня росту цэнаў і падвышэньня рэальных заробкаў.
Рэальныя даходы насамрэч працягваюць расьці. BEROC рэгулярна праводзіць апытаньні беларускіх хатніх гаспадарак наконт эканамічнага самаадчуваньня. І мы бачым, што большасьць людзей адчуваюць падвышэньне сваіх даходаў і лічаць цяперашні эканамічны стан дастаткова спрыяльным.
Аднак расплачваюцца за гэта прадпрыемствы. Гэта фундамэнтальная перашкода для падтрыманьня такога штучнага эканамічнага росту колькі-небудзь працяглы пэрыяд. Існуе пагроза таго, што прадпрыемствы проста акажуцца ня ў стане выконваць свае абавязаньні перад банкамі, пачнуць нарошчваць даўгі. Такія сыгналы ўжо бачныя, з красавіка назіраецца павелічэньне тэмпаў росту крэдыторскай запазычанасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белавусаў будзе ўбудоўваць беларускую эканоміку ў расейскі ВПК больш актыўна, чым гэта рабіў Шайгу, — расейскі палітоляг Марозаў— Аднак людзей, якія атрымліваюць большыя даходы, фінансавы стан прадпрыемстваў, магчыма, ня вельмі і хвалюе?
— Калі прадпрыемства сыходзіць у сталыя страты, то ў яго застаюцца толькі два выйсьці — зьніжаць заробкі альбо зьніжаць занятасьць. Цяпер многія прадпрыемствы, як дзяржаўныя, так і прыватныя, вымушаныя падвышаць заробкі сваім работнікам, зыходзячы зь няхваткі працоўнай сілы на рынку, — нават губляючы свой прыбытак. Але такая лёгіка ня можа дзейнічаць бясконца, толькі пакуль гэты прыбытак ёсьць. Калі ён скончыцца, давядзецца або звальняць людзей, або зьніжаць заробкі.
Другое — назапашаны вельмі істотны патэнцыял для інфляцыі. Як толькі ў пэўны момант уладам прыйдзецца здымаць дырэктыўнае рэгуляваньне цэнаў, то прадпрыемствы, каб палепшыць свой стан, пачнуць падвышаць цэны. І магчымы даволі моцны інфляцыйны шок, што ўдарыць па дабрабыце людзей.
І самае балючае, што можа адбыцца, — калі прадпрыемствы і фірмы ня змогуць выконваць свае абавязаньні перад банкамі. Гэта можа стварыць пагрозу вялікіх фінансавых праблем па ўсёй краіне, што здольна выклікаць нават хаос на фінансавым рынку.
— Тады варта запытацца, наколькі зараз існуе імавернасьць істотнага падзеньня нацыянальнай валюты?
— Абясцэньваньне беларускага рубля ўжо адбываецца. Нагадаю, што за 2023 год рубель зьнізіўся да даляра на 16%. Існуюць перадумовы для таго, што гэтая тэндэнцыя будзе нарастаць. Галоўнае, паўтаруся, гэта нэгатыўнае сальда замежнага гандлю.
Трэба зьвярнуць увагу і яшчэ на адну фундамэнтальную прычыну — вялікую прывязанасьць да расейскага рубля. І відавочна, што ў расейскага рубля будуць адбывацца скачкі курсу. Пакуль Цэнтрабанк РФ праводзіць даволі жорсткую палітыку, але ўсё гэта можа зьмяніцца ў залежнасьці ад палітычных і ваенных чыньнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У першым квартале ў Беларусі звольнілі на 3,1% больш працаўнікоў, чым нанялі, — Белстат